Літаратура1111

Былы пасол Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды напісаў захапляльную кнігу пра гэтую краіну — і яе новую «эпоху Сі»

Ад кнігі гэтага дыпламата менш за ўсё чакаеш таго, чым яна аказваецца. На фоне рэпрэсій і вайны кніга прайшла незаўважанай, было «не да культуры», між тым цікава параўнаць, што прадбачыў, а чаго не прадбачыў Руды.

Сі Цзіньпін п'е чай падчас сесіі Усекітайскага народнага сходу 8 сакавіка 2024 года. AP Photo / Tatan Syuflana

«Нашым кітайскім сябрам, якія ў нас пазнаюць сябе» — эпіграф да кнігі. «У якім сэнсе пазнаюць сябе?» — думаеш. Сэнс будзе зусім не такі, што першы прыходзіць у галаву. Кірыл Руды ў Кітаі бліскуча авалодаў кітайскім стылем афарыстыкі.

Калі пасол Руды ўручаў даверчыя граматы Сі Цзіньпіну, ён пажартаваў, выклікаўшы жывую рэакцыю кіраўніка Кітая: «Нашы краіны блізкія дзякуючы сяброўству лідараў, і геаграфічна мы амаль суседзі, між намі толькі адна краіна, хоць і вялікая».

У іншым месцы Руды адзначае: у Кітаі на Расію глядзяць зусім інакш, чым у Беларусі — як на краіну з эканомікай у 10 разоў меншай за кітайскую і якая з кожным годам адстае ўсё больш.

Адзін толькі факт: сярэднемесячны заробак у Кітаі вырас з 520 долараў у 2010-м да прыкладна 1050 долараў цяпер.

«Гаворыць той, хто не ведае, хто ведае — маўчыць» 

Беларусы, якія трапляюць у Кітай, піша Руды, і пад «беларусамі» ён тут яўна разумее чыноўнікаў і гаспадарнікаў маладога пакалення, да якога належыць і ён сам, перажываюць тры стадыі. Першая — адмаўленне.

«Пад уплывам старых стэрэатыпаў, заходніх фобій пра Кітай, ментальнай прыналежнасці да малой краіны, проціпастаўлення «камуністаў і капіталістаў» з’яўляецца адмаўленне пабачанага, крытыка, успрыманне атачэння нейкім штучным. Умацоўваецца першапачатковая думка, што «ўсе кітайцы хітруны і нават манюкі, крадуць тэхналогіі, робяць падробкі»». Руды піша, што такое першае ўражанне ўласцівае не толькі беларусам, але і іншым замежнікам.

Першая стадыя хутка змяняецца другой — захапленнем.

«Узнікае закаханасць у гісторыю, культуру, кухню Кітая. Усплывае настальгія па савецкім мінулым і ўпушчанай будучыні, якая нібыта ўвасобілася ў цяпершчыне Кітая. Ідэалізуецца і кітайская эканоміка, — піша Руды (сам ён далёкі ад ідэалізацыі яе — пра гэта ніжэй). — Складваецца новае ўражанне пра нармальнасць кітайцаў, іх у нечым падобнасць да амерыканцаў, еўрапейцаў і якія мы ўсе да іх непадобныя».

Сярэднегадавы заробак у юанях. Курс юаня на сёння 7,24 юаня за долар.

Трэцюю стадыю Руды характарызуе як «маўчанне». «У Кітаі ёсць выраз: «Гаворыць той, хто не ведае, хто ведае — маўчыць». З часам прыходзіць усведамленне складанасці Кітая, яго жорсткага прагматызму, пастаянных хуткіх і глыбокіх перамен, якія псіхалагічна цяжка ператравіць, што выклікае ментальную стому.

Узнікае наканаванасць цяжкай працы і няспыннага руху ў патрэбным кірунку. Стамляе і рэалістычнае разуменне [сціпласці] нашага месца ў гэтай краіне».

Рост хлопчыкаў і дзяўчатак

Пастаяннае рэфармаванне было дзяржаўнай ідэалогіяй Кітая апошнія 40 гадоў. Рэформы, рэформы, рэформы — як мантру, паўтаралі і паўтараюць кіраўнікі партыі і ўрада. За гэтыя гады кітайцы прывыклі да таго, што ўсё і ўвесь час мяняецца і будзе мяняцца. «Мы ведаем, што заўтра дакладна не будзе як сёння ці ўчора, таму мы павінны быць гатовыя да зменаў, рухацца наперад і расці», — тлумачыў беларускаму паслу кітайскі бізнэсмен.

«Пры наведванні ў верасні 2019 года выставы дасягненняў Кітая запомніўся адзін са стэндаў — рост 12-гадовых кітайскіх дзяцей у 2012 і 2017 годзе: хлопчыкаў 145,7 і 148,5 см, дзяўчатак — 146,3 і 149,1 см», — расказвае Руды.

Рост — вынік таго, што кітайцы сталі больш зарабляць, лепш есці, здаравей жыць. Практычны крытэр ацэнкі росту ўзроўню жыцця.

Сярэдні заробак у Кітаі вырас з 520 долараў у 2010 годзе да больш як 1000 долараў цяпер. Пры гэтым курс юаня да долара быў стабільны: за 14 гадоў юань аслаб усяго толькі з 6,8 да 7,24 за даляр. (Для параўнання: беларускі рубель за той самы час абясцэніўся проці долара ў 10 разоў.)

Памер даходу, які не абкладаецца падаткам, у Кітаі ад 2019 года паднялі з 515 да 735 долараў. Падаткам не абкладаюцца таксама даходы, якія трацяцца на здым кватэры, адукацыю, падтрымку старых бацькоў, лекаванне ад хранічных хвароб.

У той жа час у Кітаі ёсць разуменне, што якасную адукацыю можна толькі купіць, бясплатнай яна не бывае.

Кітайцы здзіўляюцца, калі чуюць, што ў Беларусі трохгадовы адпачынак для догляду дзіцяці (у Кітаі яго працягласць — пара тыдняў, далей дзяцей глядзяць бабы і дзяды) або месячны адпачынак (у Кітаі ў пачатку кар’еры ён складае ўсяго пару дзён і толькі паступова, з гадамі, павялічваецца).

Усё гэта было вынікам рэформаў і свабоды для прыватнага бізнэсу.

Малы і сярэдні прыватны бізнэс у Кітаі сёння стварае больш за 60% ВУП (у 1978 годзе было 0%, у 2007 годзе — 52,4%). Прыватны сектар стварае 90% экспарту і практычна ўсе новыя працоўныя месцы. І нават цяпер улады Кітая ўжываюць рэпрэсіўныя меры ў дачыненні тых, хто замінае развіццю недзяржаўнага сектара.

Так, за 9 месяцаў 2019 года пракуратура Кітая выдала ордары на арышт больш чым 10 тысяч чалавек па абвінавачванні ў перашкодах развіццю недзяржаўнага сектара (напрыклад, за адміністратыўную перадачу будаўнічых падрадаў на карысць дзяржаўных арганізацый).

«Лозунг Дэн Сяапіна «Разнявольвайце розум!», які падштурхнуў да прагрэсу, розніцца ад беларускага «Дысцыпліна і парадак!»» — піша экс-пасол. І хоць Руды далікатна змоўчвае, як памяняліся ВУП, сярэднія заробкі і г. д. у Беларусі за той жа перыяд, вывад яго адназначны: Беларусь і Кітай непадобныя не расай, не культурай і не месцам на карце, а дынамікай развіцця. Кітай пастаянна, у дзікім рытме трансфармуецца, тады як у Беларусі нічога не мяняецца.

Стаўка на ІТ

Руды праз усю кнігу падкрэслівае, што эканамічныя поспехі Кітая апошніх гадоў звязаныя са стаўкай на ІТ. «Кідаецца ў вочы, — пісаў ён ужо ў 2020 годзе, — як людзі разлічваюцца ў крамах і грамадскім транспарце ўжо нават не сканаваннем тэлефонам к’юар-кода, а сканаваннем твару ці далоні. У парках ездзяць беспілотныя аўталаўкі з прахаладжальнымі напоямі, а ў барах робаты гатуюць кактэйлі».

З 2016 года Кітай стаў сусветным лідарам па тэмпах росту лічбавай эканомікі. Кітайцы займаюць перадавыя пазіцыі ў свеце ў аналізе big data, вялікіх даных. У краіне рэалізуецца дзяржаўная праграма развіцця штучнага інтэлекту, а фінансавы ўдзел дзяржавы ў развіцці ІТ — дэ-факта капіталістычны.

Але Кітай пакуль толькі на пачатку шляху. Руды прыводзіць такі прыклад. У Кітаі пакуль толькі 8 лаўрэатаў Нобелеўскіх прэмій, тады як у ЗША — 383, Брытаніі — 132, Нямеччыне — 108. А колькасць нобелеўскіх лаўрэатаў — гэта свайго роду паказчык колькасці ўласных, не запазычаных, не купленых, не крадзеных інавацый.

Феномен запавольвання часу

«Калі вы адправілі паведамленне ў сацыяльнай сетцы… свайму кітайскаму партнёру і на працягу гадзіны (калі не адразу) няма адказу, то, імаверна, у яго здарылася нешта сур’ёзнае. Працоўны кантакт з кітайскім партнёрам адбываецца незалежна ад часу сутак і дня тыдня, — піша Руды. — У сваю чаргу, атрымаць адказ ад беларускага боку на паведамленне ў той жа дзень у працоўны час — вялікая ўдача і знак асабістых адносін», — параўноўвае Руды. У Беларусі ў параўнанні з Кітаем адбываецца «феномен запавольвання часу», піша экс-пасол.

Ён тлумачыць гэта большым кантролем і ўмяшальніцтвам дзяржавы ў штодзённае грамадскае, а парою і прыватнае жыццё. Людзі на гэта рэагуюць стварэннем свабодных ад працы і ўсяго працоўнага часу і прасторы. Папросту кажучы, яны ў адказ імкнуцца працаваць чым менш.

Авіякампанія Air China
размясціла ў сваім самалётным часопісе артыкул пра Беларусь пад загалоўкам «Каханне з другога погляду» — напэўна, з намёкам, што з першага закахацца складана, адзначае Кірыл Руды. Беларусь у артыкуле пазіцыянуецца як «апошняе невядомае месца ў Еўропе».

Кірыл Руды адзначае: у Кітаі на Расію глядзяць зусім інакш, чым у Беларусі — як на краіну з эканомікай у 10 разоў меншай за кітайскую і якая з кожным годам адстае ўсё больш. Сі Цзіньпін і Уладзімір Пуцін 24 кастрычніка 2023 года падчас форуму «Пояс і шлях» у Пекіне. Фота Sergey Savostyanov, Sputnik Kremlin Pool, via AP

Вялікі паварот

Да прыходу да ўлады Сі Цзіньпіна Кітай — так здавалася замежным назіральнікам — паступова, вельмі паволі, але рухаўся ў бок дэцэнтралізацыі і плюралізму.

Маа Цзэдун (1949—1976) меў абсалютную ўладу, Дэн Сяапін (1978—1993) — абсалютны аўтарытэт, Цзян Цзэмінь (1993—2003) — абсалютны кантроль над палітычнымі працэсамі з дапамогай спецслужбаў. Ху Цзіньтаа (2003—2013) зрабіў эканоміку прыярытэтам над палітыкай, пачала гучаць ідэя палітычнай рэформы для стымулявання эканамічнага росту. Пачынаючы з канца 1970- х у Кітаі існавала своеасаблівая сістэма калектыўнага кіраўніцтва. І менавіта гэты перыяд стаў часам эканамічнага рыўка. Рынак зрабіў у камуністычнай краіне эканамічны цуд.

На момант прыходу да ўлады Сі Цзіньпіна ў кіраўніцтве Кітая былі як кансерватары-неамааісты, так і лібералы-рэфарматары. Сі адносіўся да трэцяй групы — цэнтрыстаў.

З прыходам да ўлады Сі найперш распачаў антыкарупцыйную кампанію. Былі арыштаваныя і прыгавораныя да пажыццёвага зняволення спачатку лідары кансерватараў. Чыстка хутка распаўсюдзілася на сотні найвышэйшых чыноўнікаў.

Варта адзначыць, што карупцыя прасякала камуністычны Кітай з нізу да самага верху. «Калі змагацца з карупцыяй, можна разваліць партыю. Калі не змагацца — то дзяржаву». Гэты афарызм прыпісваюць былому кіраўніку краіны Цзян Цзэміню.

Крытэры карупцыі раней былі настолькі размытымі, што ў новую эпоху пад гэтае абвінавачанне мог падпасці кожны.

Антыкарупцыйная кампанія, якую народ вітаў, у выніку аказалася інструментам фарміравання рэжыму аднаасобнай улады Сі.

Сацыяльны давер

Таксама Сі ў 2016 годзе даў адмашку стварэнню сістэмы «сацыяльнага даверу».

«Трэба ўдасканальваць як механізмы заахвочвання законапаслухмяных і добрасумленных грамадзян, так і механізмы пакарання тых, хто парушае закон і страціў давер».

Руды расказвае, што гэта азначала на практыцы (сістэма тэсціравалася ў 30 гарадах). Усім людзям прысвойваецца стартавы рэйтынг 1000 балаў. Далей рэйтынг чалавека павялічваецца ці меншае ў залежнасці ад інфармацыі пра яго з розных органаў.

Так, напрыклад, калі сістэма відэаназірання зафіксавала, што вы не прыбралі за сваім сабакам, балы ў вас здымаюцца. А вось калі вы паведамілі аб правапарушэнні іншага чалавека, вам, наадварот, дадаюць 5 балаў. Адзіны інфармацыйны цэнтр аналізуе 160 тысяч параметраў пра вас! Ад наведвання партыйных сходаў да актыўнасці ў сацыяльных сетках.

Таксама дзейнічае сетка інфарматараў. Насельніцтва падзеленае на блокі, якія павінны кантраляваць адзін аднаго. Акрамя таго, збіраюцца фота– і відэадоказы парушэнняў. Інфарматызацыя дазваляе аўтаматычна апрацоўваць гіганцкія масівы інфармацыі.

Да апісанага ў кнізе Рудага варта дадаць, што, з улікам развіцця ў Кітаі штучнага інтэлекту і сістэмы распазнавання твараў, кантроль за дзеяннямі чалавека робіцца ўсё больш татальным. Гаворка пра размяшчэнне камер відэаназірання, далучаных да адзінага цэнтра, унутры кватэр пакуль не ідзе, але ўжо распрацаваныя алгарытмы ацэнкі эмоцый чалавека.

Чалавек не павінен быць раззлаваным у публічным месцы; калі такое здараецца, ва Уйгурскай аўтаномнай акрузе гэта ўжо фіксуецца. Наступны крок напрошваецца: чалавек павінен дэманстраваць радасныя эмоцыі, калі бачыць партрэты кіраўніка краіны.

Калі ў чалавека рэйтынг большы за 950 балаў, ён мае права на бясплатнае лячэнне без унясення закладу, калі кошт лячэння не перавышае 10 тысяч юаняў. З рэйтынгамі, большымі за 1000 і 1050 балаў, беззакладная сума на лячэнне павялічваецца да 20 і 50 тысяч юаняў адпаведна. Ад рэйтынгу залежыць права на турпуцёўкі са зніжкамі, бясплатнае карыстанне спортаб’ектамі. А вось калі ў цябе рэйтынг зніжаецца да 850 балаў, ты страчваеш права працаваць на дзяржаўнай службе ці ў муніцыпальных структурах. Калі ж ты маеш рэйтынг ніжэйшы за 600, табе не выдадуць крэдыт, не прададуць білет на самалёт ці хуткасны цягнік, табе забаронена вучыць дзяцей у прыватнай школе.

Аналагічныя рэйтынгі прысвойваюцца і прадпрыемствам.

Лічбавы таталітарызм? Гэтыя оруэлаўскія навацыі спалучаюцца — прынамсі, да апошняга часу спалучаліся — з працягам курсу на далейшую лібералізацыю эканомікі. Кніга Рудага выйшла да таго, як улады Кітая ў 2021-м пачалі «нармалізаваць» лічбавых гігантаў, у тым ліку Джэка Ма, бізнэс якога беларусы ведаюць па «Аліэкспрэсе».

Змена масак у кітайскай оперы

Руды шчыра піша і пра неадназначнасць працэсаў у кітайскай гаспадарцы, нарастанне негатыўных з’яў у фінансавым сектары, а таксама пра тое, наколькі цяжкія кітайцы партнёры: і ў дыпламатыі, і ў бізнэсе. Ён апісвае цырымоніі старога кітайскага імператарскага двара і пераказвае шматлікія сучасныя «трукі кітайскага пратакола».

«Адзін з кітайскіх партнёраў, усміхаючыся кожны раз, выходзіў на сустрэчу толькі пасля таго, як ад замежнага госця гучала прапанова з-за спазнення гаспадара перанесці перамовы», — апісвае ўласны досвед ён. Або «сыход ад прамых адказаў са спасылкай на «трэба пачакаць»», а пасля «вытанчана сфармуляваная пісьмовая адмова, якая ўнушае аптымізм чытачу, не знаёмаму з кітайскім стылем, і вусным каментаром, што ніколі такога не было, у тым ліку з іншымі краінамі, «і яшчэ гадоў 100 не будзе»».

Беларускія заганы
Якія прэтэнзіі кітайцы найчасцей выстаўляюць беларусам на перамовах: «складанасць беларускіх нормаў, правіл, працэдур, боязь сілавікоў, кантралёраў, прыняцця рашэнняў, залежнасць ад Расіі».
«Беларускі бок заўсёды гатовы вырашыць пытанне сілавым ці палітычным спосабам, кітайскі — камерцыйным ці судовым», — адзначае Руды.
Адзін з кітайскіх бізнэсоўцаў сказаў паслу Рудаму, што беларусы перанялі ад рускіх і еўрапейцаў тое, што ў спалучэнні дае найгоршы вынік: ад першых — недасканалыя законы, а ад другіх — жорсткае правапрымяненне.

У Кітаі з вамі сябе паводзяць так, як вы дазваляеце з сабой паводзіць, адзначае беларускі экс-пасол: «Гэтую пастаянную змену пазіцый, ліслівасці на пагрозу, дружбы на варожасць і наадварот, у дыпламатыі Кітая мой калега, пасол ФРГ у КНР у 2013—2018 гадах Майкл Клаус, аднойчы вельмі дакладна параўнаў са «зменай масак у кітайскай оперы».

Што чакае Кітай эпохі Сі?

Руды ў дэталях тлумачыць, што Кітай рабіў, а Беларусь не рабіла апошнія дзесяцігоддзі, і ў той жа час не абыходзіць пытанні, адказу на якія сёння шукае цэлы свет: цяпер, калі Кітай перайшоў ад калектыўнага кіраўніцтва да культу асобы Сі Цзіньпіна і пачаў «нармалізацыю» гігантаў IT, гэтай краіне ўдасца захаваць ранейшыя тэмпы развіцця ці не?

Прагноз Рудага ў 2021 годзе быў аптымістычны. Ці можа быць, што наш дыпламат недаацэньвае пагрозы лічбавага таталітарызму?

Цікава параўноўваць ацэнкі дыпламата трохгадовай даўніны з сённяшнімі рэаліямі — у прыватнасці, з тым, як Кітай захоўвае дыстанцыю ад Расіі падчас вайны ва Украіне.

«На практыцы бестэрміновае кіраванне — парою не самамэта. Яно зыходзіць з унутранага пераканання, што служыць умовай для рашэння іншых задач, — піша Кірыл Руды. — Непазбежна з часам сціраюцца механізмы стрымлівання і процівагі, утвараецца атмасфера пастаяннага кансэнсусу, спрыяльная для промахаў і памылак, інерцыі і страху перамен у кіраўнічага апарату, перакладання адказнасці за ўсе рашэнні на лідара», — піша Руды.

Але, на думку беларускага пасла, як бы ні змяніла Кітай аднаасобнае кіраванне і новы курс, «мы застаёмся непадобнымі. Кітай змяніўся, пайшоў далей і ўжо прайшоў пункт невяртання. Каб выйсці на яго ўзровень, давядзецца мяняцца і Беларусі, — падсумоўвае Руды.

— Надзеі на вонкавы рычаг для развіцця Беларусі ў абліччы Кітая ў сілу яго ўсё большай непадобнасці і апераджальных тэмпаў развіцця знікаюць. Беларусі не пазбегнуць, якім бы нудным і стамляльным тое ні здавалася, эканамічных, інстытуцыйных ды іншых рэформаў, якія ў выніку раскадзіруюць паводзіны беларусаў, зрабіўшы Беларусь і Кітай падобнымі».

Кирилл Рудый. Непохожие. Взгляд на Китай и белорусско-китайские отношения. — Выдавецкі дом «Звязда», 2021

Каментары11

  • серо-бурый
    14.04.2024
    На это пошли командировочные этого лукашиста? Посмотрел бы ютуб, открыл бы пару статей англоязычных и то проку больше. Из всего его словесного поноса понятно, что он не вынес базис: если желтолицых в сегодняшнием их виде не выгонять из страны, со временем будешь сидеть в концлагерях как  уйгуры. Мы сейчас на этапе африканцев, которым строили стадионы в обмены на алмазы. И рудого это, судя по всему, устраивает.
  • Сенько Саша
    14.04.2024
    Эпоха Си остановила развитие Китая и сделала первый шаг к экономическому кризису. Рудый просто «мальчик по вызову», не более. Пишет то, что можно продать в Китае. В остальном мире такие рудые не пользуются спросом. Послов в Беларуси нет, это шавки. Некоторые за этот 5-летний срок вместо работы пишут кандидатские и докторские, некоторые просто просиживают штаны, набивая мошну валютой из государственного бюджета.
  • Так
    14.04.2024
    кансерватары-неамааісты
    Своеасаблівы аксюмаран.

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна7

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Усе навіны →
Усе навіны

Экс-прэзідэнт Польшчы: Замарожаны канфлікт будзе трагічнай весткай для Украіны3

Упершыню за палову месяца даляр патаннеў

«Калі набыў $20 па курсе 3,3 — і цяпер ты паспяховы інвестар»: як беларусы рэагуюць на скачкі валют7

У 53 гады загінуў былы турэмны начальнік з Оршы5

У Брэсце мужчына падумаў, што яму атруцілі каву, і ўдарыў афіцыянтку лыжкай. Завялі крымінальную справу3

Паліцыя разагнала пратэст у цэнтры Тбілісі3

Улады Малдовы вырашылі не плаціць «Газпраму» доўг памерам 709 млн даляраў

«Цяпер хоць стала можна нармальна зарабляць». Што думаюць таксісты пра працу ў новых умовах9

Аўстралія забароніць падлеткам да 16 гадоў карыстацца сацыяльнымі сеткамі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна7

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Галоўнае
Усе навіны →