Падчас рэканструкцыі кінатэатра «Перамога» неспадзявана знайшлі карціну
У Мінску пачалася рэканструкцыя кінатэатра «Перамога», пабудаванага ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. На працы адведзена 17 месяцаў. Падчас дэмантажу адной з перагародак пад гіпсакардонам выявілі карціну, піша reform.by.
Запрошаным на месца спецыялістам трэба высветліць, ці ўяўляе малюнак мастацкую каштоўнасць.
Што гэта за карціна, неўзабаве высветлілася. Як узгадаў мастак Андрэй Задорын, заказ на гэтую выяву ў 1990 годзе атрымалі чатыры мастакі — ён, Васіль Баранаў, Вячаслаў Лямачка і Раман Заслонаў. Апошні ў роспісе не ўдзельнічаў, але яго імя ўсё адно ўвекавечылі (прозвішчы выбітыя пад роспісам).
Па інфармацыі Задорына, фрэску ў свой час прыбралі «па патрабаванні ветэранаў».
Падчас рэканструкцыі ў будынку кінатэатра збіраюцца правесці і ўнутраную перапланіроўку. Хол кінатэатра чакае рэстаўрацыя: адновяць паўкруглыя фрэскі пад скляпеннямі, масіўныя дзвярныя канструкцыі, ляпны дэкор на калонах і карнізах, вялікія люстры. Рэстаўрацыйныя работы выканаюць таксама на фасадзе будынка.
Работы па рэканструкцыі выконвае СУ-3. Спецыялісты ўжо прыступілі да дэмантажных работ — разабралі перагародкі, падлогавыя пакрыцці і сцяжкі, падвясныя столі, збіваецца плітка са сцен.
Каментары