Гісторыя66

Чаму распаўся Савецкі Саюз?

Чаму такі лёс спасціг магутную дзяржаву, якая яшчэ за некалькі гадоў да таго здавалася вечнай? І чаму нас вучыць гэтая гісторыя?

Міхаіл Гарбачоў (злева) і Барыс Ельцын, 23 жніўня 1991 года. Два дні таму праваліўся путч, і ў Ельцына зорны час. А Гарбачоў яшчэ пры пасадзе, але палітычнай вагі ўжо практычна не мае. GEORGES DEKEERLE / SYGMA

Адной з пераломных дат у гісторыі СССР стаў дзень задоўга да яго распаду — 5 сакавіка 1953 года, калі на падмаскоўнай дачы ў Кунцаве памёр шматгадовы лідар савецкай дзяржавы, стваральнік адной з найбольш нялюдскіх у сусветнай гісторыі таталітарных сістэм Іосіф Сталін. Спадчына «крамлёўскага горца» здавалася вечнай, настолькі грунтоўна зачышчанае грамадскае жыццё ён пакінуў пасля сябе.

Але паплечнікі Сталіна фактычна адразу пасля яго смерці адмовіліся ад найбольш адыёзных ягоных практык і самі пайшлі на лібералізацыю ранейшай палітыкі. Бо большасць іх адчувала, што далей так працягвацца не можа, трэба нешта мяняць, інакш выбух непазбежны. Да таго ж функцыянаванне сістэмы, у аснове якой толькі гвалт і прымус, вымагае надта вялікага напружання на ўсіх узроўнях: не толькі ад насельніцтва, але і ад вярхоў. А партыйным бонзам таксама ўжо хацелася спакайнейшага жыцця, без пастаяннага дамоклавага мяча і над уласнай галавой.

Праўда, колькі-небудзь дэмакратычнай краінай і паслясталінскі Савецкі Саюз назваць ніяк не выпадала: дысідэнты, адкрытыя ворагі савецкай улады, у ім жорстка пераследаваліся, і хоць іх ужо не расстрэльвалі, але многія правялі ў турмах і лагерах дзясяткі гадоў, а некаторыя там і памерлі. Цэнзура, недапушчэнне альтэрнатыўных меркаванняў у публічнай сферы — гэта ўсё нікуды не дзелася. Але да сапраўды масавых рэпрэсій вяртання больш ніколі не было. Сталінскі СССР і паслясталінскі, як кажуць у Адэсе, дзве вялікія розніцы. 

Сацыяльны кантракт

Узаемаадносіны паміж уладай і грамадствам у паслясталінскім СССР вызначаліся праз своеасаблівы нефармальны сацыяльны кантракт. Сутнасць яго: грамадства цярпела манапольнае права Камуністычнай партыі на ўладу ў краіне, а ўзамен партыя брала на сябе абавязак забяспечваць асноўныя жыццёвыя патрэбы людзей. Ад людзей улады сталі не толькі браць, як раней, але нешта ім і даваць.

Але заставаўся непарушным прынцып: савецкі чалавек не сам адказвае за сваё жыццё, большасць дабротаў яму бярэцца забяспечваць дзяржава. Бо яна і не думала адмаўляцца ад манаполіі на сродкі вытворчасці. Усе заводы, фабрыкі, майстэрні, культурныя, навуковыя, адукацыйныя ўстановы — дзяржаўныя. Людзі ў такой сістэме не могуць легальна арганізаваць сваю справу, заняцца прыватным бізнэсам. Нават уласнага каня на вёсцы завесці не могуць, бо ён таксама як цяглавая сіла лічыўся сродкам вытворчасці.

Адбіраючы ў людзей свабоду, савецкая дзяржава давала ім пэўныя гарантыі. Памер заробкаў утрымліваўся на адным і тым жа ўзроўні гадамі, мала залежачы ад рынкавай кан’юнктуры, гадамі не мяняліся і цэны на асноўныя прадукты ці прамтавары. Праца, а значыць і нейкая крыніца даходаў, была не проста гарантаваная — на яе абавязвалі ўладкоўвацца нават тых, хто не хацеў. Былі шанцы атрымаць ад дзяржавы жыллё — калі не пастаяннае, то часовае. І хоць агульны ўзровень жыцця ў Савецкім Саюзе быў заўсёды вельмі нізкі ў параўнанні з развітымі капіталістычнымі краінамі, многія яго грамадзяне сапраўды адчувалі тую славутую «ўпэўненасць у заўтрашнім дні», па якой многія пасля настальгавалі.

А некаторыя настальгуюць і дагэтуль. 

План замест рынку

Савецкая эканоміка была камандна-адміністрацыйнай і планавай. Дзяржаўны планавы камітэт (Дзяржплан) пры Савеце Міністраў СССР распрацоўваў агульнасаюзныя планы на пяцігодку, у адпаведнасці з якімі падрабязна распісвалася ўсё што можна: і колькі пабудаваць новых заводаў і фабрык, і колькі якой вырабіць прадукцыі, і куды яе ўсю падзець, і колькі чаго пасеяць, і колькі ўбраць, і г. д.

У тэорыі планавая эканоміка мела перавагу перад рынкавай у тым, што яна ўтаймоўвала рынкавую стыхію і накіроўвала яе выключна ў патрэбнае людзям рэчышча. На практыцы, аднак, усё выходзіла зусім іначай.

Грандыёзныя планы складаліся звычайна па-валюнтарысцку, без належнай эканамічнай ацэнкі ўсіх «за» і «супраць», кожнае ведамства — а іх у СССР развялося вельмі шмат — лабіравала свае інтарэсы, не надта клапоцячыся пра інтарэсы іншых. Галоўнае было — выбіць з Масквы «фонды», а пасля іх «засвоіць».

Першасным крытэрыем для ацэнкі эфектыўнасці дзейнасці стала выкананне даведзеных зверху планавых паказчыкаў, а якімі спосабамі гэта дасягалася, мала каго цікавіла. Нерэалістычныя планы не выконваліся, пераглядаліся па ходу, часта закрываліся дзьмутымі справаздачамі. І выходзіла так, што на паперы вымалёўвалася вельмі прыгожая карцінка: Савецкі Саюз, паводле статыстыкі, няўхільна павялічваў вытворчасць усяго што можна, займаючы першыя месцы ў свеце. На справе ж былі пустыя прылаўкі ў крамах, нязводныя баракі і камуналкі, жахлівая экалогія, пра якую звычайна пры выкананні грандыёзных праектаў увогуле не думалі. 

Нафтадолары: выратавальныя і згубныя

У 1950—1960-я гады савецкія геолагі адкрылі вялікія запасы нафты і газу ў Заходняй Сібіры. Гэта дазволіла не толькі цалкам забяспечваць гэтымі рэсурсамі ўласныя патрэбы СССР, але і ў вялікай колькасці экспартаваць энерганосьбіты ў Еўропу. Гэты экспарт на доўгія гады стаў асноўнай крыніцай валютных паступленняў у саюзны бюджэт і дазваляў да пары пакрываць страты ад неэфектыўнай агульнай сістэмы гаспадарання. Асабліва шмат нафтадолараў паплыло ў Маскву ў 1970-я гады, калі ў свеце ўзнік востры энергетычны крызіс і цэны на энерганосьбіты ўзраслі ў некалькі разоў. Тое дзесяцігоддзе запомнілася савецкім людзям як найбольш спакойнае за ўвесь савецкі перыяд і адносна «сытае» ды забяспечанае ў параўнанні з іншымі.

Але ўрэшце ўсё гэта вылезла бокам.

Атрымліваючы вялізныя сродкі ад продажу сыравіны, кіраўніцтва СССР магло сабе дазволіць доўгі час гнаць ад сябе думкі пра неабходнасць рэфармавання сістэмы, якая чым далей, тым рабілася ўсё больш анахранічнай. Нягледзячы нават на шалёныя прыбыткі ад экспарту нафты і газу, гэтая сістэма ніколі не магла толкам забяспечыць унутраны савецкі рынак патрэбнымі насельніцтву спажывецкімі таварамі. Увесь час існавання СССР таварны дэфіцыт быў пастаянным спадарожнікам жыцця савецкага чалавека. Вечна не хапала то таго, то гэтага, а то і ўсяго адразу. І калі сталіцы ды буйныя гарады так-сяк яшчэ забяспечваліся, то ў глыбінцы часта было не дакупіцца нават элементарных прадуктаў і тавараў.

Затое гіганцкія сродкі ішлі на задавальненне геапалітычных амбіцый савецкага кіраўніцтва. Пасля Другой сусветнай вайны наўпрост ці ўскосна ўся сусветная палітыка вызначалася суперніцтвам паміж дзвюма сусветнымі супердзяржавамі, ЗША і СССР. А статус супердзяржавы — не толькі гонар, але і пастаянныя аграмадныя выдаткі.

Вялікая частка дзяржаўнага бюджэту СССР выдаткоўвалася «на абарону»: выраб і падтрыманне ў баявым стане вайсковай тэхнікі, зброі, у тым ліку ядзернай, утрыманне вялікай арміі і флоту. Нямала ішло сілаў, сродкаў і энергіі на ўтрыманне ў сваёй арбіце краін «народнай дэмакратыі». І калі недзе ў азіяцкіх джунглях ці афрыканскіх саванах нейкі мясцовы лідар, прыйшоўшы да ўлады, пачынаў праяўляць цікавасць да перспектыў будаўніцтва на сваёй амаль першабытнай радзіме камунізму, то ён мог цалкам разлічваць на шчодрую, і зусім не толькі маральную, дапамогу з боку Крамля.

Але да пары збан ваду носіць, і Масква не магла сабе такое дазволіць вечна. У 2-й палове 1980-х адбылася катастрофа. Беспрэцэдэнтна высокія сусветныя цэны на нафту, якія трымаліся цэлае дзесяцігоддзе, абрынуліся ў некалькі разоў. І гэта ўсяго за некалькі гадоў дабіла савецкую эканоміку. На мяжы 1980—1990-х гадоў савецкі рубель пачаў імкліва дэвальвавацца, цэны — расці, таварны дэфіцыт стаў усеагульным, а сацыяльныя гарантыі ўсё больш абмяжоўваліся. Дзяржава больш не магла выконваць сваю частку нефармальнай грамадскай дамовы, адпаведна, і ў народу больш не было стымулу трымацца за сваю. 

Крах ідэалогіі

У такіх умовах заставалася спадзявацца, што плячо кульгавай сістэме, якая прывяла да эканамічнага калапсу, падставіць ідэалогія. Але аказалася, што камуністычная ідэя як такая да таго часу фактычна памерла, ад яе заставаўся толькі фасад, за якім усё згніло. І гэта пры тым, што на першым этапе свайго развіцця гэтая ідэя была падобная да рэлігійнай, за яе нямала людзей гатовыя былі літаральна аддаць жыццё, свядома ахвяравалі ўсім асабістым і ішлі на пакуты.

Чаму ж яна, у адрозненне ад многіх рэлігійных вучэнняў, садзьмулася так хутка?

Справа ў тым, што ў камуністычным вучэнні не было аднаго важнага элемента, які ёсць ва ўсіх рэлігіях, што існуюць стагоддзямі ды тысячагоддзямі, — веры ў замагільнае жыццё, у тое, што за пакуты і праведнае жыццё на гэтым свеце чалавек атрымлівае каштоўную прэмію пасля смерці: вечнае жыццё ў раі, як у хрысціянстве, юдаізме ці ісламе, ці выгоднае перасяленне душы, як у індуізме ці будызме.

Камуністы ж, наадварот, цвёрда стаялі на пазіцыях крайняга матэрыялізму і катэгарычна сцвярджалі: ніякай несмяротнай душы няма, замагільнага жыцця таксама, усё жыццё чалавека праходзіць на гэтым свеце, таму на ім і толькі на ім трэба будаваць справядліва ўладкаванае грамадства — камунізм. І чым хутчэй людзі адмовяцца ад эгаістычных памкненняў і аддадуць усе свае сілы ды імпэт на грамадскія патрэбы, тым хутчэй гэты камунізм, як рай на зямлі, будзе пабудаваны. Галоўнае — ні на крок не адступаць ад ленінскіх запаветаў ні ў грамадскім, ні ў асабістым жыцці.

На адно-два пакаленні гэта яшчэ магло працаваць, у светлую камуністычную будучыню ўжо на гэтым свеце можна было верыць авансам. А негатыўныя з’явы спісваць на натуральныя выдаткі ад перабудовы грамадства, супраціў старых элементаў, падкопы шкоднікаў і імперыялістычнага атачэння. Калі ўсіх выявіць, знішчыць, абясшкодзіць, то тады ўжо зажывём і камунізм запануе!

Але з часам нават у самых шчырых вернікаў энтузіязм прыгасаў, бо рабілася відавочным, што тэорыя надта ўжо разыходзіцца з практыкай. Абяцанні раз за разам не спраўджваліся, тэорыя пераглядалася, тэрміны пабудовы камунізму ўвесь час пераносіліся, прыдумляліся нейкія новыя прамежкавыя звёны.

Галоўнае ж — тыя, хто імкнуўся шчыра і цвёрда трымацца ў сваім жыцці «запаветаў Ільіча», бачылі, што жывуць, як правіла, горш за тых, хто пра гэтыя запаветы ў лепшым выпадку рытуальна згадвае, а жыццё будуе на зусім іншых прынцыпах. Прытым у першых шэрагах — партыйнае начальства, якое зусім не жыве жыццём простага народу, маючы прывілеі. У «самым справядлівым» грамадстве насамрэч няма ніякай справядлівасці. І надзеі на тое, што справядлівасць будзе на тым свеце, таксама няма.

У выніку ў вырашальны момант партыя, членамі якой на заключным этапе існавання было каля 20 мільёнаў чалавек, была проста ліквідаваная адным росчыркам пяра. І ніхто не выйшаў яе актыўна бараніць. 

Нацыянальнае адраджэнне

У той жа час сапраўды нязводнай і невынішчальнай выявілася іншая ідэя — нацыянальная. Ад самага пачатку сваёй гісторыі камуністы бачылі ў нацыяналізме аднаго з найгалоўнейшых сваіх ворагаў і жорстка ды паслядоўна з ім змагаліся, не спыняючыся нават перад самымі жорсткімі метадамі. Хоць мусілі і прыстасоўвацца да факта існавання нацыянальных рухаў, прапануючы ўзамен класічнага нацыяналізму сваю ўласную канцэпцыю развіцця ўсіх культур народаў СССР як «нацыянальных паводле формы, сацыялістычных паводле зместу».

Але прывабнасць камуністычнай ідэалогіі з часам развеялася як дым, а любоў да сваёй радзімы аказалася чыннікам куды больш трывалым.

Ва ўмовах дэмакратызацыі грамадскага жыцця ніводная рэспубліка не засталася ўбаку ад працэсу нацыянальнага абуджэння, выхаду на свет таго, што да пэўнага часу было прыглушана ціскам і рэпрэсіямі. У кожнай рэспубліцы ўзнік рух за нацыянальнае адраджэнне і дасягненне сапраўднага нацыянальнага суверэнітэту. Недзе ён быў больш моцны, недзе менш, але ўзнікаў усюды. Тым больш што ў апошнія гады Саюза адкрыліся цэнзурныя шлюзы і на грамадства абрынулася цэлая лавіна ведаў, якія раней ад яго доўга і старанна хаваліся.

І шмат дзе ў гэтым пабачылі для сябе асабіста новыя магчымасці мясцовыя высокапастаўленыя камуністычныя функцыянеры. Тыя з іх, якія зразумелі, да чаго ідзе справа, не сталі чапляцца за збанкрутаваную ідэалогію, а прыйшлі прынамсі да часовага кампрамісу з нацыянальнымі сіламі, фактычна ўзначаліўшы шлях сваіх рэспублік да незалежнасці. Што пасля апраўдала сябе: многія былыя партыйныя і камсамольскія лідары знайшлі сябе ў новых умовах, збудаваўшы ўжо ў іх паспяховую палітычную кар’еру ці дабіўшыся поспехаў у іншых сферах. 

Ці мог СССР захавацца?

Улічваючы поўнае банкруцтва да канца 1980-х гадоў камуністычнай ідэалогіі, як дзяржава, якая ставіць сваёй стратэгічнай мэтай пабудову камунізму, Савецкі Саюз захавацца ніякіх шанцаў не меў. Ад гэтай ідэалогіі, як і звязанай з ёй планавай эканомікі, давялося б усё адно рана ці позна адмаўляцца. Максімум, чаго можна было б дасягнуць, — гэта расцягнуць агонію яшчэ на некалькі гадоў ці нават дзесяцігоддзяў, непазбежна праліўшы пры гэтым шмат крыві.

Бо некаторыя рэспублікі ўтрымаць у складзе «абноўленага Саюза» можна было б толькі сілай.

У той жа час зусім не быў гістарычна прадвызначаным поўны аднамомантны распад Савецкага Саюза, з аддзяленнем абсалютна ўсіх былых рэспублік. Далёка не ва ўсіх з іх нацыянальны рух і прага да самастойнасці былі развітыя на такім узроўні, каб з сепаратысцкімі тэндэнцыямі цэнтр не мог справіцца. Нават пасля жнівеньскага путчу 1991 года кіраўнікі некаторых рэспублік, перадусім сярэднеазіяцкіх і Беларусі, працягвалі ездзіць у Маскву і весці перамовы аб патэнцыйным новым саюзе з Гарбачовым. Канчатковую кропку на гэтых спробах паставіла толькі пагадненне ў Віскулях 8 снежня 1991 года.

Можна дапусціць, такім чынам, што калі б рэформы зверху ў Савецкім Саюзе былі запушчаныя раней і былі больш фундаментальнымі, то ў нейкім новым выглядзе аб’яднаную дзяржаву з удзелам часткі рэспублік захаваць на нейкі час яшчэ ўдалося б. Але для гэтага трэба было зразу прызнаць, што камуністычная ідэалогія сябе цалкам вычарпала і мусіць быць безумоўна дэмантаваная. Перабудова ж задумвалася Міхаілам Гарбачовым як спроба падлатаць збанкрутаваную сістэму, пазбавіць яе найбольш адыёзных ды абсурдных рысаў, але руйнаваць яе цалкам усё ж не планавалася. Вось толькі джын, выпушчаны з пляшкі, назад вяртацца ўжо не захацеў і зажыў сваім жыццём. На жаль для адных і на радасць іншым.

«Тых, хто спазняецца, гісторыя карае» — гэтую славутую заўвагу Міхаіла Гарбачова, адрасаваную немаладому кіраўніку ГДР Эрыху Хонэкеру, можна было б адрасаваць і кіраўніцтву Савецкага Саюза апошніх дзесяцігоддзяў, і самому Гарбачову.

Чытайце таксама:

У прадмове двойчы цытуецца Пуцін і ні разу Лукашэнка — рэцэнзія на хаатычныя мемуары Мясніковіча

«Адмова ад свабоды і права нешта самастойна вырашаць узамен за гарантаваны паёк». Гісторык — пра беларусаў пры СССР 

«Усё ж часы былі тады іншыя». Пахаванне Алеся Пушкіна ў 2023-м vs пахаванне Ларысы Геніюш у 1983-м

Каментары6

  • Кастусь
    16.03.2024
    эта история учит нас тому что ничто не вечно под луной. Развалились Римская империя, британская, османская, австро венгерская, германская ну и т.д.
  • Жыве Беларусь
    16.03.2024
    І добра. Спадзяюся для нашых усходніх суседзяў гэта не канец)
  • Север
    16.03.2024
    Советский союз никуда не распался. Служба внешней расведки СССР провела операцию по изменению собственника имущества страны. Все полезные ископаемые страны попали под контроль небольшой группы людей. Народцу сделили платным высшее образование, медицину, подняли пенсионнный возраст и позволили приватизировать по символической цене советские хрущовки. Песенку про то как развалили СССР для идиотов поют те кто участвовал в этом разделе имущества. 

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары8

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Усе навіны →
Усе навіны

На Філіпінах віцэ-прэзідэнтка адкрыта прыгразіла прэзідэнту і яго сям'і смерцю2

У беларускіх лясах пайшлі зімовыя апенькі. Якія яшчэ грыбы не спужаліся першых снегападаў?

Ангела Меркель: Я добра ведала намеры Пуціна і ведала, што ён вораг Еўропы11

У Брэсце паставілі скульптуру Дон Кіхота з ветраком, падобным да вентылятара ФОТАФАКТ1

«Жанчыны, на якіх можа разлічваць Гайдукевіч». Найлепшыя твіты тыдня2

Міністр замежных спраў Францыі пацвердзіў права Украіны біць па Расіі французскімі ракетамі2

«Усё ў нашых руках». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні24

Знялі з пасады камандуючага расійскай групы войскаў «Поўдзень». Кажуць, што брахаў начальству пра поспехі1

«20 сутак правёў у камеры з вар'ятам без адной рукі». Маналог палітвязня, які трапіў у калонію за 8 рублёў шкоды5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары8

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Галоўнае
Усе навіны →