Улада

«Быў страх, што падарвёмся ў машыне разам са Святланай». Знаёмімся з Марыяй Мароз, якая жыве з Ціханоўскай у Вільні і кіруе новым фондам

Марыя Мароз гадавала дачку і сына, займалася з мужам бізнэсам і падумвала з’язджаць з Беларусі. Але перад выбарамі-2020 жыццё закруцілася так, што магло б стаць асновай для нядрэннага кіно: збор подпісаў за Сяргея Ціханоўскага, пасля — кіраўніцтва штабам яго жонкі Святланы, некалькі затрыманняў і прафілактычныя размовы, тэрміновы ад’езд за мяжу… Цяпер Марыя ўзначальвае фонд «Краіна для жыцця».

Паспрабавалі разабрацца, у чым адрозненне гэтага фонда ад астатніх існуючых, і як яшчэ адна жанчына, якая ніколі раней не цікавілася палітыкай, стала важным чалавекам у камандзе кандыдаткі ў прэзідэнты.

Марыя Мароз нарадзілася ў Полацку, скончыла Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Сярод сваіх найлепшых якасцей называе здольнасць арганізаваць людзей, сабраць іх у каманду

— Напярэдадні выбараў вы хацелі з’язджаць з Беларусі ўсёй сям’ёй, але ў выніку засталіся, сталі членам ініцыатыўнай групы Сяргея Ціханоўскага. Чаму?

— У нас з мужам быў сямейны бізнэс: тры крамы рознічнага гандлю і кавярня. І неяк спачатку ўсё ішло больш-менш, а пасля з кожным годам справы пагаршаліся. Праз пяць год я мела такі ж заробак, які ў мяне быў на дзяржаўнай працы да гэтага. Паўстала пытанне: а яно нам усё трэба?

Мы прадалі крамы, кавярню, загарадны дом. Заставалася толькі кватэра ў Мінску. Муж зрабіў працоўную польскую візу. Абмяркоўвалі, што ён там пачне, а мы з дзецьмі прыедзем пазней, калі ўсё крыху стабілізуецца. Хаця, шчыра скажу, было страшна з’язджаць у невядомасць. І развітвацца з мужам на доўгі час таксама.

Мы прыехалі ў госці да маіх бацькоў у Полацк, каб расказаць пра сваё рашэнне з’язджаць. І неяк нечакана тата за вячэрай прамовіў: «Дзеці, а вы не хочаце пазмагацца?» Я неяк разгубілася, не чакала такога ад яго. Карацей, ён мяне вельмі натхніў: калі дарослы чалавек дагэтуль не губляе надзеі, то чаму мы яе ўжо згубілі?

Марыя з дзецьмі.

На ютуб-канал Сяргея Ціханоўскага мы падпісаліся неяк адначасова з мужам. Было відаць, што ён сапраўды абуджае многіх людзей, расплюшчвае ім на многае вочы. І калі Сяргей пачаў набіраць членаў ініцыятыўнай групы, мы вырашылі, што таксама будзем збіраць подпісы. Праўда, мы думалі, што на гэтым наш удзел у перадвыбарчай частцы і скончыцца, але атрымалася не так.

Я збірала подпісы на Камароўцы і там пазнаёмілася са многімі людзьмі рознага ўзросту, якія хацелі такіх самых перамен, што і я: паляпшэнняў у эканоміцы, сумленных выбараў. Нас былі чэргі. І я ўжо не магла проста так кінуць усіх гэтых людзей, як і не змагла не падтрымаць Святлану Ціханоўскую, калі стала зразумела, што Сяргея з турмы не адпусцяць.

Яна засталася зусім адна з усімі гэтымі праблемамі, пагрозамі і стрэсам. Прытым што нават збіраць подпісы мы ўжо хадзілі, як на вайну, бо ўсіх нашых валанцёраў пачалі вельмі актыўна затрымліваць. 

З актывістам Алегам Маісеевым.

— Вы вельмі хутка зблізіліся са Святланай? 

— Спачатку мы толькі часам камунікавалі па тэлефоне. Пасля, калі пачалі затрымліваць каардынатараў, якія маглі здаваць подпісы, мы вырашылі, што подпісы павінна адвозіць сама Святлана. І ў нейкі момант не было машыны, каб яе везці. Я папрасіла зрабіць гэта свайго Сашу. А з паездкі яны вярнуліся разам, прапанавала пераночыць у нашай кватэры.

Я вельмі перажывала перад асабістай сустрэчай са Святланай, думала, што яна вельмі крутая: вунь у яе фотаздымак на BMW у фэйсбуку (пасміхаецца). Але яна аказалася ў дошку сваёй. Нібыта мая сястра, і мне хацелася яе абняць і падтрымаць. Тады ўжо пачуліся пагрозы яе дзецям, як жанчына я вельмі разумела, што яна адчувае.

Святлана спытала ў мяне: «Вось здам я подпісы, а далей што?» І я паабяцала, што дапамагу сабраць каманду, арганізую сустрэчы з кампетэнтнымі людзьмі, якія маюць досвед у палітыцы. Бо мы ж самі ў гэтым зусім не разбіраліся. Як я кажу: рабілі ўсё сэрцам, па любві.

І калі паўстала пытанне з дзецьмі Светы, я неяк імправізацыйна патэлефанавала Наталлі Радзінай, хаця зусім яе не ведала. Чамусьці мне падалося, што толькі яна нам зможа дапамагчы, інакш Света апусціць рукі і не здасць подпісы. Наташа запэўніла, што дапаможа з вывазам дзяцей за мяжу. І яны сапраўды хутка выехалі разам з маім мужам і маці Светы.

— Можна сказаць, што вы сталі сяброўкамі?

— Мы самыя блізкія адна для адной. Яна можа давяраць мне сваіх дзяцей і ўсё астатняе. І я гэтаксама. Нам вельмі камфортна жыць разам: маёй дачцэ 3 гады, дачцэ Святланы — 5 гадоў, яны разам гуляюць. Старэйшыя хлопцы таксама — то за камп’ютарамі, то разам з намі ў настолкі.

За прадуктамі звычайна езджу я, а так — хто раней прачынаецца, той і гатуе. Трэба было толькі разабрацца, што чые дзеці падабаюць есці. Свеціны, напрыклад, любяць блінчыкі з чырвонай рыбай. Дома яе ўсе зрэдку набывалі. А тут яна танная, таму ямо яе часцей.

Думаю, у нас няма ніякіх канфліктаў, бо Света ўмее згладжваць усе вострыя моманты. Ды і дома разам мы праводзім мала часу: зранку вязём дзяцей у школу і садок, а пасля па працы.

Дарэчы, дзеці, на дзіва, хутка адаптаваліся ў мясцовых навучальных установах. Яны літоўскія, таму ў школы на заняткі прыходзіць перакладчык. І калі ў Беларусі мой сын баяўся лішні раз сказаць нешта не тое, задаць настаўніку нязручнае пытанне, пастаянна маўчаў, то тут адразу змог працаваць у калектыве. Тут да дзяцей вельмі ўважліва ставяцца, раскрываюць іх таленты.

— Два месяцы таму вы запусцілі свой фонд «Краіна для жыцця». Навошта беларусам быў яшчэ адзін, калі быў той жа BYSOL і іншыя?

— Бо наш фонд — вузканакіраваны, разлічаны менавіта на валанцёраў і актывістаў штабоў Ціханоўскага, Бабарыкі, Цапкалы. Гэтыя людзі маглі проста так звольніцца яшчэ да выбараў, каб дапамагаць збіраць подпісы і зараз апынуцца ў цяжкім становішчы. Ці проста дзецям актыўнага чалавека трэба набыць нейкі падарунак, каб аддзячыць за тое, што ён рабіў і робіць. Усіх актыўных людзей трэба неяк падтрымліваць, каб наша барацьба працягвалася. Бо падчас выбарчай кампаніі максімум, які мы маглі зрабіць для нашых валанцёраў — заправіць ім машыну.

Акрамя таго, мы таксама хочам дапамагаць сем’ям палітзняволеных. Калі я пабыла ўсяго пару дзён на Акрэсціна, то зусім па-іншаму стала глядзець на людзей, якіх затрымліваюць. На сем’і, якіх пакідаюць без маці ці таты. Я была ўпэўненая, што застануся сядзець надоўга. І сітуацыя, калі ты не разумееш, што з тваімі дзецьмі, ці здаровыя яны, пакуль ты ў ІЧУ, вельмі цяжкая.

Калі б Святлана не сказала, што выедзе за мяжу толькі са мной, я б, можа, і засталася за кратамі. Хаця нават у той момант, калі мы ўжо былі ля мяжы, і мая сястра прывезла мне дзяцей, і я пасадзіла іх у машыну, я не адчувала бяспекі. Я цудоўна разумела, што гэтае аўто стаяла на вуліцы каля штаба Віктара Бабарыкі, і доступ да яе мог мець хто заўгодна. І ў мяне была такая карцінка ў галаве, што вось, як толькі я пасаджу ў машыну дзяцей, мы крыху ад’едзем і падарвёмся. Было вельмі страшна.

Хаця і цяпер хапае гэтых страшных момантаў. Штораз, як мы праязджаем у Вільні могілкі, дачка Светы пытаецца: «А можа, там мой тата? Ці не памёр ён?» Тое, што зрабіў Лукашэнка ў гэтым годзе з такой колькасцю сямей, колькі ён пакалечыў дзіцячай і дарослай псіхікі — гэта неацэнная нанесеная беларусам шкода.

— Мяркуючы па «расследаваннях» АНТ з Ігарам Турам, у вас паміж фондамі ёсць нейкі канфлікт інтарэсаў…

— Ды гэта не канфлікт, а раздутая тэлеграм-каналамі сітуацыя. Калі шчыра, мне не хацелася б пра гэта размаўляць. Ёсць рабочыя непаразуменні, не больш.

Мы каардынаваліся і працягваем гэта рабіць. Вось пачалі дапамагаць палітзняволеным, і Андрэй Стрыжак з BYSOL захацеў. Мы пакуль малады фонд, у нас невялікія рэсурсы — за першы месяц было сабрана 5 тысяч еўра, за другі — 14 тысяч з паловай. Таму мы абмеркавалі, як размеркаваць адрасатаў дапамогі паміж сабой.

Наконт усяго астатняга — заўсёды будуць людзі, якія незадаволеныя дзейнасцю фондаў. Калі чалавек атрымаў дапамогу, ён ніколі пра гэта не напіша, а калі не, то ўжо будзе паўсюль скардзіцца. Хаця ён, хутчэй за ўсё, проста не падышоў пад профіль фонду. Ну і не трэба спісваць абмежаваны чалавечы рэсурс: якой б вялікай ні была каманда, усё адно рук не хапае на ўсе задачы. 

— А колькі цяпер у вашай камандзе чалавек, і на якія грошы вы жывяце за мяжой?

— У «Краіны для жыцця» дзве асноўныя каманды. Адна пад кіраўніцтвам майго мужа займаецца ютуб-каналам Сяргея Ціханоўскага. А я і яшчэ 9 актывістаў, вымушаных з’ехаць, развіваем фонд. Да сёння ніхто з нас не атрымліваў ніякіх заробкаў: у нас не хапае пакуль фінансаў на гэта. Усе актывісты жывуць за свой кошт. Цяжка, але як мы кажам, мы ішлі не па грошы сюды, а згодна са сваімі перакананнямі. Праўда, пастаўленая мэта, каб з трэцяга месяца наш фонд усё ж змог выплачваць людзям заробкі.

Што тычыцца асабіста мяне, пакуль я не працавала з фондам, мне выплачвалі «штабскі» заробак. Але з Новага года — не. У любым выпадку ў мяне ёсць свае ашчаджэнні, я ехала сюды не з пустымі рукамі. 

— На днях Аляксандра Зверава, дзяўчына Эдуарда Бабарыкі, якая цяпер таксама працуе ў фондзе салідарнасці BYSOL, распавяла, што выкрыла аўтарку тэлеграм-канала «Штаб Аношка», які збірае кампрамат. Ëй аказалася Кацярына Канаплёва, якая цяпер у вашай камандзе. Як гэта можна патлумачыць, калі ніякіх канфліктаў няма? Што вы плануеце рабіць з Кацяй?

— Публікацыі згаданага канала выходзяць за рамкі не толькі ўяўлення пра свабоду слова, але і парушаюць закон наконт асабістага жыцця грамадзян, ён адмыслова дыскрэдытуе палітычныя і грамадскія структуры, што працуюць на адраджэнне дэмакратычнай і вольнай Беларусі. Фонд «Краіна для жыцця» не датычны да стварэння і працы тэлеграм-канала «Штаб Аношка».

Каця з мая ў пратэсным руху, і вельмі шмат чаго зрабіла для гэтай рэвалюцыі, рызыкавала сваім жыццём і воляй. Рэпартажаў на АНТ не дастаткова, каб мы пачалі ў ёй сумнявацца. Але сваё расследаванне мы ўсё ж праводзім і разбіраемся ў сітуацыі.

*на наступны дзень Марыя Мароз даслала ўдакладненне: «Мы з глыбокім шкадаваннем вымушаныя канстатаваць факт, што Кацярына Канаплёва, якая з'яўлялася супрацоўніцай фонду, брала ўдзел у працы гэтага канала. Гэта паказала наша ўнутранае расследаванне. Мы асуджаем дзеянні Кацярыны дзеянні, незалежна ад матываў і мэт, ёю пераследаваных, і дыстанцыруемся ад яе дзейнасці. Супрацоўніцтва з Кацярынай спыненае».

— Якімі яшчэ праектамі займаецца ваш фонд? На сайце напісана, што вы на плануеце спыняць дзейнасць нават пасля змены рэжыму. Пра якую дзейнасць гаворка?

— Мы адкрываем за мяжой шэлтары (часовыя прытулкі — «НН») для палітычных бежанцаў з Беларусі. Ужо працуе два: у Беластоку і ў Вільні. З іх абслугоўваннем вельмі дапамагаюць мясцовыя дыяспары. Але арэнда аплачваецца менавіта з паступленняў у фонд.

Так выглядае шэлтар у Беластоку.

Таксама мы запускаем адукацыйныя юрыдычныя праграмы і будзем займацца развіццём самакіравання ў рэгіёнах. У Беларусі арганізоўваюцца дваровыя суполкі, калегіяльныя органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання — людзей трэба будзе вучыць выбудоўванню камунікацыі з суседзямі і ўладай. І гэта працэс на гады, таму трэба будзе падтрымліваць фінансава. 

Плюс плануем праект па рэабілітацыі вызваленых палітзняволеных: абследаванні і лячэнне за кошт фонду. Іх, думаю, паціху будуць усё ж вызваляць. А людзі, што адсядзелі нават 2-3 месяцы, выйдуць з пэўнымі праблемамі са здароўем. 

— Многія, як толькі даведаліся, што Аляксей Навальны збіраецца вяртацца ў Расію, нягледзячы на ўсе рызыкі з арыштам па крымінальнай справе, пачалі пераносіць гэта на беларускіх палітыкаў. Калі вы зможаце вярнуцца ў Беларусь, як думаеце?

— Я думаю пра гэта пастаянна. Часам ужо не магу трываць, здаецца. Кажу мужу: «Заставайся тут з дзецьмі, а я паеду дадому. Калі мяне не забяруць, то прыедзеце і вы». Я вельмі сумую па радзіме, пастаянна ўяўляю свой дворык, сумую па бацькам.

Святлана таксама перыядычна кажа пра тое, як марыць вярнуцца дадому. Але калі ўзважваеш, і разумееш, што тут, на міжнародным узроўні, можаш зрабіць нешта (перамовы, ціск), а там цябе пасадзяць адразу, як Марыю Калеснікаву, то выбар пакуль відавочны.

Думаю, калі пацяплее, беларусы аб’яднаюцца ў маршы з новымі сіламі. Запыт на перамены нікуды не падзеўся, застаецца толькі ісці ды канца. Тым больш вельмі многія паклалі на перамены ўсе свае фінансы, рэсурсы і нават здароўе. Беларусы не могуць закрыць на ўсё гэта вочы. Мы ўжо іншыя, і вясной у нас усё атрымаецца.

Каментары

Чаму так рэзка даражэе даляр і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? Спыталі ў эксперта2

Чаму так рэзка даражэе даляр і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? Спыталі ў эксперта

Усе навіны →
Усе навіны

Прэмію Гедройця сёлета атрымаў Валянцін Акудовіч2

Канадскі прафесар заклікаў беларусаў да выключнай стрыманасці ў пытанні дыстанцыявання ад Расіі25

У Ізраілі ўхвалілі пагадненне аб спыненні вайны з «Хезбалой»3

Рэжысёр Сяргей Лазніца расказаў, як ствараўся фільм «У тумане» і чаму яго цэнзураваў Мінкульт1

Новы кампактны апрасняльнік не дасць загінуць ад смагі ў моры2

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў10

Краязнаўцы Жодзіна паказалі, як разбураецца Багуслаў Поле — месца, дзе пачалася гісторыя горада

Падазраваны ў арганізацыі нападу на паплечніка Навальнага атрымаў прытулак у Польшчы на падставе ліста ад «Хартыі 97»18

Беларуска прывезла на адпачынак у Дубай поўны чамадан прадуктаў18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чаму так рэзка даражэе даляр і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? Спыталі ў эксперта2

Чаму так рэзка даражэе даляр і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? Спыталі ў эксперта

Галоўнае
Усе навіны →