Грамадства

Жанчына, якая загнала ў кут Церцеля. Хто такая менеджар «Нафтана», якую трэці месяц мучаць суткамі

Начальнік аддзела рэалізацыі нафтапрадуктаў на «Нафтане» — праца мары. Заробак — пад 2000 даляраў за месяц. Вольга Брыцікава пайшла назіральніцай на выбары, і з таго моманту яе жыццё перавярнулася.

51-гадовая Вольга Брыцікава ўзначальвала на «Нафтане» незалежны прафсаюз

Многія бачылі тое відэа: акуратна апранутая, упэўненая ў сабе жанчына пытаннямі заганяе ў кут Івана Церцеля, старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю. Гэта было 14 жніўня 2020 года. Цяпер Церцель кіруе Камітэтам дзяржбяспекі. А жанчына, Вольга Брыцікава, спіць на нарах у ізалятары часовага ўтрымання ва Ушачах.

Знаёмыя кажуць, што да 2020 года Вольгу нельга было назваць актывісткай. 

«Яна была добрай спецыялісткай і выдатна праявіла сябе ў фірме, дзе працавала раней. Адтуль яе паклікалі ў аддзел рэалізацыі нафтапрадуктаў «Нафтана». Праз нейкі час Вольга гэты аддзел узначаліла, — згадвае яе знаёмы. — Груба кажучы, ад Брыцікавай залежала, як будзе прадавацца прадукцыя прадпрыемства.

Вольга казала, што зарабляла апошнім часам каля 4 тысяч рублёў. Вельмі добры заробак. Гэта многіх пасля здзіўляла — як можна было прамяняць такую зарплату на ўсе гэтыя выступы, праблемы, ператрусы? Але Вольга заўсёды лічыла: сумленне на грошы памяняць нельга. 

16 гадоў яна адпрацавала на «Нафтане»: сціплы і запатрабаваны прафесіянал. «У палітыцы не ўдзельнічала, нічога такога», — кажа чалавек, які яе ведаў. Так было да 2020 года.

Тады 49-гадовая Брыцікава вырашыла стаць назіральніцай, быў такі парыў душы. І пачалося.

«Яе ў першы ж дзень пазбавілі акрэдытацыі, — кажа яе сябар. — На яе гэта вельмі паўплывала. І калі работнікі выйшлі 14 жніўня, Вольга далучылася і ўключылася ў актыўны рух. Яна сама пасля смяялася, казала: сядзела сабе ў кабінеце, нікуды не лезла, а тут не змагла маўчаць.

Яна ж бачыла, што адбывалася перад выбарамі, што зрабілі з Ціханоўскім. І проста хацела справядлівасці. Ёй было няважна, хто выйграе тыя выбары — галоўнае, каб яны прайшлі сумленна і справядліва. Брыцікава — крыштальна чысты чалавек».

17 жніўня 2020 года менавіта Вольга агучыла патрабаванні калектыву «Нафтана» на сустрэчы работнікаў з тагачасным кіраўніком Камітэту дзяржкантролю Іванам Церцелем (цяпер ён узначальвае КДБ).

Нафтанаўцы патрабавалі расследаваць гвалт сілавікоў і прызначыць новыя прэзідэнцкія выбары. Церцель пераконваў людзей, што «сітуацыя ў краіне цяжкая, калі не супакоіцца, то будзе як ва Украіне».

Брыцікава тады не спусціла гэта.

«З чаго раптам яна стала цяжкай? Яшчэ тыдзень таму ўсё квітнела і пахла. Дык, можа, таму, што яна была цяжкай?» — пацікавілася на той сустрэчы Вольга.

Пасля некаторыя актыўныя работнікі прадпрыемства, у тым ліку і Брыцікава, мелі размову з дзяржаўнымі прафсаюзнікамі. Былы работнік «Нафтана» згадвае, што людзей паклікалі ў кабінет Уладзіміра Азаронка, старшыні нафтанаўскага праўладнага прафсаюза. Там быў таксама прадстаўнік Белхімпрафсаюза па Віцебскай вобласці Сяргей Троцкі. 

Яны тлумачылі, што нібыта гатовыя «ўпрэгчыся» за работнікаў, але ім трэба спачатку праглядзець тэкст патрабаванняў і прыбраць некаторыя пункты. Выкінуць прасілі палітычныя моманты. Маўляў, прафсаюз не можа патрабаваць новых выбараў.

«Прасіце расследавання гвалту, што заўгодна, толькі не чапайце Лукашэнку ці Ярмошыну», — пераказвае тыя заўвагі былы завадчанін.

Але нафтанаўцы не пайшлі насустрач прадстаўнікам афіцыйных прафсаюзаў.

Быў і яшчэ адзін момант. Падчас сустрэчы з Церцелем 17 жніўня незадаволеныя работнікі «Нафтана» пачулі: як вы дакажаце, што прадстаўляеце інтарэсы ўсіх рабочых? 

Тады на прадпрыемстве пачаўся збор подпісаў пад патрабаваннямі правесці новыя выбары і расследаваць гвалт супраць пратэстоўцаў. 

«Людзям пагражалі, часам забіралі спісы з подпісамі. Бывала, што начальнікі дробных падраздзяленняў запалохвалі людзей, некаторыя забіралі і рвалі паперку, некаторыя абяцалі самі аднесці подпісы «наверх», але пасля паперка знікала… — згадвае былы работнік «Нафтана». — Агулам на прадпрыемстве працавала каля 10 тысяч чалавек. І за суткі, калі нехта быў на выхадных, нехта ў адпачынку, мы сабралі 3,5 тысячы подпісаў!

Было загадзя дамоўлена, што гэтыя подпісы будуць падлічваць разам прадстаўнікі работнікаў, у тым ліку і Брыцікава, і прадстаўнікі праўладных прафсаюзаў Уладзімір Азаронак, Сяргей Троцкі, а таксама Ірына Судакова, прафсаюзніца з «Паліміра». 

Калі пачаўся падлік, стала зразумела, што лукашэнкаўцы вельмі хочуць убачыць прозвішчы ў гэтых спісах. Але Брыцікава і прадстаўнікі работнікаў не паказвалі канкрэтныя прозвішчы, каб пасля людзі не трапілі пад рэпрэсіі. 

Трэба было бачыць, як мяняліся твары Азаронка, Судаковай і Троцкага, калі лічба ўсё павялічвалася і павялічвалася! 

Праўладныя прафсаюзнікі намагаліся выцыганіць гэтыя спісы любым шляхам, ім не давалі. Выглядала, што кабінет праслухоўваўся, бо некалькі разоў пасля чарговай адмовы Азаронку нехта званіў і ён выходзіў з кабінета. Пасля нам расказвалі, што Азаронак бегаў на кансультацыі ў кабінет дырэктара».

Пасля ўсяго гэтага работнікі «Нафтана» пачалі масава пісаць заявы на выхад з праўладных прафсаюзаў і ўступаць у незалежны — бо членства ў прафсаюзе на той момант яшчэ абараняла ад звальнення.

Уступіла ў незалежны прафсаюз і Вольга Брыцікава.

«Улетку 2020-га незалежны прафсаюз быў толькі на «Паліміры», з «Нафтана» там быў, можа, адзін чалавек. Але гэтыя два прадпрыемствы фактычна адно цэлае, і паціху колькасць людзей у незалежным прафсаюзе пачала расці, — кажа былы завадчанін. — Часам выклікалі да начальства, намякалі ці адкрыта казалі, што праз такую актыўнасць могуць быць праблемы. Усе разумелі, чым гэта можа скончыцца. Але ж імкненне да праўды і справядлівасці было мацнейшае за страх».

Ішоў час, кабінетныя размовы не дапамагалі. Некаторыя работнікі, разумеючы, што ім «намалююць» правіну і звольняць, сыходзілі ў стачку. 

На некаторых шукалі іншыя метады ціску. 

У снежні 2020-га Брыцікаву звольнілі: загад аб звальненні быў выдадзены ў сувязі з «пазбаўленнем доступу да дзяржаўнай таямніцы».

«У кантракце Вольгі было прапісана, што яна мае доступ да дзяржтаямніцы. Гэта была нейкая фінансавая інфармацыя, якую Вольга бачыла, можа, раз ці два на год, не працавала з ёй штодня. 

Як «нядобранадзейную», яе пазбавілі доступу да гэтай дзяржаўнай таямніцы — прыйшла папера з КДБ.

Па законе, Брыцікаву мусілі перавесці проста на іншую пасаду, якая не патрабуе такога доступу. Але вы ж самі ўсё разумееце, як у нас усё працуе. Вольгу проста звольнілі, — расказвае знаёмы Брыцікавай. — 

Прычым тую паперку ад КДБ ніхто так і не ўбачыў — можа, яе і не было ўвогуле.

Пасля сваё звальненне Брыцікава абскарджвала ў судзе,

суд запатрабаваў дакумент аб пазбаўленні Вольгі доступу да дзяржаўнай таямніцы. Адвакат, які прадстаўляў «Нафтан», не змог гэтага зрабіць, і скончылася ўсё проста трагікамічна. Суддзя на наступным пасяджэнні проста сказала: так-так, я бачыла той дакумент, але вам, Вольга, я яго паказаць не магу.

У выніку, ніхто той дакумент і не бачыў».

Вольга чалавек вельмі пазітыўны, характарызуюць яе знаёмыя. Яна ўспрыняла звальненне так: значыць, так было трэба, значыць, такі шлях. Жанчына лічыла, што трэба мяняць сістэму, чаго б тое ні каштавала. 

Пасля звальнення з «Нафтана» Брыцікаву абралі старшынёй незалежнага прафсаюза. Яна працягвала займацца правамі работнікаў, судамі, паперамі. 

У 2021 годзе было ўжо зразумела, што ціск узмацняецца. Але Вольга не хацела з’язджаць з Беларусі. 

«Адназначна хачу сказаць, што я не збіралася і не збіраюся з'язджаць. Гэта можа стаць толькі нейкай вымушанай мерай, і сёння я гэтую меру не разглядаю. Беларусь — мая радзіма, і я хачу жыць і працаваць тут. І я веру, што гэта магчыма», — казала яна.

У верасні 2021-га супрацоўнікі КДБ правялі ў Брыцікавай ператрус па справе «Рабочага руху»: тады гэтую ініцыятыву прызналі экстрэмісцкай, завялі справу за «заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы». Але ніякіх сувязяў з «Рабочым рухам» Вольга не мела. Ператрус прайшоў у яе кватэры, агледзелі машыну, Брыцікаву вазілі на допыт, але пасля адпусцілі. 

«Вольга светлы і добры чалавек. Яна крохкая жанчына, але прымусіць яе да чагосьці немагчыма. Калі яна вырашае нешта — то так і будзе, — кажа яе знаёмы. — Яна казала: буду ў Беларусі да апошняга, не магу падвесці людзей, якія ў прафсаюзе. Таксама адзначала: адбываецца бардак, шмат што кепска, але я ведаю, што ёсць людзі, якім яшчэ горш, чым мне». 

Яе адзіны сын восенню 2021-га пайшоў служыць. 

А 27 лютага 2022 года ў дзень рэферэндуму аб зменах у Канстытуцыю Вольгу затрымалі. 

Спачатку СМІ пісалі, што Брыцікаву затрымалі на выбарчым участку, бо яна фатаграфавала бюлетэнь. Але яе знаёмы гэта абвяргае. 

«Вольга нават не паспела дайсці да ўчастка. Толькі выйшла з дома — і адразу каля пад’езда яе затрымалі. 

Пасля пачаўся судовы канвеер. Брыцікава атрымала 15 сутак за відэаролік супраць вайны, пасля яшчэ 15 сутак за прымацаваны да курткі антываенны лозунг «Не вайне». Потым Вольгу асудзілі яшчэ на 15 сутак за словы «Не вайне», якія былі напісаныя на паперы і выстаўленыя ў вокнах яе кватэры (па словах праваабаронцаў, на судзе яна распавяла пра тое, што на адваротным баку былі напісаныя малітвы). 

13 красавіка Брыцікава зноў была асуджаная на 15 сутак, на гэты раз за антываенны пост у Інстаграме». 

27 красавіка Вольга мусіла выйсці на волю. Замест гэтага яе зноў судзілі. Цяпер ужо нібыта за пікетаванне — чарговыя 15 сутак. 

Агулам Вольга правядзе за кратамі як мінімум 75 сутак — 2,5 месяца. Амаль увесь гэты тэрмін яна знаходзіцца ў ізалятары горада Ушачы. 

«Але гэтае штампаванне сутак паказвае, што нічога на яе няма, крыміналку завесці няма за што. Цяпер жа тэрмінова ліквідуюць прафсаюзы, і Вольгу трымаюць, проста каб яна не перашкаджала рабіць гэта сваёй актыўнасцю, — мяркуе блізкі знаёмы Брыцікавай. — Ведаю, што Вольга трымаецца бадзёра, перадае выключна пазітыўныя паведамленні нават з-за кратаў: кажа, што ўспрымае гэта як міні-адпачынак.

Незразумела, апошнія гэта суткі, ці будуць катаваць яе далей, але дакладна ведаю — Вольгу гэтым зламаць не змогуць».

«Нашу Ніву» фінансуюць яе чытачы — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

«Заказчыкі ў пагонах прасілі: зрабі нам як у Расіі!» Геральдыст і былы супрацоўнік Мінабароны расказаў пра ідэолагаў сілавых структур і сваю гісторыю

Каментары

Чаму так рэзка даражэе даляр і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? Спыталі ў эксперта2

Чаму так рэзка даражэе даляр і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? Спыталі ў эксперта

Усе навіны →
Усе навіны

Прэмію Гедройця сёлета атрымаў Валянцін Акудовіч2

Канадскі прафесар заклікаў беларусаў да выключнай стрыманасці ў пытанні дыстанцыявання ад Расіі25

У Ізраілі ўхвалілі пагадненне аб спыненні вайны з «Хезбалой»3

Рэжысёр Сяргей Лазніца расказаў, як ствараўся фільм «У тумане» і чаму яго цэнзураваў Мінкульт1

Новы кампактны апрасняльнік не дасць загінуць ад смагі ў моры2

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў10

Краязнаўцы Жодзіна паказалі, як разбураецца Багуслаў Поле — месца, дзе пачалася гісторыя горада

Падазраваны ў арганізацыі нападу на паплечніка Навальнага атрымаў прытулак у Польшчы на падставе ліста ад «Хартыі 97»18

Беларуска прывезла на адпачынак у Дубай поўны чамадан прадуктаў18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чаму так рэзка даражэе даляр і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? Спыталі ў эксперта2

Чаму так рэзка даражэе даляр і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? Спыталі ў эксперта

Галоўнае
Усе навіны →