«Мяне можна назваць памочнікам камандзіра». Вадзім Пракоп'еў расказаў пра полк «Пагоня»
Вадзім Пракоп'еў расказаў «Нашай Ніве», хто уваходзіць у новы добраахвотніцкі полк, ці шмат жадаючых уступіць у шэрагі і чым яны цяпер займаюцца.
«Пакуль у нас невялікае падраздзяленне — кшталту ўзвода. Мы назваліся палком, бо гэта ілюструе задачу — сфармаваць вялікае добраахвотнае падраздзяленне. І я думаю, што задача будзе выкананая: у варшаўскім цэнтры адбору добраахвотнікаў толькі да нас папрасілася каля тысячы чалавек (без уліку жадаючых трапіць у батальён Каліноўскага, да іх прыкладна столькі ж, я думаю). Праводзіцца адбор. Гэта ж пытанне ваеннага будаўніцтва, бо я не чакаю, што вайна хутка скончыцца, часу на тое, каб стаць палком, хапае.
Бягучыя задачы — прайсці зладжванне, трэніроўкі, ідэалогію. Вядома, мы цалкам падпарадкаваныя ЗСУ, камбат — украінец. Усе мы ў складзе замежнага легіёна ЗСУ. Раніцай — украінскі гімн, вечарам — беларуская ідэалогія.
Ці ёсць адрозненні ад батальёна Каліноўскага? Яны сур’ёзныя рабяты, іх касцяк прайшоў баявыя дзеянні яшчэ з 2014-га. У нас пакуль не ваяваў ніхто, але наш касцяк складаюць былыя байцы сілаў спецыяльных аперацый Беларусі, чые імёны я пакуль называць не буду. Я не бачу паміж намі канкурэнцыі, у нас адна агульная задача, для выканання якой, я думаю, у будучыні аб’яднаюцца ўсе беларускія падраздзяленні.
Мяне самога можна назваць памочнікам камандзіра. Я звычайны салдат, мая ваенная адукацыя тут нікога не цікавіць — я звычайны кантрактнік ЗСУ. Пакуль многа казаць нельга, скажу толькі, што спім то ў спальных мяхах між дрэвамі, то ў казарме — звычайны салдацкі побыт. Зброя — еўрапейская. Амуніцыя ёсць, але трэба больш. Усё вырашаем».
Каментары