Каардынатар «Мінскага дыялога» Дзяніс Мельянцоў у сваім тэлеграм-канале, каментуючы апошнія падзеі, у тым ліку санкцыі, напісаў, што можна нацыяналізаваць аўстрыйскія Прыёрбанк і А1.
«Беларускія ўлады настроены прадэманстраваць максімальна даходліва, што апошняя суверэнная краіна ва Усходняй Еўропе можа і будзе адказваць на любыя спробы ўмяшання ва ўнутраныя справы. Пералік такіх мер даволі абмежаваны ў сілу рэсурсаў і маштабаў краіны. Але для шэрагу краін ЕС можа быць вельмі хваравітым.
Ёсць жа яшчэ ўзмоцнены паток іракскіх мігрантаў. Ёсць супрацоўніцтва ў ядзернай сферы. Прыёрбанк (уласнік — аўстрыйскі Raiffeisen) і/або А1 (таксама аўстрыйскі) урэшце можна нацыяналізаваць.
Гучыць нерэальна? Але эскалацыя — справа такая. Лёгка пачаць — цяжка спыніцца. Хто ў мірным 2013 годзе мог уявіць, што Украіна ў самай найбліжэйшай будучыні пазбавіцца Крыма і будзе ваяваць на Данбасе? Скаціцца да маштабнага канфлікту можна вельмі хутка і проста. Тым больш ва ўмовах, калі планамерна і паслядоўна рвуцца рэгіянальныя сувязі, напрацаваныя тут стагоддзямі. І калі напружанасць і непрадказальнасць расце і ў глабальным маштабе.
Увогуле Менск будзе супраціўляцца. ЕС сваіх мэтаў санкцыямі не дасягне. Гэта цяпер справа прынцыпу», — напісаў Мельянцоў.
Каментары