Этна-хоп, арт-поп і панк па-беларуску. Падборка новай беларускай музыкі, якую варта дадаць у плэйліст
У плэйлісце кожнага беларуса павінна быць месца айчынным музыкам. Зрабілі падборку маладых і цікавых праектаў на любы густ.
Этна-хоп пад лозунгам «Гэта Беларусь, ёў»
У этна-хоп артысткі Iva Sativa апошні год вельмі плённы: ЕР, некалькі якасных кліпаў, перамога на Jager Music Awards-2021 у намінацыі People's Choice.
Iva Sativa — гэта Яня Смаляга родам з Барысава, якая пачала музычныя эксперыменты больш за тры гады таму. Яна — жонка палітвязня Лявона Халатрана. У інтэрв’ю «Нашай Ніве» яна расказвала, што першыя месяцы пасля затрымання мужа ўвогуле не магла займацца музыкай, а потым творчасць стала для яе ратаваннем ад дурных думак.
Iva змешвае ў сваіх трэках фолк, рэп, электроншчыну — атрымліваецца вельмі свежа і запальна. Яе фірмовае «Гэта Беларусь, ёў» ужо стала крылатым выразам.
Старажытнаславянскія рытуалы пад біты індустрыйных мінскіх вуліц
Этнічныя карані і жаночы вакал знойдзеце і ў песнях электра-панк праекта Dah. Пакуль у музыкаў выйшаў толькі EP «Biažy».
Удзельнікі дуэта Настасся і Яўген Зыковічы самі апісваюць свой дэбютны прадукт так: «Змрочны хіп-хоп у спалучэнні з эмбіентам і дарк-тэхна пагрузяць у атмасферу старажытнаславянскіх рытуалаў пад біты індустрыйных мінскіх вуліц».
Сумесь музыкі з тэатрам
Яшчэ адна маладая спявачка, якая змешвае шмат жанраў, — Паліна Дабравольская, яна ж Chornabrova. Акрамя ўласна музыкі ў творчасці Паліны шмат тэатральнага, бо яна — акцёрка і рэжысёрка. Адзін з яе спектакляў зроблены па творы «Сарматыя» Марыі Мартысевіч. Паліна грае таксама ў беларуска-польскім праекце «1.8», прысвечаным беларускім палітвязням. Спектакль гэты паставіў вядомы рэжысёр Іван Вырыпаеў.
На дэбютным альбоме раім звярнуць увагу на сучасную перапрацоўку «Купалінкі».
Поп-арт, французская мова і «Мінсктранс»
«Скандальна невядомы аўдыявізуальны поп-арт праект», — з іроніяй самі пра сябе пішуць удзельнікі Rap&Vogue. Гэта якасная электронная музыка, пад якую хочацца танчыць. Пярчынкі і незвычайнасці ёй дадае выкананне некаторых трэкаў па-французску.
Але ёсць тут месца і выключна беларускім знакам: чаго толькі варты трэк «Мінсктранс» — мікс з аб’яваў у транспарце і музычных знаходак.
Айчынны індзі-поп з жаночым вакалам
Беларускамоўная спявачка LEAR наноў звярнула на сябе ўвагу ў 2020 годзе: тады ў чэрвені выбухнула яе песня «На стомленых крылах» на словы Віталя Рыжкова.
З таго моманту Валерыя Суравіцкая не спыняецца і прасоўваецца па шляху індзі-попа. Літаральна ў маі ў яе выйшаў новы беларускамоўны трэк пра ўсёпаглынальнае каханне «Забяру боль».
Навучпоп савецкай хвалі
Калі вы прыхільнік сінці-попа і рэтрафутурызму, вам да «Стажораў». «Навучпоп»-бэнд з Мінска магічна міксуе электроніку і дадае туды савецкага лямпавага гучання.
Псіхадэлічны і паэтычны панк
Syndrom Samazvanca
Syndrom Samazvanca — гэта ўжо не першы музычны праект паэта і музыкі Уладзя Лянкевіча. Былі яшчэ вельмі моцныя «Tonqixod» и «luty sakavik».
Новы праект — з іншым гучаннем і эксперыментамі. Гэта ўжо такі псіхадэлічны панк. Але нязменным у праектах Лянкевіча застаецца паэтычная беларуская мова яго выказванняў.
Рамантыкі з мінскіх вуліц
Яшчэ адзін музычны перазапуск ад музыкаў з досведам — праект Алеся Снега і Уладзіслава Лепяшынскага «Бачу ўпершыню». Поп-рокавая гісторыя, пад якую хочацца бегчы на прабежку ў парк і прачынацца з добрым настроем.
Свой кліп на песню «Менск вясной» музыкі прысвяцілі «тым, хто бачыць беларускую сталіцу толькі па фота і ў снах, і тым, хто ходзіць па вуліцах горада і бачыць яго вясновыя колеры». І Менск у ім сапраўды прыгажунчык. Зрэшты, як і заўсёды, нягледзячы на спробы пэўнай катэгорыі грамадзян адабраць у яго душу.
Працягвае гульню словаў з адсылкамі да «невядомасці» бадзёры, пацанскі поп-рок-гурт з Мінска з назвай «Апошні з Кастрычніцкай».
Гурт «Апошні з Кастрычніцкай»
Хлопцы выдалі свой дэбютны альбом «Я недзе гэта чуў» у маі, таму гэта суперсвежы матэрыял да праслухоўвання.
Бонус
Кніжку Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» не так даўно прызналі экстрэмісцкай, але гэта, здаецца, толькі дадало ёй папулярнасці: адразу захацелася прачытаць тым, хто гэтага не зрабіў. Хаця і раней кніга была на хвалі: Свабодны тэатр паставіў па рамане спектакль, а энтузіясты спецыяльна аб’ядналіся ў гурт Psautika Europoje, каб у якасці разавай акцыі запісаць альбом на бальбуце, штучнай мове з рамана Бахарэвіча.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары