Ігар Стралкоў-Гіркін пра сваю паездку ў Беларусь: Ужо ў 2005 годзе там ішла ліцвінская прапаганда
У асяроддзі Аляксандра Лукашэнкі існуе магутнае лобі канчатковага разрыву з Расіяй, якое паслядоўна займаецца вырошчваннем антырасійскі настроенай моладзі. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Самары заявіў былы міністр абароны самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР), экс-супрацоўнік ФСБ Расіі Ігар Гіркін, вядомы як Ігар Стралкоў, паведамляе «Политнавигатор».
«У 2005-м годзе, восенню, адразу па завяршэнні апошняй сваёй чачэнскай камандзіроўкі я быў накіраваны па абмене — там абмен быў паміж іх КДБ і нашым ФСБ, і там тры тыдні я быў на стажыроўцы, у Мінску. За гэтыя тры тыдні я шмат чаго даведаўся і шмат, чаго ўбачыў, а далей трэба было толькі чытаць і шліфаваць атрыманую інфармацыю.
Ужо тады, у сярэдзіне «нулявых», у Беларусі ішла ліцвінская прапаганда, вельмі сур'ёзная, па цэнтральных тэлеканалах. Скіраванасць гэтай прапаганды была вельмі выразна бачная, асабліва мне як спецыялісту. Падтрымка гэтай ліцвінізацыі з боку ўладаў таксама была бачная простым вокам. Але, вядома, яна праводзілася мякка.
Тагачасныя беларускія калегі з тых, хто больш-менш гатовы быў мець зносіны, таму што ўжо тады з боку моладзі адчувалася вельмі сур'ёзнае адчужэнне, людзі старэйшыя яшчэ думалі маштабамі адзінай краіны, яны казалі, што ў атачэнні Лукашэнкі існуе сур'ёзнае ліцвінскае лобі, празаходняе, якое займаецца ідэалогіяй…
Тыя акуратна, не спяшаючыся выхоўваюць моладзь і ўсё грамадства ў сепаратысцкіх ад асноўнай Расіі ідэях… Упор рабіўся на польскасць, на захад, на каталіцтва або ўніяцтва і на «крывавы царскі рэжым, які жорстка здушыў паўстанне», — заявіў Стралкоў.
Стралкоў — адзін з актыўных удзельнікаў канфлікту на Данбасе, эскалацыя якога адбылася, па яго ж прызнанні, праз яго дзеянні. Ён кіраваў апалчэннем у Славянску, пасля чаго ўкраінскія ўлады ўпершыню абвясцілі аб правядзенні ў рэгіёне антытэрарыстычнай аперацыі. Пасля быў міністрам абароны «ДНР» і камандуючым яе арміяй, а таксама адным з ідэолагаў «Наваросіі». Ён знаходзіцца пад персанальнымі санкцыямі Еўрасаюза і ЗША, улады Украіны лічаць яго тэрарыстам. У Расіі Стралкоў, былы вайсковец і адстаўны палкоўнік ФСБ, мае статус ваеннага пенсіянера, часта выступае экспертам на радыё і ў медыя.
Каментары