Пракурор запатрабаваў тэрміны абвінавачаным па справе аб кактэйлях Молатава ў Гомелі: для 16-гадовага падлетка — 6 гадоў
У Гомелі працягваецца суд над Леанідам Кавалёвым, Дзмітрыем Карнеевым і Мікітам Залатаровым, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ў тым, што яны 10 жніўня ў цэнтры горада кідалі «кактэйлі Молатава». Сёння дзяржабвінаваўца агучыў тэрміны, якія, на думку пракуратуры, неабходна прызначыць абвінавачаным у якасці пакарання, паведамляе Tut.by.
Пракурор у спрэчках перакваліфікаваў абвінавачванне Кавалёву з ч. 1 арт. 293 КК «арганізацыя масавых беспарадкаў» на ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК «Падрыхтоўка да ўдзелу да масавых беспарадкаў» — і папрасіў прызначыць Кавалёву 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.
У дачыненні да іншых абвінавачаных перакваліфікавана абвінавачванне таксама — з удзелу ў масавых беспарадках на падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках.
Для Карнеева дзяржабвінаваўца патрабуе 8 гадоў пазбаўлення волі калоніі строгага рэжыму.
Непаўналетняму Залатарову — 6 гадоў выхаваўчай калоніі.
29-гадовага жыхара Гомельскага раёна Леаніда Кавалёва, 17-гадовага Мікіту Залатарова і 26-гадовага жыхара Добруша Дзмітрыя Карнеева абвінавачваюць у незаконным вырабе выбуховых рэчываў, гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі, удзеле ў масавых беспарадках, а Кавалёва — яшчэ і ў іх арганізацыі і ўцягванні непаўналетняга ў здзяйсненне злачынства.
Паводле папярэдняй версіі следства, Кавалёў вырабіў два кактэйлі Молатава, перавёз іх у цэнтр горада і схаваў у адным з двароў. Увечары 10 жніўня ён прыехаў у раён правядзення пратэстных мітынгаў, дзе знайшоў выканаўцаў свайго плана — 26-гадовага жыхара Добруша Карнеева і 16-гадовага Залатарова. Мужчына перадаў новым знаёмым кактэйлі Молатава для таго, каб яны падпалілі сцяну якога-небудзь дома, а затым стаў пераконваць іх здзейсніць больш радыкальныя дзеянні — падпаліць гарадскі аўтобус ці аўтазак. Па дарозе маладыя людзі сустрэлі вайскоўцаў вайсковай часткі 5525 і кінулі кактэйлі ў іх бок. Пляшка ўпала каля вайскоўцаў і разбілася аб асфальт. Карнееў і Залатароў ўцяклі — іх затрымалі пазней. А Кавалёва ў гэты ж вечар.
У сваіх паказаннях Кавалёў сцвярджаў, што пляшкі былі не ў яго, а ў Карнеева і Залатарова. Дзмітрый Карнееў жа пераконваў суд, што яго і Залатарова прымушаў падпальваць і кідаць пляшкі Кавалёў. Залатароў спачатку адмаўляўся ад дачы паказанняў, а затым распавёў, што менавіта Карнееў прымушаў яго кінуць бутэльку.
Кавалёў і Залатароў сваю віну не прызнаюць. Карнееў прызнае часткова.
Каментары