Міністр эканомікі расказаў, як ягоных продкаў вывозілі ў Германію паліцаі з бчб-павязкамі. Але такога не магло быць вось чаму.
Міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў напярэдадні 9 Мая падзяліўся з БелТА гісторыяй сваіх продкаў, дзе не прамінуў прыплесці беларускую сімволіку. Маўляў, ягоных аднавяскоўцаў вывозілі ў нацысцкую Германію паліцаі з бел-чырвона-белымі павязкамі.
Чарвякоў расказаў літаральна наступнае:
«Сям'я маёй бабулі жыла ў сяле пад Оршай. З прыходам акупантаў яны вымушаны былі пераехаць у хлеў-зямлянку. А іх дом заняў нямецкі палявы доктар. Аднойчы ён папярэдзіў, што будзе налёт.
Хутка прыйшлі паліцаі з бчб-павязкамі, сабралі амаль усіх маладых людзей і павезлі ў Германію. Адтуль ніхто не вярнуўся. Мая мама была старэйшай з дзяцей у сям'і. І калі б не нямецкі лекар, яе б таксама забралі».
На сумленні дапаможнай паліцыі, якая калабаравала з немцамі, як і аналагічныя структуры ў іншых акупаваных краінах, сапраўды нямала грахоў, але паліцыянты не насілі бел-чырвона-белых павязак, павязкі ў іх былі белыя з надпісам Polizei.
Можа быць, у вёску прыходзілі не паліцыянты, а нехта іншы з калабарацыяністаў? Але нацыянальныя арганізацыі, якія выкарыстоўвалі бел-чырвона-белую сімволіку, падчас нямецкай акупацыі дзейнічалі не ва ўсёй Беларусі, а толькі на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь.
Гэтая акруга складала адносна невялікую частку цяперашняй Беларусі, цэнтральную і частку заходняй: Міншчына, Барысаўшчына, Наваградчына, Лідчына, Дзісеншчына, Браслаўшчына. Астатнія ж тэрыторыі былі ў складзе непасрэдна Рэйха (Гродна і Ваўкавыск), генеральнай акругі Літва (Ашмяншчына), рэйхскамісарыята Украіна (Палессе).
А ўся ўсходняя частка: большая частка сучасных Віцебшчыны і Гомельшчыны, усходняя частка Міншчыны, уся Магілёўшчына — былі часткай зоны армейскага тылу групы армій «Цэнтр», там дзейнічала нямецкая вайсковая адміністрацыя.
Паколькі Аршанскі раён — на самым усходзе Беларусі, то ён быў часткай зоны армейскага тылу, а там беларускія арганізацыі не дзейнічалі. І калі недзе пад Мінскам, Лідай ці пад Баранавічамі можна прынамсі дапусціць, што мясцовыя сяляне недзе бачылі падчас вайны бел-чырвона-белую сімволіку (хоць яўна не на павязках паліцаяў), то для ўсходніх рэгіёнаў гэта малаверагодна.
Але акурат на хлусні і грунтуецца цяперашняя рэжымная ідэалогія, таму нічога дзіўнага, што яна заразіла і міністра такой, здавалася б, дэідэалагізаванай сферы, як эканоміка.
-
«Далей будзе толькі больш». Беларус-распрацоўшчык у галіне ШІ, які працуе ў Нью-Ёрку, расказаў, што нас чакае
-
«Кампенсацыя за паразу ў Сірыі». Што стаіць за заявай Мядзведзева наконт «новых рэгіёнаў» Расіі
-
«Гэта найлепшая версія Трампа». Амерыканская журналістка апісала, як замах на Трампа глыбока змяніў яго і надаў спакою
Каментары