Свет

Новае абвастрэнне на мяжы: што не так з аргументамі лукашэнкаўцаў? 

Сёння здарылася чарговае абвастрэнне міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы. Каля 10:20 сталі з'яўляцца першыя відэа з Гродзенскай вобласці, як калона мігрантаў па дарозе ідзе ў бок пункта пропуску «Брузгі», да беларуска-польскай мяжы. Паводле ацэнак беларускіх памежнікаў, колькасць мігрантаў перавышала 1000 чалавек. Мігранты спрабуюць штурмаваць мяжу з Польшчай сілай. Дональд Туск сказаў, што, магчыма, час пачаць рэалізацыю 4-га артыкула NATO. У Літве прапануецца ўвесці рэжым надзвычайнага становішча. Ужо некалькі месяцаў на мяжы Беларусі і краін ЕС адбываецца беспрэцэдэнтны крызіс. Польшча і Літва абвінавачваюць афіцыйны Мінск, мяркуюць, што крызіс быў створаны штучна як помста за пазіцыю Варшавы і Вільні адносна непрызнання вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Беларускія ўлады перакладаюць адказнасць на Польшчу, Літву і так званы «калектыўны Захад». Яны сцвярджаюць, што крызіс на мяжы — частка больш маштабнага міграцыйнага крызісу ў Еўропе, які нібыта ўтварыўся з-за ваенных інтэрвенцый у Блізкі Усход, маўляў, еўрапейскія палітыкі самі паклікалі да сябе мігрантаў. Разбіраемся, што не так з аргументамі ўладаў.

Ці сапраўды цяпер у свеце міграцыйны крызіс?

Беларускія ўлады імкнуцца ўставіць цяперашні крызіс у кантэкст агульнаеўрапейскага міграцыйнага крызісу. Маўляў, рост колькасці патокаў нелегальнай міграцыі назіраецца не толькі праз Беларусь. 

«Так, мы фіксуем павелічэнне патоку нелегальнай міграцыі на заходнім кірунку. Але хіба гэта навіна для еўрапейскіх краін? Па-мойму, не. І ўжо на працягу некалькіх гадоў паток нелегальных мігрантаў у краіны Еўропы, асабліва з краін Блізкага Усходу, нарастае. Ці варта ў гэтым папракаць Беларусь і разглядаць яе як цэнтр нейкага зла?» — сказаў дзяржсакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч

Насамрэч пік еўрапейскага міграцыйнага крызісу прыйшоўся на 2015-2016 гады, калі на фоне грамадзянскай вайны ў Сірыі мільёны жыхароў Блізкага Усходу беглі ад вайны і шукалі прытулку ў Еўропе. Гэта быў каласальны гуманітарны і палітычны крызіс для ЕС, наступствы якога Еўропа адчувае і дагэтуль. Такой колькасці бежанцаў, як у 2015-2016 гадах, свет не бачыў з часоў Другой сусветнай вайны, менавіта таму вялікія краіны ЕС прынялі беспрэцэдэнтнае рашэнне прыняць велізарную хвалю бежанцаў з гуманітарных прычын. Але з тых часоў прайшло ўжо пяць гадоў, плыні нелегальнай міграцыі ў ЕС за апошнія гады істотна здрабнелі. Паглядзіце, як выглядае графік колькасці нелегальных перасячэнняў мяжы ЕС за 2008-2021 гады.

Міграцыйнае пытанне застаецца на парадку дня ЕС, але яно ўжо не стаіць так востра. Няма ніякага глабальнага павелічэння патоку нелегальнай міграцыі ў ЕС, якім можна было б патлумачыць цяперашні міграцыйны крызіс на беларускай мяжы.

Мігранты бягуць у Еўропу толькі праз вайну?

Беларускія ўлады сцвярджаюць, што цяперашні паток іракскіх мігрантаў праз Беларусь узнік з-за войнаў у краінах рэгіёну. Маўляў, Захад развязаў там войны, а людзі ад іх бягуць. 

«Яна бегла ад вайны, якую яны развязалі на Блізкім Усходзе, пачынаючы ад Алжыра і сёння заканчваючы Сірыяй», — эмацыйна расказваў Лукашэнка гісторыю жанчыны-мігранткі. 

«Цяпер Захад цалкам заканамерна пажынае плады сваіх бесчалавечных дзеянняў, сутыкнуўшыся з вялікай колькасцю людзей, якія шукаюць у ЕС лепшай долі, бо людзі бягуць ад вайны, голаду, гвалту», — адзначыў сенатар Фелікс Яшкоў.

Цяпер сярод мігрантаў, што збіраюцца нелегальна трапіць з Беларусі ў Літву ці Польшчу, абсалютна дамінуюць іракцы. Але статыстыка нелегальнай міграцыі ў ЕС за 2020 год кажа, што іракцаў сярод нелегальных мігрантаў у ЕС было толькі 1,7%. Сярод лідараў па колькасці нелегальных перасячэнняў мяжы былі не іракцы, а сірыйцы (дзе рэальна была кровапралітная вайна), тунісцы, алжырцы і мараканцы (у якіх апошнія гады не было сур’ёзных ваенных канфліктаў). У Іраку апошнія гады таксама не было сур’ёзных ваенных канфліктаў, якія маглі б патлумачыць каласальны рост колькасці шукальнікаў прытулку.

Рыторыка лукашэнкаўцаў пра тое, што міграцыйныя праблемы выкліканыя выключна ваеннымі канфліктамі, — маніпуляцыя. Войны і перасяленні людзей існавалі ўсю гісторыю чалавецтва, але праблемы міграцыі сталі вельмі вострымі толькі ў апошнія дзесяцігоддзі. Таму прычыны тут нашмат складанейшыя, чым проста войны:

  1. Глабалізацыя і камунікацыйная рэвалюцыя. Людзі ва ўсім свеце атрымалі доступ да тэлебачання і інтэрнэту, яны пачалі спажываць еўрапейскі культурны прадукт і бачыць, як жыве Еўропа. Для многіх людзей з бедных краін гэта быў моцны стымул для міграцыі.
  2. Рэвалюцыя ў авіяперавозках і з’яўленне лаўкостаў. Авіяпералёты сталі даступнымі нават жыхарам бедных краін.
  3. Дэмаграфія. На фоне старэння Еўропы краіны з іншага боку Міжземнага мора працягваюць быць донарамі працоўнай сілы.
  4. Разрыў ва ўзроўні жыцця паміж Еўропай і Паўночнай Афрыкай.
  5. Рост дабрабыту ў бедных краінах. Гучыць нелагічна, але развіццё бедных краін часта вядзе не да змяншэння адтоку насельніцтва, а да павелічэння міграцыі. Павелічэнне дабрабыту вядзе да таго, што грамадзяне больш падарожнічаюць, маюць доступ да заходняй адукацыі і культурнай прадукцыі, маюць грошы на пераезд і г. д. Яскравы прыклад гэтага — Туніс, адна з самых паспяховых і эканамічна развітых афрыканскіх краін, якая не пацярпела ад войнаў. Адначасова тунісцы з’яўляюцца адной з найбольшых груп сярод нелегальных мігрантаў у ЕС.
  6. Размыванне паняцця «бежанец». Калі раней паняцце было дакладна вызначанае, і пад яго пападалі ў першую чаргу палітычныя дысідэнты і грамадзянскія актывісты з аўтарытарных краін, то цяпер досыць складана дакладна правесці канкрэтную мяжу паміж паняццямі «бежанец» і «эканамічны мігрант».
  7. Кліматычныя змены і г. д.

Захад сам знішчыў дабрабыт на Блізкім Усходзе

«Яны знішчылі Муамара Кадафі, Садама Хусейна. Я быў у гэтых краінах. Гэта былі багатыя дзяржавы, што развіваліся. Своеасаблівыя, як і ўсе іншыя дзяржавы. Разбілі Блізкі Усход, вайна да гэтага часу ідзе ў Лівіі і Сірыі. Знішчылі Ірак — багатую краіну. У імя чаго? Дэмакратыю прынеслі пад крылом знішчальнікаў? Ніякай дэмакратыі», — выказаўся Лукашэнка. 

Вальфовіч мяркуе, што менавіта Захад пад маркай прыўнясення дэмакратычных каштоўнасцяў кінуў у стан вайны многія краіны Блізкага Усходу, якія некалі «квітнелі»: «Зрынаюць лідараў, руйнуюць гарады, эканоміку. І акрамя голаду, галечы, гора, выбухаў бомбаў на тэрыторыі гэтых краін нічога не працякае».

Сенатар Фелікс Яшкоў сцвярджае: «Жыццё ў гэтых краінах для многіх мільёнаў грамадзян стала невыносным менавіта дзякуючы дзеянням калектыўнага Захаду, што бязлітасна «дэмакратызаваў» некалі цалкам шчаслівыя Сірыю, Ірак, Лівію ракетнымі і бомбавымі ўдарамі, прымяненнем самых сучасных сродкаў вядзення вайны».

«Калісьці Ірак быў параўнальна мірнай і ў чымсьці нават квітнеючай дзяржавай. Гадоў сорак таму, у эпоху маладога і амбіцыйнага Садама Хусейна, які прэтэндаваў на палітычнае лідарства ў блізкаўсходняй іерархіі», — піша прапагандысцкае рускамоўнае выданне Baltnews.

Беларускія ўлады і праўладныя каментатары імкнуцца прадставіць усё так, нібыта вайсковыя інтэрвенцыі заходніх краін зруйнавалі паспяховыя краіны і выклікалі хвалі бежанцаў. Але ці можна назваць Ірак, Лівію і Сірыю пад кіраўніцтвам Хусейна, Кадафі і Асада «квітнеючымі» і бяспечнымі дзяржавамі? У «квітнеючым» Іраку Хусейн развязаў паўнавартасную вайну супраць сваіх суайчыннікаў-шыітаў і курдаў. Толькі ў 1991 годзе ў выніку ўнутранага канфлікту бежанцамі сталі мільёны іракцаў. Але гэтага не згадвае праўладны палітычны каментатар Аляксандр Шпакоўскі. «Давайце ўспомнім: яшчэ 10-20 гадоў таму Лівія, Сірыя, Ірак — тыя дзяржавы, якія цяпер з'яўляюцца крыніцамі нелегальнай міграцыі — былі цалкам стабільнымі краінамі. Такой праблемы не існавала», — сцвярджае ён. 

Асадаўская Сірыя яшчэ да замежнай вайсковай інтэрвенцыі была спецыфічнай краінай з жахлівай сітуацыяй з правамі чалавека. А палкоўнік Кадафі быў вядомы тым, што гвалтоўна з масавымі пагромамі высяляў з Лівіі дзясяткі тысяч неграў і палесцінскіх арабаў, а таксама пастаянна ўмешваўся ва ўнутраныя канфлікты суседніх краін.

Акрамя таго, дзяржаўныя прапагандысты свядома блытаюць ваенныя дзеянні ў Сірыі і Іраку. Яны тлумачаць цяперашні крызіс на беларускай мяжы Еўрапейскім міграцыйным крызісам, але ён здарыўся ў 2015 годзе ў першую чаргу праз сітуацыю ў Сірыі, а не ў Іраку (адкуль большая частка мігрантаў, што сёлета спрабавала незаконна трапіць з Беларусі ў Літву). Нават калі і разглядаць Ірак, то сама заява лукашэнкаўцаў пра тое, што так званы «калектыўны Захад» нібыта яго зруйнаваў сваёй вайсковай інтэрвенцыяй, выглядае недарэчнай. У «калектыўнага Захаду» не было ніякай адзінай пазіцыі па іракскім пытанні. Нагадаем, Францыя, Германія, Канада і многія іншыя хаўруснікі ЗША выступілі ў 2003 годзе катэгарычна супраць ваеннага ўварвання ў гэтую краіну.

У кантэксце міграцыйнага крызісу на беларуска-літоўскай мяжы афіцыйная прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава заявіла

«Цяпер трэба ўсёй ЕСаўскай частцы Еўропы, натаўскай частцы Еўропы, несці сваю долю адказнасці за вынікі сваіх беззаконняў, якія рабіліся ў іншых частках свету».

Расійскае знешнепалітычнае ведамства цалкам ігнаруе той факт, што галоўныя еўрапейскія сябры НАТА (акрамя Вялікабрытаніі) былі якраз супраць вайны ў Іраку, ад якой нібыта пацярпелі мігранты, што прыбылі на літоўскую мяжу.

«Вы ж самі іх да сябе паклікалі!»

Адзін з самых стойкіх і непрабіўных міфаў, які рэтранслюе і беларуская прапаганда, гэта тое, што Еўропа сама вінаватая ў міграцыйным крызісе, бо нібыта сама запрасіла да сябе вялікую колькасць бежанцаў і нізкакваліфікаваных працоўных мігрантаў.

«І людзі бягуць ад вайны, ратуючы сваіх дзетак, каб дзесьці атрымаць кавалак хлеба і накарміць іх. Вы ж іх туды паклікалі, што ж вы, як нацысты, цяпер іх выштурхоўваеце адтуль?» — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

«Талерантная Еўропа ж сама запрасіла пацярпелых на Блізкім Усходзе», — паўтарае за ім сенатар Алег Слінько

«Патрабуюць спыніць нелегальную міграцыю: тысячы з тых разбураных краін, якія яны спрабавалі паставіць на калені, а паставіўшы, пачалі знішчаць, рынуліся праз Цэнтральную Азію, Расію туды — на талерантны Захад. Яны іх запрасілі, і сёння яны завылі: ах, беларусы іх не абараняюць», — сцвярджае Лукашэнка. 

«Мы ніколі не будзем нікога трымаць: яны ж не да нас ідуць. Яны ідуць у асвечаную, цёплую, утульную Еўропу… Еўропа (там не хапае рабочых рук) паклікала гэтых людзей», — зноў вярнуўся да гэтай тэмы Лукашэнка.

Тое, што краіны Заходняй Еўропы такія адкрытыя для працоўнай нізкакваліфікаванай міграцыі — прапагандысцкі міф. Так, яны і праўда былі адкрытымі, недзе да 1980-х гадоў. Нямеччына запрашала да сябе туркаў, Францыя — алжырцаў і гэтак далей. Але з тых часоў еўрапейскія краіны не запрашаюць простых рабочых з-за межаў ЕС. Міграцыя адкрытая толькі для бежанцаў, высокакваліфікаваных кадраў, блізкіх сваякоў тых людзей, што раней пераехалі ў ЕС, па адукацыйных праграмах і г. д. Працоўная нізкакваліфікаваная міграцыя проста адсутнічае як клас.

Тое, што ЕС прымае шмат бежанцаў і пастаянна іх да сябе запрашае, — таксама міф, які проста не пацвярджаецца лічбамі.

На 2019 год у свеце было 26 мільёнаў бежанцаў. Толькі 10% з іх жывуць у ЕС. Доля бежанцаў у агульным насельніцтве ЕС складае ўсяго каля 0,6%.

Для параўнання, у Ліване бежанцы складаюць 13,4% насельніцтва, у Іарданіі — 6,4%, Турцыі — 4,3%. Насуперак стэрэатыпам, абсалютная большасць бежанцаў з Афрыкі і Азіі не прыязджае ў Еўропу, а пераязджае ў суседнія краіны. 

Адкуль жа ўзяўся гэты стэрэатып пра Еўропу, якая нібыта сардэчна чакае бежанцаў? Са знакамітага выступлення Ангелы Меркель 31 жніўня 2015 года, калі канцлер у разгар міграцыйнага крызісу ўзяла на сябе палітычную адказнасць і заявіла «Мы дамо рады!» («Wir schaffen das»). Некаторыя ўспрынялі гэтую фразу як запрашэнне для бежанцаў, але сама Меркель пазней тлумачыла, што сэнс гэтай фразы перакруцілі. 

Праўладны аналітык Вадзім Гігін мяркуе, што па запрашэнні Ангелы Меркель праз Міжземнае мора ў Еўрасаюз хлынула першая хваля мігрантаў. Але фразы Меркель, якія маглі ўспрымацца як «запрашэнне», насамрэч былі вымаўленыя ўжо ў разгар крызісу і ніяк не маглі быць першапрычынай.

Больш за тое, істотна адрознівалася рэакцыя на міграцыйны крызіс 2015 года ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе ад Заходняй Еўропы.

Польшча і Літва (як і іншыя краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы) асабліва не імкнуліся прымаць вялікую колькасць бежанцаў і эканамічных мігрантаў з Блізкага Усходу, у адрозненне ад Заходняй Еўропы, якая праяўляла большую ахвоту. Міграцыйнае пытанне стала адной з ліній водападзелу ў Еўрапейскім саюзе: старыя і новыя члены ЕС не маглі прыйсці да згоды.

Чаму падыход адносна міграцыі ў Заходняй і Усходняй Еўропе розны? Таму што ў краінах Заходняй Еўропы, старых нацыянальных дзяржавах, якія валодалі калоніямі, ёсць каласальны досвед у інтэграцыі і натуралізацыі мігрантаў. Над гэтым працуе цэлы пласт дзяржаўных устаноў, інстытуты грамадзянскай супольнасці, рэлігійныя арганізацыі, культурныя ініцыятывы, войскі і г. д. Напрыклад, Францыя прымае мігрантаў з канца XVIII стагоддзя і, нягледзячы на пэўныя праблемы, адносна някепска спраўляецца. За гэты час яны не проста выпрацавалі механізмы і стратэгіі натуралізацыі мігрантаў, яны фактычна стварылі з краінамі Магрыбу (адкуль у Францыю едуць мігранты) адзіную культурную, моўную і інфармацыйную прастору. Умоўнаму алжырцу, які з дзяцінства гадаваўся ў французскай культурнай арбіце, будзе не так складана інтэгравацца ў французскае грамадства. Экс-каланіяльныя дзяржавы маюць велізарныя моўныя, культурныя, эканамічныя, сямейныя і ментальныя сувязі са сваімі былымі калоніямі. Нічога падобнага ў Літвы, Польшчы і іншых дзяржаў рэгіёну і блізка няма. Гэта адносна маладыя дзяржавы, якія не мелі калоній, якія ствараліся як монаэтнічныя ў нацыянальна-вызваленчай барацьбе супраць шматэтнічных імперый.

«Нелегалы ідуць па ўсіх кірунках ЕС, але енчыць толькі Літва»

«Усе прамоўцы таксама старанна абыходзяць сапраўдныя прычыны, якія правакуюць масавыя патокі нелегальных мігрантаў з Ірака і іншых краін, дзе ў Захаду маюцца карыслівыя інтарэсы. Уцекачы і мігранты бягуць у ЕС не толькі і не столькі праз Беларусь — такіх маршрутаў мноства», — сцвярджае прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

Насамрэч такіх маршрутаў не мноства, іх усяго некалькі. Пераважная большасць нелегальных мігрантаў трапляе ў ЕС праз Міжземнаморскія каналы міграцыі: заходні, цэнтральны і ўсходні.

Менавіта Міжземнае мора традыцыйна з’яўляецца зонай, праз якую ў ЕС плывуць мігранты без афіцыйнага дазволу на перасячэнне мяжы. І гэта лагічны канал нелегальнай міграцыі. Ён абумоўлены геаграфіяй: на поўначы Еўропы — палярная зона, на захадзе — Атлантычны акіян, на ўсходзе ЕС — мяжа з еўрапейскімі Беларуссю, Украінай і Расіяй, таму менавіта паўднёвая мяжа Еўропы традыцыйна была самай уразлівай. Міжземнае мора з’яўляецца бар’ерам двух светаў. Паўночны бераг — эканамічна развітая Еўропа з насельніцтвам, што імкліва старэе, культурна прываблівая для замежнікаў; паўднёвы бераг — краіны Паўночнай Афрыкі, што яшчэ знаходзяцца ў стадыі развіцця, з нестабільнай эканомікай, карупцыяй, неэфектыўным дзяржаўным упраўленнем, маладым насельніцтвам і шалёным беспрацоўем. Нават такія афрыканскія гісторыі поспеху, як Туніс, пакуль яшчэ істотна саступаюць у якасці жыцця не самым багатым Іспаніі ці Італіі. Таксама паўднёвы і паўночны бераг Міжземнага мора звязаны шматлікімі культурнымі, гістарычнымі і роднымі сувязямі. Таму міжземнаморскі кірунак нелегальнай міграцыі, абумоўлены аб’ектыўнымі гістарычнымі, эканамічнымі і дэмаграфічнымі прычынамі, выглядае абсалютна натуральным і непазбежным, у адрозненне ад канала нелегальнай міграцыі праз Літву, што быў створаны на пустым месцы.

«Многія дзяржавы Еўропы, у тым ліку тыя, што не маюць знешніх межаў, таксама фіксуюць у сябе рост колькасці нелегалаў. Але енчыць і патрабуе салідарнасці толькі Літва», — сцвярджае Анатоль Глаз. Але ж чаму тая Літва «енчыць»?

У міграцыйным крызісе на польскай і літоўскай мяжы найбольш уражваюць маштабы гэтай з'явы, якія ў Беларусі часта недаацэньваюць. Вось толькі некалькі лічбаў для параўнання. 

У 2020 годзе праз канал нелегальнай міграцыі ў цэнтральным Міжземнамор'і з Лівіі ў Італію прайшло амаль 36 тысяч мігрантаў — гэта ў сярэднім па 100 мігрантаў штодзень. На беларуска-польскай і беларуска-літоўскай мяжы маштабы нелегальнага перасячэння мяжы яшчэ большыя. Такім чынам, можна казаць аб адкрыцці паўнавартаснага, штучна створанага канала нелегальнай міграцыі.

І для Польшчы і Літвы гэта каласальнае выпрабаванне, нашмат большае, чым для Італіі. Бо па сваім патэнцыяле, эканамічным і дэмаграфічным, Польшча і Літва адназначна прайграюць вялікай 60-мільённай Італіі, для якой «пераварыць» мігрантаў значна прасцей. Але нават Італія не сказаць каб надта добра спраўлялася з гэтым, нягледзячы на пабудаваную інфраструктуру, падрыхтаваны персанал і дапамогу партнёраў па ЕС.

Каментары

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе1

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе

Усе навіны →
Усе навіны

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты35

Мінчук падышоў да зборшчыкаў за Лукашэнку і выказаў, што пра яго думае. Атрымалася крыміналка8

Назва ад кінатэатра, выгляд ад аўтара віцебскай піраміды, на верхнім паверсе — дзеці. Што вядома пра гандлёвы цэнтр, які гарэў у Віцебску2

Бізнэсу аддалі 10-15% ад дапамогі Еўрасаюза Беларусі — Ягораў адказвае на крытыку з боку Латушкі25

Падчас пажару ў віцебскім ГЦ пацярпелі 15 чалавек, з іх 2 работнікі МНС2

Сала па 35 рублёў, шмат садавіны і навагодніх тавараў. Якія цэны на Камароўцы перад святамі?1

Пажар у віцебскім гандлёвым цэнтры ліквідавалі, спатрэбілася чатыры з паловай гадзіны1

У Расіі заблакавалі Viber14

«Рускіх і ўкраінцаў можна параўноўваць з ханьцамі». Мядзведзеў тлумачыць кітайцам прычыны вайны ва Украіне на блізкіх ім прыкладах11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе1

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе

Галоўнае
Усе навіны →