«Нам патрэбная толькі наша перамога». Аляксандр Дугін пракаментаваў смерць дачкі
Бізнэсмен Канстанцін Малафееў, праз якога ўлады Расіі фінансуюць дзейнасць расійскіх ультранацыяналістаў і неанацыстаў, апублікаваў у сябе ў тэлеграм-канале заяву філосафа Аляксандра Дугіна ў сувязі са смерцю яго дачкі.
Дугін заявіў, што яго дачка Дар'я загінула «у выніку тэракту, ажыццёўленага нацысцкім украінскім рэжымам».
«Ворагі Расіі яе подла, цішком забілі. Але нас, наш народ не зламаць нават такімі невыноснымі ўдарамі. Яны хацелі здушыць нашу волю крывавым тэрорам супраць самых лепшых і самых уразлівых з нас. Але яны свайго не даб'юцца. Нашы сэрцы прагнуць не проста помсты або адплаты. Гэта занадта дробна, не па-руску. Нам патрэбная толькі наша перамога. На яе алтар паклала сваё дзявочае жыццё мая дачка. Дык перамажыце, калі ласка! Мы хацелі выхаваць яе разумніцай і героем. Хай і цяпер яна натхняе сыноў нашай Айчыны на подзвіг», — заявіў Дугін.
Дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк 21 жніўня катэгарычна адхіліў абвінавачванні на адрас украінскага боку аб датычнасці да выбуху. На яго думку, забойства Дугінай сведчыць пра тое, што розныя групоўкі ўнутры Расіі вядуць барацьбу за ўладу. Сёння ФСБ заявіла пра тое, што падрыў машыны здзейснены ўкраінскімі спецслужбамі.
Каментары