Грамадства

«А сэнс арандаваць кватэру?» Гісторыя беларускай пары, якая жыве ў аўтадоме і падарожнічае па Еўропе

Ягор — PM, працуе ў кампаніі ў Польшчы. Жыве тамсама — калі так можна наогул казаць пра яго і ягоную жонку Дар’ю. Таму што большую частку года маладыя людзі жывуць у зялёным фургоне з белым дахам, пераязджаючы з месца на месца, з краіны ў краіну. Пара падзялілася з dev.by сваёй гісторыяй — як уазік-«буханка», у якім у 80-х перавозілі чорны метал, стаў для іх домам. 

«Купіў фургон за $1000 і перарабіў за $2000-3000»

— Сама ідэя з’явілася ў мяне годзе гэтак у 2016: я тады яшчэ вучыўся ва ўніверсітэце і купіў сваю першую машыну — старую Mazda 626, — расказвае Ягор.

Тады па целіку круцілі рэкламу Coca-Cola, і ў ёй мільгала карта на даху машыны. Мне стрэльнула ў галаву думка наляпіць у сябе на даху карту Беларусі — і адзначыць на ёй усе славутасці.

Калі пасля пар дадому ехаць не хацелася, я адкідваўся на сядзенне і выбіраў, куды паеду: напрыклад, чаму б не зганяць у Брэст на пару гадзінак пагуляць.

Ва ўсіх падарожжах мяне больш за ўсё квяліла тое, што трэба вяртацца назад, — зноў ісці ва ўнівер, на працу. Я думаў: вось бы знайсці спосаб падарожнічаць і жыць у машыне. І ў той момант Instagram стаў падкідваць мне карцінкі з падарожжамі на аўтадамах — так і пайшло-паехала… 

Калі я пачаў цікавіцца гэтай тэмай, пабудаваць дом на колах каштавала $70-80 тысяч, казалі людзі — гэтая сума здавалася мне непад’ёмнай. Таму доўгі час маім варыянтам быў легкавік + намёт.

Але ў 2018 годзе я паехаў на выходныя ў Літву на Куршскую касу і пазнаёміўся там з немцам, які падарожнічаў на старым фургоне 90-х гадоў. Я ўпершыню на свае вочы ўбачыў сваю мару. Я распытваў новага знаёмага пра ўсё: і як ён працуе, і дзе бярэ ваду і электрычнасць, колькі каштавала пераробка. І вось на апошняе пытанне ён адказаў, што купіў фургон за $1000 і перарабіў яго за $2000—3000. Вох, а вось гэта было ўжо мне пад сілу! 

У 2019 годзе я скончыў універ і ўладкаваўся ў IBA — і з першай жа прэміі купіў фургон 1985 года за $1000 і пачаў яго перарабляць. 

«У фургоне не засталося ніводнае шрубкі, якая б не круцілася»

Фургону на момант пакупкі было каля 35 гадоў. Ён выкарыстоўваўся для перавозкі чорнага металу — і быў забіты ў хлам. Калі мы пачалі яго разбіраць, выявілася, што падлогі ў ім практычна не было. За яго пераварку і афарбоўку я аддаў яшчэ $3000. 

Усе знаёмыя круцілі пальцам ля скроні і казалі, што задума дурная — нічога з яе не выйдзе, дый дорага. Але я нікога не слухаў: «Я ўсё зраблю сам!» Пакуль сябры майго дзядзькі год «варылі» падлогу ў фургоне, я зрабіў рамонт у бацькавым гаражы (тата купіў яго, каб захоўваць там прычэп, колы — ну і так па дробязі) — заліў падлогу, уцяпліў.

Потым я забраў машыну — і яшчэ год, а то і два я займаўся ёю: памяняў рухавік і каробку, перабраў усю тармазную сістэму. У фургоне не засталося ніводнае шрубкі, якая б не круцілася. 

Я навучыўся рабіць усё: машына ж старая, трэба разумець, як яна ўладкаваная — калі ў дарозе заглухнеш у іншай краіне, не факт, што мясцовыя жыхары табе дапамогуць.

Я ўжо скончыў працаваць з механікай, калі пазнаёміўся з Дар’яй — і яна дапамагала мне зрабіць «унутранку» ў фургоне: мы распланавалі шафы і кухню, паставілі ложак.

— Гэта тая гісторыя, у якой жонка ні словам не папракне мужа праз тое, што той знікае ў гаражы, бо яна знікае там жа, — смяецца Даша. 

Першы пробны выезд мы зрабілі ў 2021 годзе — на Дуброўскае вадасховішча, што пад Мінскам, нейкі час пажылі на Мінскім моры і з’ездзілі на Іслач. Пакаталіся — зразумелі, што яшчэ трэба дарабіць па дробязях. І пачалі займацца пытаннем пераафармлення машыны ў аўтадом.

Каб ані на мяжы, ані ў даішнікаў у якой заўгодна краіне не было да цябе пытанняў, у тэхпашпарце машыны мае быць пазначана, што гэта аўтадом. Бо інакш гэта легкавы фургон — і ўсё, што зроблена ўнутры, па-за законам. 

«Тут такая рэч — змена колькасці месцаў у аўтамабілі забароненая на заканадаўчым узроўні»

З пераафармленнем нам пашанцавала — мы заскочылі ў апошні вагон. 

Яшчэ пакуль машыну пераварвалі, я пісаў і ездзіў у ДАІ, каб даведацца, як гэта ўсё аформіць. Мне сказалі: калі ўсё зробіш, прыедзеш да нас, папросіш накіраванне на экспертызу ў лабараторыю — мы яго табе дамо, а пасля памяняем дакументы. Ніякіх складанасцяў!

Але калі мы ўсё скончылі ў 2022 годзе — прыехалі ў ДАІ, а нам кажуць: «Спадарства, тут такая рэч — ад нядаўняга часу змена колькасці месцаў у аўтамабілі забароненая на заканадаўчым узроўні». То-бок два тыдні таму было яшчэ можна — а цяпер ужо няможна. 

У нас рукі апусціліся: «Як так?!. Мы 3 гады пакутавалі, рабілі — а цяпер усё…» У нас з сабой быў пісьмовы адказ на зварот — так што начальнік пайшоў нам насустрач. «Добра, напішыце заяву, што мы раней выдавалі вам заяву на экспертызу — але вы яе згубілі». Мы напісалі — і нам паўторна выдалі накіраванне. 

На ўсё сышло каля 600 рублёў і месяц часу — і дакументы і нумары на аўтадом былі ў нас у руках. 

«Дзе хутка зробяць візы?» — «У Турцыі»

Цяпер у нас ужо другі варыянт фургона: у першага быў нізкі дах. Ён быў крыху меншы за маршрутку — як уазік-«баханка». Вышыня ўнутры — нешта каля 150 см у самым высокім пункце. 

Аднак там было ўсё для камфортнага жыцця: душ, біятуалет, халодная і гарачая вада, электрычнасць — і, адпаведна, святло і зарадкі для ноўтбукаў. 

— А яшчэ ложак, кухонная зона, шафа, лядоўня, бак для вады на 100 літраў і бойлер на 10, — дадае Дар’я.

Скончыўшы з пераафармленнем фургона, мы адправіліся ў Польшчу, бо на той момант мы атрымалі візы PBH і пераехалі. І… у першы ж дзень згубілі ўсе дакументы: пасведчанні, пашпарты ды іншае. Яны ляжалі ў партманэ, і яно, відаць, выпала ў траву, пакуль мы перацягвалі рэчы з машыны ў нашую кватэру ў Варшаве — але мы выявілі гэта праз тыдзень. Пайшлі шукаць — і, вядома, нічога не знайшлі.

Спачатку мы былі ў паніцы: «Што рабіць?!» Тут жа рванулі ў амбасаду ў Варшаве — але там сказалі: «Дапамагчы не можам — запісвайцеся!» А запіс — на некалькі месяцаў наперад, што нас, вядома ж, не задавальняла. Тады мы патэлефанавалі ў амбасаду ў Беластоку, а там адказалі: «Прыязджайце хоць заўтра — аформім вам «вяртанне на радзіму».

З гэтым «вяртаннем» мы зноў паехалі ў Беларусь — усяго праз тыдзень, як прыехалі адтуль. 

Дакументы мы аднавілі, але для вяртання ў Польшчу нам патрэбныя былі візы, бо ДНЖ у нас яшчэ не было. Мы патэлефанавалі на мяжу, спыталі, ці пусцяць нас так — «не». Я напісаў на працу, мне адказалі, што ў Беларусі час чакання візы складае некалькі месяцаў. 

Заказчык дазволіў нам працаваць з Беларусі да жніўня 2022 года. А на двары быў ліпень. Дзялы! Я зноў напісаў на працу, папрасіў даведацца, дзе хутка зробяць візы. Тут варта зрабіць рэмарку: мая жонка марыла ў першую паездку адправіцца ў Кападокію, — і вось мне адказваюць: «У Турцыі». Так і пачалося нашае першае вялікае падарожжа.

Праз Расію і Грузію мы дабраліся да Турцыі, зрабілі дакументы, а затым вярнуліся ў Польшчу праз Грэцыю, Італію і іншыя краіны. 

— І гэта толькі на словах хутка, а па факце нашая дарога заняла больш за паўгода, — дадае Дар’я.

«Увесь свет — наш вялікі дом»

Калі мы жывем у доме на колах, у нас трохі змяняецца погляд. Мы не ставімся да фургона, як да кватэры, хутчэй гэта пакой, а ўвесь свет — наш вялікі дом.

У добрае надвор’е мы спыняемся дзе-небудзь на беразе мора (як тады, калі мы былі ў Турцыі), выстаўляем стол і крэслы на вуліцу — і я працую на свежым паветры.

У мяне дамоўленасць з маёй кампаніяй: не важна, дзе я знаходжуся, — я працую па польскім графіку. Заказчыку было ўсё адно, дзе я, важна толькі, каб я не парушаў правілаў праекта: калі, паводле іх, супрацоўнікі не павінны знаходзіцца на тэрыторыі Славакіі, напрыклад, — то значыць, я не павінен працаваць адтуль. 

Звычайна я пішу свайму кіраўніку: «Збіраюся туды і туды, ці можна?» Ён адказвае: «Так, без праблем!» — і мы едзем. 

Я купіў роўтар 4G, і ў кожнай краіне мы купляем сімку для яго. Самы танны інтэрнэт у Грэцыі — нешта каля 6,5 еўра за безліміт (у Польшчы, дарэчы, таксама інтэрнэт недарагі і найлепшы па якасці — выдатна ловіць нават высока ў гарах). У астатніх краінах інтэрнэт так сабе: для працы хапае, але штосьці вялікае пампуеш з праблемамі. 

Самы дарагі інтэрнэт у Чэхіі. У іх няма безліміту ў прынцыпе, і ў нас выходзіла каля $30 за 3 дні — гэта 30 Гб: відэа-канферэнцыі, сазвоны, спампоўка файлаў па працы, загружаем файлы, глядзім фільмы па вечарах. Мы звычайна не абмяжоўваем сябе — стараемся жыць у аўтадоме так, як жылі б проста ў кватэры. 

Цяпер у нас ужо другая версія фургона — мы памянялі дах на высокі. У аўтадоме з нізкім дахам было горача — асабліва ў Кападокіі, гэта ж амаль пустыня, паветра награваецца ўмомант.

Мы сталі за 10 метраў ад пляцоўкі, дзе ўзлятаюць паветраныя шары — і там расло ўсяго адно высокае дрэва. І на працягу дня мы перапаркоўваліся некалькі разоў, ідучы за яго ценем. Толькі гэта ратавала. 

Потым купілі вентылятар. Было цяжка, гэта праўда — але пакуты былі таго вартыя: не перадаць уражанні ад таго, як гэта прыгожа — калі ў небе столькі шароў.

«Мінімальная тэмпература, пры якой мы жылі ў аўтадоме, — мінус 22 градусы»

Вярнуўшыся з падарожжа, ў тым жа 2022 годзе мы з’ездзілі ў Беларусь і паставілі высокі дах. Рабілі гэта з сябрамі. Справіліся за тыдзень. 

Сам дах каштаваў $500 — ён быў у такім сабе стане. Мы спілавалі яго, аднавілі і паставілі да сябе на фургон. Агулам выдаткавалі каля $600. 

У дакументах на машыну ў нас не пазначаная вышыня машыны, ёсць толькі запіс: «аўтадом». Таму дакументы мяняць не прыйшлося. Я толькі яшчэ раней папрасіў асобна пазначыць, што ў нас дах белы — так што трэба было яшчэ пафарбаваць яго ў белы колер.

Высокі дах дазволіў нам паставіць выцяжку, а яшчэ мы зрабілі адчыняльныя вокны ў двух месцах — праз гэта ствараецца добрая цяга і фургон выдатна прадзімаецца. У спёку тэмпература ў аўтадоме заўсёды ніжэйшая, чым на вуліцы, нават калі мы стаім на сонцы.

Узімку таксама ніякіх праблем. Наш аўтадом уцеплены — паколькі я планаваў выкарыстоўваць яго і ў холад, і ў спёку, і ў гарах і на моры. Плюс у нас ёсць цеплавая гармата, якая працуе ад дызеля. Мінімальная тэмпература, пры якой мы жылі ў аўтадоме — мінус 22 градусы, але ў памяшканні ў нас было плюс 20, і гармата працавала ледзь не на мінімуме. 

«Пераправіць фургон у Амерыку летам наступнага года — $3990 у адзін бок» 

Улетку Літва, Латвія і Эстонія забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю аўтамабілям на беларускіх нумарах — гэта стала непрыемнай весткай для мяне. Я марыў вярнуцца на сваім аўтадоме ў Літву на Куршскую касу — туды, дзе пазнаёміўся з тым немцам, і «закальцаваць маршрут». На жаль, цяпер ужо не атрымаецца гэта зрабіць.

Я часам думаю, ці не паставіць аўтадом на польскія нумары. З аднаго боку, гэта вельмі зручна — і можна будзе здзейсніць мару. А з другога — дорага: нам заламалі вельмі высокую цану — штосьці каля $3000—4000. А з трэцяга боку — ад беларускіх нумароў цёпла на душы, і пазбаўляцца ад іх не хочацца.

Лепш мы патрацім гэтыя грошы па-іншаму. Мы хочам паехаць у Амерыку. Я ўжо даведаўся, колькі будзе каштаваць пераправіць туды фургон летам наступнага года, — $3990 у адзін бок. 

Калі планаваць вялікі маршрут па Амерыцы — аб’ехаць усе штаты, з’ездзіць у Канаду — гэта на 100% акупляецца, бо столькі каштуе жытло ў тым жа Нью-Ёрку. Арэнда аўтадома на месцы на некалькі месяцаў таксама ўляцела б у капеечку. 

Вядома, перш трэба штосьці вырашыць з працай, бо мы хацелі б паехаць не менш, чым на паўгода, — а ў Амерыцы іншы часавы пояс: трэба мяняць увесь графік, каб не працаваць начамі.

Ёсць і іншыя перашкоды. Так што пакуль гэта больш мары — мы з жонкай паміж сабой абмяркоўваем, як было б крута адправіцца туды на Алімпійскія гульні. Бо сёлета мы ездзілі на гульні ў Парыж — і нам хацелася б цяпер з’ездзіць на Алімпіяду ў Лос-Анджэлес. Закальцаваць, так бы мовіць.

«А сэнс арандаваць? У нас ёсць дзе жыць, мы можам падарожнічаць і глядзець свет»

Пакуль мы паўгода падарожнічалі вакол Чорнага мора — «па візу і назад» — нашая арандаваная кватэра ў Варшаве стаяла пустая і «зжырала» штомесяц каля 30% нашага даходу. Але мы не маглі ад яе адмовіцца, бо ў той момант ужо падаліся на ДНЖ, — у нас павінна было быць нейкае жытло, адрас. 

Вярнуўшыся ў Польшчу, мы паставілі высокі дах у фургоне — і тут жа заняліся яго пераробкай, каб па завяршэнні тэрміну арэнды пераехаць у аўтадом. Ну, а сэнс арандаваць? У нас ёсць дзе жыць, мы можам падарожнічаць і глядзець свет і пры гэтым працаваць і зарабляць грошы. 

…Мы ўцяплілі верх, перапланавалі шафы.

Па кошце выйшла нават крыху танней, чым было б у Беларусі, бо ў Польшчы прасцей дастаць патрэбныя матэрыялы — кантролеры, акумулятары, я ўжо не кажу пра ашалёўку і мэблю. Тут развітая культура аўтадома: вельмі шмат крамаў, якія прапаноўваюць кучу ўсяго для будаўніцтва.

Я зноў рабіў усё сам — разам з жонкай.

— Як мы сварыліся! — смяецца Дар’я. — Ягор вельмі практычны чалавек: яму трэба, каб рэч прыносіла карысць, і не так важна, як яна выглядае. А для мяне вельмі важная эстэтыка. І мы сварыліся штодня. У нас сцены з вагонкі — і я білася за кожны міліметр: каб дошчачкі ўставалі вуглік да вугліка. Ягор жа рабіў на вока — як адпілаваў, так адпілаваў, без фанатызму!

Скончылі мы ў чэрвені, пакаталіся па краіне, знайшлі касякі — і за верасень давялі ўсё да розуму. Скончылі дзень у дзень — і на год з’ехалі ў вялікае падарожжа, вярнуліся толькі ў кастрычніку 2024 года. 

«Жыццё ў аўтадоме ў 2 разы таннейшае, чым у кватэры ў Варшаве. На месяц у нас сыходзіла 1700 злотых»

Жыць у доме на колах не так ужо складана. У Еўропе ёсць такія паняцці, як кемпінг і паркінг. Розніца паміж імі такая: кемпінг — гэта калі ты выносіш штосьці на вуліцу, напрыклад, крэслы і столік, дастаеш «маркізу» — навясны тэнт.

Ладзіць кемпінг у цэнтры горада няможна, але проста прыпаркавацца ніхто не забараняе. Галоўнае — выконваць правілы паркоўкі: не выязджаць за лініі, стаяць выразна па разметцы, не адчыняць акна (але часам паліцыя не звяртае на гэта ўвагі).

Ёсць спецыяльная праграма Park4night — у ёй людзі, як мы, дзеляцца месцамі для стаянкі. Перш чым ехаць у нейкае месца, мы загадзя шукаем, дзе спыніцца, чытаем і аналізуем водгукі. Праз гэтую праграму таксама можна знайсці пункты, дзе заправіцца чыстай вадой і зліць брудную, пачысціць біятуалет.

Жыццё ў аўтадоме з улікам падарожжаў выйшла ў 2 разы таннейшым, чым у кватэры ў Варшаве. Мы год падарожнічалі — у сярэднім на месяц на дом на колах у нас сыходзіла 1700 злотых (каля 400 долараў): на паліва, платныя дарогі, абслугоўванне. 

Самы вялікі артыкул нашых выдаткаў — 1300 злотых на паліва, машына ў нас старэнькая, а яшчэ высокая і цяжкая, таму ў яе вялікі расход — штосьці каля 12-13 літраў на 100 км, гэта вельмі шмат. 

— Але мы не завязаныя на паліве, — перахапляе ініцыятыву ў размове Дар’я. — Мы нікуды не спяшаліся, а падарожнічалі ў сваё задавальненне, аднаго поўнага бака нам хапала на месяц, бо мы маглі правесці тыдзень дзе-небудзь на моры, не выязджаючы, нават не заводзячы машыны.

У падарожжы па Турцыі мы знайшлі новых сяброў — яны запрасілі нас да сябе ў кемпінг. Мы прастаялі там месяц, і яны не ўзялі з нас ані капейкі, хоць мы карысталіся вадой і электрычнасцю. 

Яшчэ месяц мы таксама прастаялі ў Салоніках — на паркоўцы каля крамы, дзе прадаюць усё для аўтадамоў. Хлопцы сказалі: можаце стаяць, колькі хочаце, і дазволілі карыстацца бясплатна электрычнасцю і вадой. 

«Рабаўнікі ведалі, што шукаць — забралі інвертары, помпу для вады, інструменты, роўтар»

Ці гатуем мы ў падарожжах — усё залежыць ад месца. Жонка любіць гатаваць, таму ў нас у аўтадоме стаіць поўнапамерная лядоўня.

— У нас велізарная кухня з раскладным столікам, — тут жа ўключаецца ў гутарку Дар’я. — Вялізная лядоўня — мы ў нікога больш такой не бачылі, яна як дома. Ёсць пераносная пліта, каб можна было гатаваць на вуліцы, і паходная духоўка, яна ставіцца на пліту.

Калі мы спыняемся ў горадзе, мы абедаем і вячэраем у рэстарацыях, кавярнях, ядзім стрыт-фуд — прычым стараемся знайсці месцы, папулярныя ў мясцовых жыхароў. У Салоніках за 5 км ад паркоўкі, дзе мы стаялі, была вёсачка — і мы часта ездзілі туды на роварах, каб купіць гірас. У мясцовым рэстаранчыку вечна было бітком — там падавалі неверагодна смачны гірас. 

Але калі нас аднойчы абрабавалі, мы зразумелі: не варта паркавацца ў горадзе, трэба знайсці кемпінг і спыніцца там.

Гэта было ў Варшаве: мы толькі вярнуліся з таго паўгадавога падарожжа, прыпаркаваліся каля дома, перанеслі ўсе рэчы — а праз тыдзень выявілі, што наш фургон абчысцілі. Прычым рабаўнікі ведалі, што шукаць — забралі інвертары, помпу для вады, усе інструменты, якія я вазіў з сабой, Дашыну любімую пліту, роўтар і нават гумовую качачку.

Цяпер мы ўсюды шукаем кемпінгі. У Парыжы мы таксама здымалі кемпінг. Прычым на Алімпійскія гульні кошт месцаў быў проста касмічным — 128 еўра за ноч (пры сярэднім кошце ад 20 да 35 еўра). 

«Бывала, едзеш па бясплатнай дарозе, глядзіш направа — а там горы смецця 2-3 метры ў вышыню»

У нашых падарожжах было ўсякае… Былі краіны, у якіх хацелася б застацца даўжэй, і краіны, у якія не вельмі хацелася б вяртацца.

Мы вельмі хутка праехалі Славакію, бо мне няможна там працаваць. Румынію прамінулі за дзень, так хацелі хутчэй адтуль уцячы. Калі поўнач Румыніі — гэта прыемнае месца, то поўдзень — па-сапраўднаму страшнае: ты едзеш — а вакол разбураныя дамы, цэлыя вёскі разбураных дамоў, і між іх адзін цыганскі палац. 

— Там былі вуліцы са смецця, — дадае Дар’я. — Мы едзем, а па абодва бакі дарогі горы старых, нікому не патрэбных рэчаў. Мы баяліся спыніцца, бо думалі, што наш фургон за гадзіну разбяруць на запчасткі.

Што яшчэ непрыемна здзівіла — поўдзень Італіі. Магчыма, тым, хто жыве ў гатэлях і не бачыць, што дзеецца па-за межамі гарадоў, там падабаецца. Але там такі жах! Мы праехалі ўвесь поўдзень Італіі — ад абцаса да носа бота — і паўсюль бруд, дарогі паскудныя. 

Бывала, едзеш па бясплатнай дарозе, глядзіш направа — а там горы смецця 2-3 метры ў вышыню: канапы, покрыўкі, разбітыя і згарэлыя машыны… Здаецца, што гэта сметнік, але не, гэта вуліца. 

Каментары

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента10

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента

Усе навіны →
Усе навіны

У 52 гады памёр лукашэнкаўскі прапагандыст Дзмітрый Крат14

Блакітнае святло смартфонаў выклікае заўчаснае палавое даспяванне дзяцей — вучоныя2

СБУ паказала рэшткі расійскай ракеты «Арэшнік»1

Што ў згубленых пасылках, якія прадаюць па 10 рублёў? Журналісты правялі эксперымент

«Нібыта людзі з іншай планеты». Чым уразіла Беларусь замежнікаў, якія прыехалі па бязвізе14

Модны аўтамат з нашумелым кобрынскім марозівам паставілі ў Мінску2

На волю выйшла гомельская велаактывістка Святлана Кароль

Як беларусы жылі па драўляным календары. Усё жыццё змяшчалася на простым кійку3

Тварожны пірог з бруснічным варэннем — рэцэпт

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента10

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента

Галоўнае
Усе навіны →