Парламенцкая кампанія выйшла на той этап, калі людзям прапануюць зрабіць канчатковы выбар між кандыдатамі. Для таго, каб людзі не памыліліся з абранцам, прапаноўваецца ўбачыць іх даходы за 2018 год.
Даход — гэта не толькі заробак з асноўнага месца працы, гэта можа быць і продаж нейкай маёмасці, і ганарары, і падпрацоўкі. Але гэтая лічба ўсё адно дазваляе пабачыць, як і дзе жыве кандыдат.
Марыя Васілевіч
22-гадовая «Міс Беларусь» Марыя Васілевіч адна з найбольш яркіх і медыйных асобаў. Спадарожніца Аляксандра Лукашэнкі вылучаецца па Кальварыйскай акрузе ў Мінску.
Васілевіч працуе рэдактарам на Белтэлерадыёкампаніі. Тым не менш, на тэлебачанні яна адпрацавала далёка не ўвесь год. Прыбытак Марыі за 2018 год склаў 15 100 рублёў. Калі разлічыць гэта па месяцах, то ў сярэднім выходзіць 1250 рублёў.
Таксама ва ўласнасці Васілевіч ёсць кватэра ў Мінску плошчай 41,5 квадратных метра, а таксама легкавік. Праўда, чамусьці не пазначаецца яго марка.
Генадзь Давыдзька
Старшыня «Белай Русі» вылучаны кандыдатам па Усходняй акрузе Мінска. Ягоным канкурэнтам па акрузе з’яўляецца прадстаўнік Партыі БНФ Зміцер Каспяровіч.
У пачатку 2018 года Генадзь Давыдзька яшчэ ўзначальваў Белтэлерадыёкампанію, але ў лютым быў заменены на Івана Эйсманта. Тым не менш, на БТ Давыдзька працягваў весці перадачу «Клуб рэдактараў».
Даход спадара Давыдзькі атрымаўся дастаткова ўнушальным. За 2018 год ён займеў 83 тысячы рублёў. У сярэднім на месяц гэта выходзіць каля 7 тысяч рублёў.
У Генадзя Браніслававіча ва ўласнасці яшчэ аднакватэрны дом у Бабруйску, а таксама зямельныя ўчасткі ў Бабруйскім раёне.
Ну і не забывайце пра надзел Давыдзькі ў Драздах. Пры гэтым старшыня «Белай Русі» фармальна яшчэ не здаў катэдж у эксплуатацыю, хоць хваліўся, што ўжо адсвяткаваў наваселле.
Для параўнання, у Каспяровіча гадавы даход склаў 21 тысячу 600 рублёў. Ва ўласнасці ў кандыдата кватэра і два аўтамабілі.
Лілія Ананіч
Былая міністарка інфармацыі балатуецца па Барысаўскай сельскай акрузе. Гэта малая радзіма Ліліі Ананіч, яна нарадзілася ў вёсцы Леванова. Кандадытка вядзе дастаткова актыўную кампанію, амаль штодня рапартуючы аб праведзеных сустрэчах у фэйсбуку і інстаграме.
На сёння Ананіч — намесніца старшыні грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын». За 2018 год яе даход склаў 21 тысячу 640 рублёў. Калі разбіць на дванаццаць месяцаў, то атрымліваецца нешта каля 1800 рублёў.
Ва ўласнасці Ананіч таксама катэдж у аграгарадку Сёмкава пад Мінскам плошчай 290 квадратных метраў, а таксама аўтамабіль «Таёта Авенсіс» 2006 года.
Па акрузе таксама ідзе галоўны пажарны Барысаўскага раёна Уладзімір Пікуза. Ягоны даход за год склаў 31 тысячу рублёў.
Ігар Марзалюк
Гісторык, археолаг Ігар Марзалюк у другі раз спрабуе патрапіць у парламент па Магілёўскай-Ленінскай акрузе №84. Апроч дэпутацтва, Марзалюк усё яшчэ выкладае ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова.
Даход Марзалюка за 2018 год склаў 63 тысячы 88 рублёў. У пераводзе на месяцы гэта складае каля 5250 рублёў. Цалкам сабе прыстойныя грошы для Магілёва. У Марзалюка таксама маецца кватэра плошчай 62,8 метра.
Самым багатым кандыдатам па Магілёве стаў дырэктар вагонабудаўнічага завода Віталь Мартынаў. Яго даход склаў 69556 рублёў. Таксама ў яго ўласнасці кватэра, дом і гараж.
Звяртае на сябе ўвагу таксама вылучэнец кампаніі «Легалайз Беларусь» Міхась Варанцоў. Ён таксама вылучаецца ў Магілёве і пазначаны як беспрацоўны. Тым не менш, за мінулы год ягоны даход склаў 39 тысяч рублёў. Выходзіць больш за 3 тысячы на месяц.
Тэнгіз Думбадзэ
Вядучы АНТ ідзе на выбары па мінскай Партызанскай акрузе №110. Даход Думбадзэ пазначаны як 25 тысяч рублёў. Гэта значыць, штомесяц ён мае каля 1 тысячы даляраў.
Напрыклад, па гэтай жа акрузе дырэктар каледжа прадпрымальніцтва Віктар Малатоўнік мае за 2018 год амаль 40 тысяч рублёў.
Старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч задэклараваў за 2018 год 22 тысячы рублёў даходу. Гайдукевіч ідзе на выбары па Каліноўскай акрузе.
Марына Лянчэўская
Кіраўніца сакратарыята старшыні праўлення «Беларусбанка» Марына Лянчэўская — кандыдатка ад уладаў па Заходняй акрузе Мінска.
За 2018 год Лянчэўская мела 120 тысяч рублёў даходаў. Лёгка падлічыць, што гэта каля 10 тысяч рублёў на месяц. Лянчэўская — дачка колішняга намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандра Папкова. Таксама ва ўласнасці Лянчэўскай кватэра плошчай 130 кв.м. і аўтамабіль.
Пасол Беларусі ў Турцыі Андрэй Савіных летась зарабіў 46 тысяч еўра. Яго месячны заробак такім чынам складае 3800 еўра. Плюс да ўсяго ў Савіных таксама накапала 8500 беларускіх рублёў. У некаторых кандыдатаў гэта заробак за цэлы год.
Каментары