Абдымацца раніцай карысна для здароўя. Цяпер гэта пацвердзілі і навукоўцы
Абдымкі з жонкай ці партнёркай — напэўна, апошняе, пра што думаюць некаторыя мужчыны ў ранішняй спешцы. Але, як высветлілі вучоныя, гэты жэст не варта недаацэньваць.
Паводле даследаванняў, ранішнія абдымкі могуць засцерагчы ад пачуцця стрэсу, якое можа развіцца на працягу дня. Асабліва гэта актуальна для жанчын, піша The Times.
Даследчыкі з Германіі і Нідэрландаў узялі 36 пар з рознапалавымі партнёрамі ўзростам ад 19 да 32 гадоў і правялі над імі эксперымент, прызначаны для павышэння іх узроўню картызолу — гармону, звязанага з пачуццём стрэсу. Удзельнікам прапанавалі трымаць адну руку ў вядры з вадой са льдом і пры гэтым пастаянна глядзець у камеру. Да і адразу пасля гэтай непрыемнай працэдуры, а таксама праз 15 і 25 хвілін пасля яе ва ўдзельнікаў адбіралі сліну, каб па ўзроўню картызолу пабачыць, наколькі цяжкім быў для іх гэты вопыт.
Частцы пар прапанавалі перад тым, як апускаць рукі ў ваду, адбымацца на працягу 20 секунд, іншыя ж пары не мелі такой магчымасці. У выніку праз 25 хвілін пасля працэдуры ў жанчын, якія абдымалі партнёра перад апусканнем рукі ў ваду, узровень гармону стрэсу быў на 29% ніжэйшы, чым у тых, хто абышоўся без абдымкаў. Сярод мужчын такой залежнасці не назіралася.
Даследчыкі, чыю працу апублікавалі ў анлайн-часопісе Plos One, прыйшлі да наступнай высновы: «У жанчын кароткатэрміновыя абдымкі перад стрэсавымі сацыяльнымі сітуацыямі, такімі як экзамены ці стрэсавыя суразмоўі, могуць знізіць у такой сітуацыі выдзяленне картызолу».
Пакуль незразумела, ці будуць гэтак жа дзейнічаць адбымкі ў выпадку з аднаполымі парамі ці з блізкімі сябрамі. Таксама даследчыкі мяркуюць, што правілы сацыяльнай дыстанцыі падчас пандэміі кавіду маглі выклікаць павышаны ўзровень стрэсу ў людзей праз абмежаванні на фізічны кантакт.
Статыстыка: сем'і радзей распадаюцца ў тых парах, якія да шлюбу не жылі разам
Самымі сэксуальнымі ў свеце цяпер лічацца мужчыны 50+
-
Тэлевядучая Святлана Бароўская расказала пра новага мужа — загадкавага расійскага бізнэсмена
-
Дэпіляцыя інтымнай зоны больш не ў модзе, папулярная валасатасць. Гэта прыводзіць да нечаканых наступстваў
-
Каб даведацца пол будучага дзіцяці, мінчукі замовілі асабістую падсветку 27-павярховага бізнэс-цэнтра
Каментары