Афіцыйна ў Беларусі цяпер няма ўздыму захворвання на каранавірус
Загадчыца лабараторыі РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Алена Гасіч расказала ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1», што на сёння вядома пяць ліній штаму «Амікрон» з мноствам уласцівасцяў усярэдзіне.
«Але чацвёрты, пяты — гэта не «стэлс». Гэта зусім новы «амікрон» са сваімі ўласцівасцямі, клінічнае працяканне такое ж лёгкае. У першую чаргу вірус выклікае праблемы ў месцы ўкаранення, не пранікае далёка ўсярэдзіну лёгкіх і практычна не выклікае пнеўманіі, мае больш лёгкае цячэнне. Каб сябе засцерагчы, вядома, — гэта вакцынацыя. Сёння многія ўжо перахварэлі, многія вакцынаваліся ўжо дзвюма дозамі.
Мы абсалютна ўсе ведаем, што вакцына не абараняе ад заражэння, але ўсё ж такі практычна ніводнага выпадку менавіта цяжкага цячэння сярод прышчэпленых не было», — адзначыла яна.
Днямі міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч выказаў меркаванне, што новая хваля захворвання COVID-19 чакаецца ў Беларусі ў верасні. А былы галоўны інфекцыяніст Мінска Мікіта Салавей на падставе вопыту сваіх дзяжурстваў у бальніцы нядаўна сцвярджаў, што рост ёсць ужо цяпер, і ён заўважны.
Каментары