Аўто

Эканомія складае тысячы даляраў. Купля і прыгон аўто з Еўропы і ЗША — што варта ведаць

Апошнім часам у Беларусі значна выраслі цэны на новыя аўтамабілі, а колькасць прапанаваных мадэляў скарацілася. Улічваючы сітуацыю, якая склалася, беларускія аўтамабілісты пачалі ўсё больш цікавіцца прыгонам патрыманых аўто з Еўропы і ЗША. «Наша Ніва» падрыхтавала гайд пра тое, як купіць аўто з-за мяжы і не нарабіць памылак.

Дысконт ад беларускай мытні

Гаворачы пра прыгон аўто з Еўропы і ЗША, трэба пачынаць з таго, што ў красавіку 2019 года ў Беларусі з'явіўся ўказ №140, які дазваляе некаторым катэгорыям грамадзян увозіць аўтамабілі і іншую тэхніку з аплатай 50% пошліны.

Размытніваць аўтамабілі з 50% дысконтам маюць права:

— шматдзетныя;

— інваліды I і II групы;

— бацькі/апекуны дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў.

Важна адзначыць, што ў выпадку са шматдзетнымі сем'ямі правам на ільготу валодаюць абое бацькоў.

Агулам людзей, якія маюць права на такі дысконт, у Беларусі каля паўмільёна, але, забягаючы наперад, скажам, што больш за 90% свежапрыгнаных у Беларусь аўтамабіляў размытніваецца менавіта па гэтай схеме.

Аўтамабіль, размытнены па ільготным тарыфе, не мае ніякіх абмежаванняў па адчужэнні. 

Наяўнасць такога кшталту дысконту ад беларускай мытні прывяла да таго, што на беларускіх дарогах пачалі часцей сустракацца разнастайныя мадэлі аўтамабіляў, якія нават пры ўсім жаданні немагчыма было набыць новымі ў Беларусі. Бо праз высокія загараджальныя пошліны і іншыя цяжкапераадольныя фармальнасці беларускія дылеры ў сваёй большасці былі вымушаныя гандляваць толькі тымі аўтамабілямі, якія вырабляюцца на тэрыторыі краін Мытнага саюза.

На якія аўто варта звяртаць увагу

У Беларусь выгадней за ўсё прыганяць аўтамабілі ва ўзросце ад 3 да 5 гадоў. 

У выпадку размытнення па ільгоце — сума дзеліцца напалову

Танней за ўсё размытніваць аўто з рухавіком аб'емам да 1,5 літра. Напрыклад, за 4-гадовы аўтамабіль з маторам аб'ёмам 1400 см³ давядзецца заплаціць пошліну ў 2380 еўра, а калі ёсць ільгота па указе №140, то 1190 еўра. 

Да гэтай сумы трэба дадаць утылізацыйны збор (для аўто ва ўзросте ад 3 да 7 год — 816,7 рубля), збор за мытнае афармленне (120 рублёў) і за паслугі дэкларанта (яшчэ да 100 рублёў). Такім чынам, агульная сума, якую давядзецца выдаткаваць пры ўвозе машыны ў краіну, складае крыху больш за 1700 даляраў пры ўмове льготнага размытнення, ці каля 3000 даляраў, калі размытніваць па поўным тарыфе. 

Пры павялічэнні аб'ему рухавіка розніца паміж размытненнем па звычайным тарыфе і ільготным толькі павялічваецца. Размытненне 3-5 гадовага аўто з двухлітровым рухавіком абыдзецца ўжо ў 5400 еўра па поўным тарыфе і 2700 еўра па ільготным. На ўтылізацыйны збор і іншыя выдаткі льготы не распаўсюджваюцца.

Згаданы ўказ адчыняе дзверы і для аўто, якім ужо споўнілася 5 гадоў. Але тут трэба быць пільнымі, бо мытныя тарыфы для такіх аўто большыя. Найменшая розніца ў стаўках будзе для аўтамабіляў з аб'ёмам рухавіка ад 1501 да 1800 см³. Напрыклад, ільготнае рызмытненне 3-гадовага аўто з маторам 1,8 літра абыдзецца ў 2250 еўра, у той час як 6-гадовага — у 3150 еўра. 

Падрабязней азнаёміцца са стаўкамі мытных пошлін можна тут.

З улікам даволі істотнай розніцы ў стаўках мытных пошлін для льготнікаў і ўсіх астатніх, амаль увесь імпарт машын з Еўропы і ЗША адбываецца з іх удзелам. Звычайна тыя, хто не мае льгот, шукае такіх людзей сярод сваякоў і знаёмых. У залежнасці ад узроўню адносін, такія «паслугі» каштуюць ад нуля да 300-500 даляраў. Аднак калі гаворка ідзе пра дарагія аўто (ад 20-30 тысяч даляраў) з аб'ёмам рухавіка ад трох літраў, то «ўзнагарода» можа ўзрастаць да 800-1000 даляраў за аўто. 

Электрамабілі ў Беларусі на бягучы момант размытніваюцца па стаўцы 15% ад мытнага кошту ці па 7,5% для льготнікаў. Аднак жадаючым прывезці электрамабіль з-за мяжы варта быць гатовымі да таго, што мытня будзе вылічваць плацяжы не ад фактычнай цаны, а ад цаны ў сваім каталогу. 

Еўропа ці ЗША?

Перад тымі, хто хоча набыць аўто з-за мяжы, стаіць выбар: купляць яго ў Еўропе, ці ЗША. Аднак вызначыцца тут даволі проста. Самі аўтамабільныя рынкі Еўропы і Амерыкі вельмі моцна адрозніваюцца. Шэраг марак і мадэляў, якія прадстаўленыя ў Еўропе, недаступныя ў ЗША — і наадварот. Большасць машын, якія выгадна купляць у Еўропе, дызельныя, а ў ЗША амаль усе працуюць на бензіне. Апроч гэтага, у Штатах вельмі мала аўто ў кузаве ўніверсал.

Іншым важным фактарам, які ўплывае на выбар краіны, з'яўляецца стан аўтамабіля. 99% аўто са Штатаў прыязджаюць да нас пасля нейкіх здарэнняў, часцей за ўсё — пасля ДТЗ (на другім месцы будуць затапленні). Купляць цэлыя аўтамабілі ў ЗША нявыгадна. Таму калі вы не гатовыя да куплі аўто пасля ДТЗ, амерыканскі кірунак дакладна не для вас.

Пры гэтым трэба разумець, што пры ўзважаным падыходзе, набываючы аварыйнае аўто з ЗША, вы атрымліваеце магчымасць сэканоміць некалькі тысяч даляраў ад кошту аналагічнага аўто ў Беларусі. На аўто коштам 10-11 тысяч даляраў эканомія складае каля 1500-2000$, на машынах за 15-20 тысяч даляраў ёсць магчымасць ашчадзіць 3-4 тысячы (з улікам усіх выдаткаў на рамонт). З павышэннем цаны розніца будзе расці. 

Іншы важны фактар, які грае не на карысць куплі аўто з ЗША, — тэрмін дастаўкі. Ён складае 2-4 месяцы ад моманту куплі машыны на аўкцыёне. 

Не трэба баяцца звяртацца да пасрэднікаў

З Еўропай усё значна хутчэй. Калі гаворка ідзе пра набыццё машын з ліку тых, што выстаўленыя на продаж праз інтэрнэт, то такі аўтамабіль можа быць дастаўлены вам у тэрмін ад некалькіх дзён да некалькіх тыдняў. Калі вы будзеце купляць аўтамабіль праз аўкцыён, то тэрмін у залежнасці ад краіны знаходжання прадаўца будзе вагацца ад 15 дзён да 1-1,5 месяца. 

Аўтамабілі з Еўропы часцей за ўсё прыганяюць цэлымі. Рызыкі ў параўнанні з купляй аўто з ЗША мінімальныя, таму цалкам лагічна, што эканомія будзе значна меншай. У некаторых выпадках яе можа і не быць, але пры куплі аўто ў ЕС, самастойна ці з дапамогай пасрэдніка, у вас будзе не толькі большы выбар у параўнанні з тым, што маецца ў Беларусі, але і большая ўпэўненасць у арыгінальнасці прабегу. 

На жаль, «амаладжэнне» аўтамабіля шляхам адмотвання прабегу — вельмі папулярная з'ява ў Беларусі. Таму нават толькі праз гэта купля аўто ў іншых краінах Еўропы мае сэнс. 

Калі вы ўсе ж такі наважыліся на прыгон аўто з ЗША, то тут амаль без варыянтаў — вам давядзецца звяртацца па дапамогу да пасрэднікаў, якія займаюцца купляй і арганізацыяй дастаўкі тэхнікі са Штатаў. Працэс гэты няпросты, таму лепей заплаціць спецыялістам 600-1200 рублёў (у залежнасці ад фірмы і пакета паслуг), чым намагацца зрабіць усё самастойна.

Прыгнаць аўтамабіль з ЕС крыху прасцей, але калі ў вас няма такога досведу, то лепей таксама звярнуцца да спецыялістаў. Кошт паслугі прыкладна такі самы, як у выпадку з падборам аўто з ЗША. 

Захоўвайце цвярозы розум

Адзінае, што пры выбары пасрэднікаў трэба ўключаць цвярозы розум і не верыць у надта салодкія абяцанні. Усе пасрэднікі, будзе гэта вялікая фірма ці ІП, працуюць прыкладна па адных і тых жа схемах, таму і цэны на аўто мусяць быць падобнымі. Калі ў трох месцах вам назвалі прыблізны кошт пажаданага вамі аўто ў межах 15-16 тысяч, а ў чацвёртым — 13-14, то можаце быць упэўненыя — пасрэднік проста заніжае верагодную цану, каб прывабіць кліента. Цудаў тут не бывае.

Чытайце таксама: 

«Цэны выраслі на 30—50%, новыя машыны практычна не пастаўляюць». Што адбываецца на аўтарынку

Каментары

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы1

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Усе навіны →
Усе навіны

Папярэджанне пра пагаршэнне ўмоваў надвор'я на дарогах краіны1

Чэргі з легкавікоў на польскай мяжы зніклі

Расійская армія ажыццяўляе самае хуткае прасоўванне ва Украіне з 2022 года1

Улады хваляцца, што ў Беларусь па бязвізе прыехаў мільён еўрапейцаў. Няўжо праўда?5

Гендырэктара TikTok выклікалі ў Еўрапарламент пасля выбараў у Румыніі8

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд6

Як Лукашэнка кульгаў, выходзячы з самалёта ў Пакістане ВІДЭА13

Тэлевядучая Святлана Бароўская расказала пра новага мужа — загадкавага расійскага бізнэсмена14

У Беластоку выклікалі «на паядынак» і збілі да страты прытомнасці 16-гадовага беларуса5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы1

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Галоўнае
Усе навіны →