Гісторыя33

Чые жамчужыны рассыпаліся ў Магілёве

Гэты храм быў разбураны саветамі, на яго месцы збудавалі гатэль «Дняпро», а цяпер тут офісны цэнтр. А ў тым храме была матэрыялізавалася мара імператрыцы Кацярыны пра вялікі геапалітычны прарыў. Каб абмеркаваць перадзел Усходняй Еўропы, да Кацярыны іменна ў Магілёў інкогніта прыехаў эрцгерцаг Аўстрыі і імператар Святой Рымскай імперыі Іосіф II.

Цяпер у Магілёве ставяць інфармацыйныя шыльды з QR-кодамі, па якіх можна ўбачыць сучасную візуалізацыю страчаных помнікаў архітэктуры. На фота — сабор Святога Іосіфа ў рэканструкцыі Алега Іванюка. HRAM.BY

У магілёўскіх экскурсаводаў ёсць улюбёная показка. Нібыта падчас закладкі ў Магілёве ў 1780 годзе сабора Святога Іосіфа ў расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ парвалася нітка караляў — і жамчужыны пасыпаліся на зямлю. Світа кінулася падбіраць, аднак імператрыца спыніла падданых словамі: «Не трэба. Няхай гэты будынак будзе такі ж прыгожы, як мае каралі». Як мы потым пабачым, каралі былі зусім не Кацярыны, ды і рассыпаліся яны і не выпадкова, і не там.

Грэчаскі праект на магілёўскіх землях

Але спачатку кантэкст. У 1768 годзе пратэст шляхты супраць расійскага ўмяшальніцтва ў справы краіны і караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, былога каханка Кацярыны, аформіўся ў Барскую канфедэрацыю. Расія ўзялася бараніць нежаданага караля — і гэта паслужыла casus belli (фармальнай прычынай) для расійска­-турэцкай вайны 1768—1774 гадоў, бо Асманская імперыя мела на Рэч Паспалітую свае віды. У выніку расійскія войскі Барскую канфедэрацыю раздушылі, землі Рэчы Паспалітай усходней за Дняпро, Друць і Дзвіну адабралі, у вайне з туркамі перамаглі. Па яе выніках да Расіі адышлі крымскія тэрыторыі Керч і Енікале, а Крымскае ханства трапіла пад расійскі пратэктарат.

Вось у гэтыя самыя часы, калі Расія ператраўляла першую порцыю адабраных у Рэчы Паспалітай і Турцыі зямель, імператрыца выступіла з нечаканай ініцыятывай, якую гісторыкі называюць «грэчаскім праектам». Для іншых абсалютных манархаў Еўропы гэта стала неспадзяванкай: яны не бачылі мэтазгоднасці так рэзка мяняць баланс сілаў у рэгіёне. 

Ідэя Кацярыны заключалася ў тым, што нанесці цяпер аслабленай Турцыі ваеннае паражэнне будзе не цяжка, а пасля можна пасадзіць на грэчаскі трон (а ў самых смелых марах — на трон адроджанай Візантыі) унука Кацярыны, Канстанціна Паўлавіча, якому ад самага нараджэння ў 1779 годзе вызначылі лёс стаць «першым уладаром вызваленага грэчаскага народа». Не дарэмна ж яго, урэшце, назвалі Канстанцінам — нетыповым тады яшчэ іменем для дынастыі Раманавых.

Прыдворныя творцы вельмі чула адгукаюцца на мроі першых асобаў геапалітыкі. Так, неўзабаве каля Царскага Сяла, у нядаўна створаным павятовым гарадку Сафія будзе пабудавана мініяцюрная копія Сафійскага сабора. А потым яшчэ і ў самім Царскім Сяле паўстане стылізаваная рэінкарнацыя Ая­-Сафіі — Узнясенскі сабор. Але першым маніфестам грэчаскага праекта стане магілёўскі сабор Святога Іосіфа. 

Магілёў, Саборная плошча (праект). Акварэль Мікалая Львова.

Гэты сабор спраектаваў малады і яшчэ не вядомы архітэктар­-самавучка Мікалай Львоў. У адным будынку ён хацеў увасобіць мары пра Грэцыю ва ўсёй яе гістарычнай рэтраспектыве: дарычныя калоны звонку, іанічныя і карынфскія — усярэдзіне, візантыйскі купал і агульны вобраз раннехрысціянскай базілікі.

Фоты з прыватнага архіва

Ці можа імператар застацца інкогніта

Каб абмеркаваць раскройванне Усходняй Еўропы, да Кацярыны інкогніта прыехаў эрцгерцаг Аўстрыі і імператар Святой Рымскай імперыі Іосіф II. Сустрэча двух манархаў адбывалася ў паўпадпольнай атмасферы: даводзілася захоўваць таямніцу і сцерагчыся іншых уплывовых гульцоў — Францыі і Брытаніі. Таму Іосіф прыехаў пад іменем графа Фалькенштэйна. Ён часта рабіў так у падарожжах, калі хацеў падкрэсліць, што не збіраецца праз сваю асобу рэпрэзентаваць усю Аўстрыю. Пазнаваць у ім імператара ў такіх паездках лічылася некарэктным.

Іосіф ІІ Аўстрыйскі (1741— 1790), імператар Святой Рымскай імперыі (з 1765). WIKIMEDIA COMMONS

Сучаснік і ўдзельнік гэтых падзей, аўтар цудоўных мемуараў расійскі чыноўнік Гаўрыла Дабрынін згадвае характэрны эпізод. Магілёўскі губернатар Пётр Пасек выпадкова сустрэў апранутага простым афіцэрам Іосіфа ІІ — а яны былі знаёмыя — на Гандлёвай плошчы Магілёва і аддаў яму незвычайна нізкі паклон, дэзавуяваўшы такім чынам інкогніта імператара. Ужо праз некалькі хвілін Пасек каяўся перад набліжанымі, што зрабіў памылку ад нечаканасці.

Кацярына, зразумела, ні ад каго не хавалася, і першыя пару дзён яе працоўнай паездкі ў «новаатрыманыя землі» суправаджаліся неабходнай для двара пампезнасцю і бляскам. Драўляная трыумфальная арка за тры вярсты ад горада, працэсія чыноўнікаў, урачыстая прамова архіепіскапа Георгія Каніскага, некалькі тэатральных пастановак, ваенныя манеўры і штовечаровыя феерверкі. 

Сустрэча Кацярыны II і Іосіфа II. Ёган Еранім Лёшэнколь. Музей гісторыі Вены. WIKIMEDIA COMMONS

На чацвёрты дзень гулянняў імператрыца Кацярына ІІ планавала раздаваць падарункі. Але на галоўную сцэну выйшаў вельмі ўпэўнены ў сабе чалавек, які ўсё ўсім сапсаваў.

Як прымусіць усіх цябе ненавідзець

Захар Грыгор’евіч Чарнышоў быў генералам­-фельдмаршалам далучанага да Расіі Беларускага генерал­-губернатарства — галоўным намеснікам манарха на нашых землях. Кажуць, што ў маладосці ў яго была закаханая жонка будучага імператара Пятра ІІІ. Так­-так, яна самая — цяпер ужо імператрыца, Кацярына Аляксееўна. 

Захар Чарнышоў, першы беларускі генерал-губернатар (1772—1782). WIKIMEDIA COMMONS

Але Чарнышоў быў даўнім фаварытам, а разам з Кацярынай у Магілёў прыехаў фаварыт цяперашні, князь Грыгорый Аляксандравіч Пацёмкін.

На гэты самы чацвёрты дзень Чарнышоў стаў угаворваць Пацёмкіна («праз якога цяклі ўсе міласці», падкрэсліць адзін сучаснік падзей), што было б зусім някепска ўшанаваць магілёўскага праваслаўнага епіскапа Георгія Каніскага панагіяй. Пацёмкін пагадзіўся імгненна і пайшоў адразу ў кабінет Кацярыны. Хутка вярнуўся з панагіяй і са словамі «Будзьце ласкавыя самі адвезці пажаданую вамі ўзнагароду архіепіскапу». 

Чарнышоў засмяяўся: «У вас ёсць на гэта ад’ютанты, а я ўжо, мой шаноўны, стараваты для рассылак». Пацёмкін так і зрабіў, сумеўшыся: адправіў панагію з ад’ютантам. На адзіным прыжыццёвым партрэце Каніскага мы яе і бачым.

Георгій Каніскі. Яго ні з кім не зблытаеш: вельмі ж нос характэрны. Панагія — гэта ўпрыгожаны абраз на яго грудзях. WIKIMEDIA COMMONS

Але Кацярыне на непрыемны выпадак з Чарнышовым Пацёмкін паскардзіўся. І нібыта гэта так раз’юшыла імператрыцу, што яна не толькі з графам Чарнышовым стала падкрэслена стрыманай, але і шчодрыя ўзнагароды чыноўнікам беларускіх губерняў, ордэны і падарункі, раздаваць перадумала. Назаўтра Кацярына і Іосіф заклалі Іосіфаўскі сабор — і праз пару дзён з’ехалі.

Гаўрыла Дабрынін сцэну імператарскага ад’езду пераказвае даволі цікава: маўляў, беларусы на ўсе падобныя праявы глядзелі з кашэчай абыякавасцю.

Вінаваты, а расплачвацца жонцы

Па ад’ездзе Кацярыны архіепіскап Георгій Каніскі даваў абед. У сваіх успамінах пра тыя падзеі сын магілёўскага губернатара Леў Энгельгарт распавядаў, што граф Чарнышоў, пацяжэўшы пасля віна, выступіў перад гасцямі:

— Ну, сябры мае, я вінаваты перад вамі, што ніхто з вас не ўзнагароджаны. Прызнаюся, дарма пагарачыўся. Ну затое хоць дарункам сваёй жонкі падзялюся з вамі.

З гэтымі словамі ён разарваў каралі на графіні Ганне Чарнышовай, што сядзела побач. І пасыпаліся жамчужыны.

Раз’ехаўся двор, раз’ехаліся чыноўнікі беларускіх губерняў — і са шматлюднага і чаднага горада Магілёў ператварыўся ў ціхае і прасторнае места, альбо, кажучы словамі Энгельгарта, — «прыняў свой выгляд».

А грэчаскія праекты так праектамі тады і засталіся. Дабіваць Асманскую імперыю ў той час не наважыліся, і незалежная Грэцыя паўстала толькі ў 1830 годзе, дый тое стараннямі Брытаніі і без Канстанцінопаля. Хоць пра ўсталяванне кантролю над чарнаморскімі пралівамі расійскія самаўладцы працягвалі марыць да самага канца існавання Расійскай Імперыі.

Ва ўкраінскім Херсоне і дагэтуль стаіць сабор Святой Кацярыны, заснаваны Грыгорыем Пацёмкіным у 1781 годзе. Яго называюць «братам» магілёўскага сабора Святога Іосіфа. WIKIMEDIA COMMONS

Каментары3

  • Jazafar
    08.09.2024
    "Раз’ехаўся двор, раз’ехаліся чыноўнікі беларускіх губерняў..."

    А што Беларускіх губэрняў было некалькі?
  • Пол
    08.09.2024
    Пачаў чытаць і спатыкнуўся аб "жамчужыны" і 'іменна". Ці сапраўды немагчыма знайсьці беларускія адпаведнікі гэтым расейскім словам?
  • Валенты
    09.09.2024
    Jazafar, так, у сучасным разуменні - аж дзве.

Былога каліноўца, якога затрымалі ў В’етнаме, імгненна выдалі спецслужбам Лукашэнкі ФОТА51

Былога каліноўца, якога затрымалі ў В’етнаме, імгненна выдалі спецслужбам Лукашэнкі ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскі самалёт скінуў бомбу на школу ў Белгарадскай вобласці4

МУС паказала трэніроўку разгону мітынгаў ФОТЫ13

Арыштаваны дом Цапкалаў у Мінску не прадалі на аўкцыёне — не знайшлося ахвотных1

Wyborcza паведамляе пра вобшук у Агнешкі Рамашэўскай — сама яна гэта адмаўляе6

Літоўская мытня чарговы раз ускладніла ўмовы для транзіту аўто з ЗША ў Беларусь. Якія аўто цяпер могуць захраснуць у порце Клайпеды?5

У кафэ ў Брэсце можна разлічыцца лісцем2

МТЗ правёў краш-тэст сваёй сякеры: інструмент пераехалі трактарам ВІДЭА6

Даляр узяў адзнаку 3,4 рубля

Стане яшчэ халадней. Днём будзе з мінусам1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былога каліноўца, якога затрымалі ў В’етнаме, імгненна выдалі спецслужбам Лукашэнкі ФОТА51

Былога каліноўца, якога затрымалі ў В’етнаме, імгненна выдалі спецслужбам Лукашэнкі ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →