Абодва энергаблокі Беларускай атамнай электрастанцыі вось ужо два тыдні не выпрацоўваюць электрычнасць. І калі першы знаходзіцца на планавым рамонце, то другі адключаны з-за няспраўнасці контуру, які з'яўляецца носьбітам радыёактыўнай асяроддзя. Гэтую інфармацыю «Люстэрку» паведаміла крыніца, знаёмая з сітуацыяй.
— Адключэнне энергаблока № 2 адбылося ў ноч на 4 снежня. Меркаваная прычына — спрацоўванне абароны з-за няспраўнасці (парушэнне герметычнасці) першага контуру. Ён з'яўляецца носьбітам радыеактыўнага асяроддзя і знаходзіцца на абслугоўванні рэактарнага цэха, — сцвярджае суразмоўца «Люстэрка». — Пры гэтым першы энергаблок таксама не працуе. Але яго адключылі планава для папераджальнага рамонту. Сваёй электраэнергіі БелАЭС не выпрацоўвае ўжо тры тыдні і бярэ неабходную для працы электрычнасць з агульнай энергасістэмы краіны.
Калі аб рамонце першага энергаблока інфармацыя на афіцыйным сайце АЭС ёсць, то аб непрацуючым другім — не. У раздзеле «вытворчыя паказчыкі» паведамляецца, што на 19 снежня 2024 года ён знаходзіцца ў прамысловай эксплуатацыі. Прасцей кажучы, працуе.
У прыёмнай генеральнага дырэктара БелАЭС пацвердзілі, што другі энергаблок станцыі сапраўды не працуе, але не змаглі сказаць, з якога дня.
— Так, другі энергаблок не працуе, — паведаміла сакратарка. — Для атрымання адказаў на пакінутыя пытанні вам трэба патэлефанаваць у інфармацыйны цэнтр.
У інфацэнтры БелАЭС адказваць на пытанні адмовіліся, параіўшы звярнуцца па каментар да прэс-сакратара Міністэрства энергетыкі. У прыёмнай міністра супрацоўніца, якая адказала на званок, не валодала інфармацыяй аб актуальным стане атамнай станцыі.
Спыненне працы энергаблокаў станцыі пакуль не паўплывала на радыялагічную абстаноўку на прылеглых да яе тэрыторыях.
— У адпаведнасці з інфармацыяй на электронных стэндах, у тым ліку ў горадзе Астраўцы, размешчаным за 22 кіламетры ад АЭС, узровень радыяцыі ў межах нормы, — сцвярджае суразмоўца.
Паводле сэрвісу маніторынгу радыяцыйнай абстаноўкі ў Беларусі, па стане на 19 снежня ва ўсіх рэгіёнах краіны, у тым ліку прылеглых да Беларускай АЭС, яна знаходзіцца практычна на ніжняй мяжы нормы.
Нагадаем, другі энергаблок Беларускай АЭС увялі ў прамысловую эксплуатацыю 1 лістапада 2023 года. Апошні раз яго планавы рамонт праводзілі зусім нядаўна, у ліпені 2024 года. Паведамлялася, што падчас работ правядуць дэталёвую дыягностыку ўсіх сістэм, а таксама заменяць адпрацаванае ядзернае паліва на свежае.
У снежні мінулага года агенцтва Bloomberg са спасылкай на ўнутраныя дакументы «Расатама» паведамляла аб праблемах на другім энергаблоку БелАЭС. Паводле іх звестак, у лютым 2022 года ў першы контур другога энергаблока прасочвалася іонаабменная смала, пагражаючы заклінаваць крытычна важныя кампаненты. Міністэрства энергетыкі абвяргала гэтую інфармацыю.
Пры штатнай працы двух энергаблокаў БелАЭС забяспечвае каля 40% патрэбнасці краіны ў электраэнергіі.
Каментары
- БелАЭС магчыма было пабудаваць у найменш населеных раёнах краіны на усходзе, каб не канфрантаваць с патэнцыйнымі замежнымі пакупнікамі электрычнасці
- Правесці адкрыты тэндэр сярод заходніх кампаній кшталту Westinghouse i Areva, што сапраўды знізіла б энергетычную залежнасць ад Расеі
- Прыцягненне для праектавання, будаўніцтва і эксплуатацыі сусветна вядомых заходніх кампаній наўрадці выклікала б істотную нязгоду ў грамадстве
- Будаваць за крэдыты міжнародных фінансавых інстытуцый, а таксама прыцягнуць прыватныя інвеcтыцыі
Але аграфюрэр зрабіў усё па найгоршаму варыянту - з самага пачатку пасварыўся з Літвой, грамадскае абмеркаванне замянілі фарсам, Расатам пабудаваў тяп-ляп невядомай якасці - у выніку БелАЭС стала надзвычайна дарагім помнікам самадурству дыктатара.