Ford Escort за $1600, Ford Mustang за $39 000… Купляем кабрыялет на лета
У першыя выходныя лета «Наша Ніва» вырашыла паглядзець, якія кабрыялеты ёсць у продажы.
Ford Escort, які не трэба варыць
Для таго, каб стаць уладальнікам аўто з адкідным верхам, зусім не абавязкова мець шмат грошай. Самыя танныя кабрыялеты з выстаўленых на продаж у Беларусі каштуюць менш за 2000 даляраў.
Так, напрыклад, за 1600 $ прадаецца Ford Escort Cabrio пятай генерацыі. Аўтамабіль 1993 года выпуску, пад капотам у яго бензінавы рухавік аб'емам 1,6 літра. Заяўлены прабег — 200 тысяч кіламетраў. На жаль, аўтамабіль багаты на элементы так званага «аграцюнінгу».
«Па тэхнічнай частцы ўсё ў парадку. У афарбоўцы не мае патрэбы, варыць не трэба, усе пытанні па тэлефоне, торг рэальнаму купцу», — гаворыцца ў апісанні.
Таксама прадавец просіць не званіць з прапановамі «куплю за 600», а перакупаў — яго не турбаваць.
Купэ-кабрыялет Peugeot
У цэнавым сегменце 3000—4500 даляраў больш за ўсё прапаноў сярод Peugeot 206.
Адно з такіх аўто прадаюць у Мінску, за машыну 2002 года выпуску просяць 4150 $. Калі верыць апісанню, то пазбавіцца ад аўто са складным дахам уласнік вырашыў выключна праз тое, што гэтая машына ў яго сям'і вельмі рэдка выкарыстоўваецца.
У параўнанні з папярэднім варыянтам, дах у гэтага кабрыялета цвёрды — такія аўто яшчэ называюць купэ-кабрыялетам.
«Амерыканец» на газе
Наступная даволі папулярная марка і мадэль кабрыялетаў — Chrysler Sebring. Гэтыя амерыканскія кабрыялеты нашмат большага памеру, таму дыяпазон выкарыстання ў іх шырэйшы за Peugeot 206.
Звычайна кабрыялеты выкарыстоўваюць як дадатковы аўтамабіль, таму і прабегі ў іх меншыя, але выглядае, што ёсць і выключэнні.
Так, напрыклад, у Жабінцы за 3690 даляраў прадаюць Chrysler Sebring з газавым абсталяваннем. Наяўнасці ГБА і стану кузава прадавец надае асаблівую ўвагу.
«Газавы балон здымалі і аддавалі на апрасоўку, цяпер ёсць дазвол на 3 гады. Калі здымалі балон, было відаць нішу пад запаску, з ёй усё добра, усё ў завадской апрацоўцы, без пытанняў», — апісвае стан аўто прадавец.
Аўтар аб'явы адзначае, што аўтамабілем карыстаецца жонка.
«Па аўто, канешна ж, ёсць дробныя хібы, не настолькі важныя», — дадае ўласнік у аб'яве. Ён гатовы таргавацца.
Chrysler на «чырвоных» нумарах
Сярод адносна папсовых Chrysler Sebring прадаецца адзін Chrysler Le Baron 1993 года выпуску.
Пад капотам 3 літры з «аўтаматам», заяўлена 188 000 км прабегу. Нягледзячы на немалы ўзрост, у аўтамабіля ёсць кандыцыянер, падушкі бяспекі, электрапакет і круіз-кантроль.
З дадатковай інфармацыі — толькі тое, што аўто знаходзіцца ў выдатным стане. Просяць за кабрыялет родам з 1990-х 4750 $. Цікава, што на машыне да гэтага часу засталіся чырвоныя нумары.
Звычайны Mercedes з пантовымі шыльдзікамі
Роўна ў 5000 даляраў ацэнены Mercedes-Benz CLK 2000 года выпуску.
Пад капотам у 22-гадовага Mercedes 2-літровы рухавік, які працуе ў пары з механічнай каробкай перадач. Нягледзячы на даволі сціплы рухавік, на шыльдзіку пазначана, што гэта не самы звычайны CLK з двума літрамі, а цэлы 5,5 ды яшчэ і AMG.
Заяўлены прабег — 300 тысяч кіламетраў, пры гэтым крэсла кіроўца ўжо перацягнута свежым матэрыялам.
Прадавец адзначае, што аўтамабіль абслужаны і знаходзіцца ў добрым стане, але, тым не менш, ёсць маленькія праблемкі.
Рэдкі «швед» у арыгінальным абвесе
Аматары рэдкіх аўто могуць звярнуць увагу на Saab 9-3. За сапраўды рэдкі кабрыялет 1999 года выпуску просяць амаль 7000 даляраў.
Прадавец звяртае ўвагу на добры стан аўтамабіля, арыгінальны абвес і скураны салон фірмы Viggen.
Гледзячы па фота, аўтамабіль сапраўды знаходзіцца ў годным стане. Заяўлены прабег — 241 тысяча кіламетраў. У аўто новыя шыны і акумулятар.
BMW, ад якой застаўся толькі кузаў
Сярод аўто са складным дахам ёсць і некалькі BMW. Самы танны з іх ацэнены ў 12 тысяч даляраў, прычым аўтар аб'явы адразу папярэджвае, што зніжка нават не абмяркоўваецца.
Столькі просяць за 22-гадовы BMW e46, які за 8 год знаходжання ў адных руках пацярпеў шэраг дапрацовак.
«Валодаю машынай больш за 8 гадоў, за гэты час ад першапачатковай застаўся толькі кузаў, усё астатняе было заменена / палепшана / дапрацавана», — гаворыцца ў апісанні.
Ford Mustang у асартыменце
Калі мы будзем разглядаць больш свежыя аўтамабілі (2015 год і маладзейшыя), то сутыкнемся з тым, што амаль усе яны каштуюць ад 20 тысяч даляраў.
Абсалютным лідарам па колькасці прапаноў з'яўляецца Ford Mustang. З 48 кабрыялетаў не старэйшых за 7 гадоў 23 складаюць менавіта Ford.
Самыя танныя Ford Mustang VI у кузаве кабрыялет прадаюцца па цэнах ад 25 тысяч даляраў, у той час як самыя дарагія — за 35—39 тысяч. Заўважна, што, нягледзячы на вялікую розніцу ў цэнах, усе Ford Mustang, якія ёсць у продажы цяпер, з рухавіком аб'емам 2,3 літра.
Каментары