Усіх салдат Асада, якія ўцяклі ў Ірак, аддалі назад новым уладам Сірыі
Гаворка ідзе пра амаль дзве тысячы сірыйскіх вайскоўцаў і афіцэраў зрынутага рэжыму Башара Асада, якія разам са зброяй і тэхнікай уцяклі ад паўстанцаў у суседні Ірак і спадзяваліся знайсці там палітычны прытулак.
Ірак перадаў новым уладам Сірыі ўсіх сірыйскіх салдат і афіцэраў, якія прыехалі шукаць прытулку ў краіне за дзень да падзення рэжыму Башара Асада, перадае турэцкае агенцтва Anadolu са спасылкай на афіцыйныя рэсурсы Ірака.
«1905 сірыйскіх вайскоўцаў, уключаючы афіцэраў, салдат і іншы персанал, прыйшлі на іракскую мяжу ў пошуках прытулку з-за нядаўніх падзей у Сірыі. У адказ на гэта ўзброеныя сілы Ірака дазволілі ім прайсці па гуманітарных прычынах пасля атрымання адпаведнага дазволу іракскіх уладаў.
Пасля амністыі, абвешчанай новымі ўладамі Сірыі, усе вайскоўцы былі перададзены назад сірыйскаму боку», — гаворыцца ў заяве Аб'яднанага аператыўнага камандавання арміі Ірака.
Ведамства адзначыла, што ўся зброя і тэхніка, якая была ў сірыйскіх вайскоўцаў пры перасячэнні мяжы, пакуль засталася пад аховай у Іраку, чакаючы перадачы новаму ўраду Сірыі пасля яго фармавання.
Башар Асад, які кіраваў Сірыяй на працягу амаль 25 гадоў, уцёк у Расію пасля таго, як сірыйскія паўстанцы 8 снежня ўзялі пад кантроль сталіцу краіны Дамаск. Сам Асад пасля заявіў, што яго эвакуацыі ў Расію папярэднічалі «калапс сірыйскай арміі і параліч дзяржаўных інстытутаў». Паводле яго сцвярджэння, ад арміі і народа той не адмаўляўся.
Каментары
Но и не бросили оружие, не перешли на сторону народа, не отдали оружие повстанцам.