Эканоміка

Эканаміст Дзмітрый Крук: Уплыў ад сектаральных санкцый будзе сур'ёзным, але страты будуць расцягнутыя ў часе

Уплыў ад сектаральных санкцый будзе сур'ёзным, але страты будуць расцягнутыя ў часе. Нават самы «мяккі» сцэнар абяцае эканоміцы страты ў 5,5-6% па выніках наступнага года. Эканаміст, старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук ацаніў наступствы сектаральных санкцыяў для беларускай эканомікі, піша Tut.by.

beroc.by

Мінімальныя страты ад санкцый супастаўныя з двума гадамі рэцэсіі

Прынятыя Еўрасаюзам 24 чэрвеня сектаральныя санкцыі не акажуць на беларускую эканоміку імгненнага эфекту, бо ўступяць у сілу пасля заканчэння дзейных гандлёвых кантрактаў.

Па мінімальных разліках, пасля таго як яны фармальна пачнуць дзейнічаць, абмежаванні закрануць 3,5% ад усяго беларускага экспарту. Пры інтэрпрэтацыі санкцыйнага спісу больш шырока і з улікам транзітных патокаў праз ЕС пад санкцыі падпадае да 9% усяго экспарту. Калі да абмежаванняў далучыцца Вялікабрытанія (як яна гэта зрабіла пасля прыняцця чацвёртага пакета санкцый ЕC), то лічбы будуць вышэйшыя, кажа эканаміст Дзмітрый Крук.

Пабудаваная экспертам тэарэтычная мадэль па ніжняй мяжы (санкцыі закранаюць 3,5% экспарту) паказвае, што страты эканомікі могуць скласці каля 3% ВУП, пры гэтым у заробках зніжэнне будзе каля 4% у рэальным выражэнні. На практыцы з улікам таго, што абмежаванні закранулі важныя для эканомікі галіны, наступствы будуць больш адчувальнымі.

— Важна ўлічваць, што нафтаперапрацоўка і калійныя ўгнаенні цесна звязаныя з іншымі галінамі. Міжгаліновыя эфекты могуць сур'ёзна павялічваць патэнцыйныя страты ВУП.

Пры гіпатэтычным поўным бане экспарту нафтапрадуктаў за кошт сціскання міжгаліновых сувязяў страты ў агульным выпуску могуць дасягаць 8% ВУП.

У нашым разе аб поўным сцісканні мы не гаворым, бо санкцыі закранаюць не ўсе нафтапрадукты і не ўсе экспартныя рынкі, — кажа Дзмітрый Крук.

Пры паказаным сцэнары санкцыі найбольш істотна ўдараць па інвестыцыйным попыце, у выніку чаго ён можа прасесці да 10%. Акрамя таго, яны будуць аказваць уплыў на абменны курс і інфляцыю. А ў Нацбанка засталося дастаткова вузкае поле для манеўру, каб нейтралізаваць дэвальвацыйны і інфляцыйны эфект за кошт узмацнення жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі.

— Па меры апускання ў санкцыі патэнцыйныя пагрозы, з якімі Беларусь можа сутыкацца, — гэта прасяданне ВУП да 5,5-6%, прапарцыйнае зніжэнне ўзроўню рэальных заробкаў, прасяданне інвестыцыйнага попыту, абясцэненне курсу рубля і інфляцыйны ўсплёск.

Гэта значыць, нават па самай ніжняй рысе шок будзе вельмі сур'ёзным для эканомікі.

Названы спад эканомікі прыкладна супастаўны з тым, што мы мелі ў суме за 2015-2016 гады (у 2015 годзе ВУП Беларусі ўпаў на 3,9%, а ў 2016-м — на 2,6%. — Заўв. рэд.).

Для беларускіх дзяржбанкаў з прыняццем санкцый абмяжоўваюцца магчымасці прыцягнення крэдытных сродкаў, якія і без таго ў апошні год былі на мінімуме.

— У цэлым для банкаўскага сектара прыцягнуты з заходніх краін капітал не такі вялікі — гэта каля 20-25% ад усіх размешчаных у іх сродкаў нерэзідэнтаў. Плюс са жніўня пра нейкія новыя запазычанні з заходніх краін у гэтыя банкі гаворкі не ішло. Але тут таксама важна разглядаць не толькі прамы ўплыў, а таксама на чаканні, паводзіны. Гэта можа быць штуршком для адтоку ўкладаў. Плюс гэтым банкам будзе складаней апераваць са сваімі кліентамі ў фінансаванні экспарту і імпарту.

Калі само дзеянне санкцый на галіны, якія трапілі пад іх, па факце будзе адчувацца па заканчэнні кантрактаў у канцы гэтага года, то пабочныя эфекты будуць прыкметныя раней. Ужо ў другім паўгоддзі, на думку эканаміста, будзе прыкметным сцісканне попыту і пагрозы фінансавай стабільнасці.

Магчымасцяў змякчыць удар у Мінска мала

Беларускія ўлады паспрабуюць мінімізаваць эфект санкцый і знізіць памер шоку. Хутчэй за ўсё, яны будуць спрабаваць перанакіраваць па іншых напрамках экспарт, які трапіў пад санкцыі. У нейкай ступені гэта рэалізуецца, але з дадатковымі выдаткамі, кажа эканаміст.

Мала магчымасцяў для згладжвання негатыўнага эфекту санкцый і праз макраэканамічныя інструменты. У апошнія гады ўлады не хочуць выкарыстоўваць такія інструменты манетарнай палітыкі, як павышэнне працэнтнай стаўкі, бо гэта вядзе да дадатковых страт ВУП і ў заробках. Яшчэ менш магчымасцяў у рамках фіскальнай палітыкі. Пабочным эфектам санкцый стане скарачэнне паступленняў у бюджэт, які і без таго адчувае сур'ёзны дэфіцыт. У такіх умовах прастымуляваць эканоміку фіскальнымі інструментамі напрамую цяжка.

— Разумеючы, што згладжваць страты традыцыйным спосабам складана, улады, хутчэй за ўсё, будуць старацца лакалізаваць праблемы на ўзроўні асобных прадпрыемстваў і галін, каб яны не «выпускалі» санкцыйны шок у астатнюю эканоміку. Гэта рабілася падчас пандэміі каранавіруса. З аднаго боку, гэта нівеліруе многія негатыўныя наступствы. З іншага боку, кошт пытання даволі высокі, бо трэба забяспечыць функцыянаванне падсанкцыйных прадпрыемстваў, кампенсаваўшы іх страты, напрыклад, з дапамогай субсідый. Але інструментаў для гэтага не так шмат. Хутчэй за ўсё, будуць альбо пераразмяркоўваць выдаткі, альбо пойдуць на дадатковы дэфіцыт бюджэту, ахвяраваўшы, напрыклад, інфляцыяй, альбо паспрабуюць прыцягнуць новыя грошы звонку. Цаной гэтага стане або растучы доўг (калі атрымаецца прыцягнуць крэдыты), або перацяканне пагроз у вобласць фінансавай і цэнавай стабільнасці. Таксама гэтыя «дэмпферы» можна спрабаваць камбінаваць, — кажа Дзмітрый Крук.

Расія нам дапаможа?

У нейкім сэнсе Расія можа дапамагчы афіцыйнаму Мінску. Праўда, дапамога гэтая акажа ў выніку неадназначны эфект. Напрыклад, пераарыентацыя транзітных патокаў нафтаперапрацоўкі і калійных угнаенняў як мінімум пацягне за сабой дадатковыя выдаткі. Прычым цяжар такіх выдаткаў можна будзе разглядаць як новую нармальнасць. Калі ў гэтым разе спрабаваць лакалізаваць праблемы ўнутры падсанкцыйных галін і прадпрыемстваў, то гэта стане яшчэ большым выклікам для ўладаў. Кожны рубель дадатковых выдаткаў будзе вельмі адчувальным, адзначае эксперт.

— Калі цябе прымушаюць прывыкаць да больш высокага ўзроўню выдаткаў, назваць гэта дапамогай і поўным развязаннем праблемы наўрад ці будзе можна. Тым не менш гэта адзін з верагодных гіпатэтычных механізмаў захаваць аб'ём вытворчасці, — каментуе Дзмітрый Крук.

Эканаміст не выключае, што ў парадак двухбаковых стасункаў з Расіяй вернецца пытанне атрымання новых запазычанняў ад Масквы на ўзроўні міждзяржаўнага крэдыту, ад ЕАЭС або расійскіх банкаў.

Каментары

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента4

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента

Усе навіны →
Усе навіны

Што ў згубленых пасылках, якія прадаюць па 10 рублёў? Журналісты правялі эксперымент

«Нібыта людзі з іншай планеты». Чым уразіла Беларусь замежнікаў, якія прыехалі па бязвізе14

Модны аўтамат з нашумелым кобрынскім марозівам паставілі ў Мінску2

На волю выйшла гомельская велаактывістка Святлана Кароль

Як беларусы жылі па драўляным календары. Усё жыццё змяшчалася на простым кійку3

Тварожны пірог з бруснічным варэннем — рэцэпт

Як Расія наймае крымінальнікаў для выканання спецаперацый на Захадзе1

У Вялікабрытаніі зафіксавалі палёты неапазнаных дронаў над вайсковымі базамі, якія выкарыстоўваюць ЗША1

Знойдзены самы ўдачлівы рыбак Беларусі: за гадзіну ён вылавіў у Мінску дзве 18-кілаграмовыя рыбіны

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента4

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента

Галоўнае
Усе навіны →