Мінскі абласны суд месяц у выязным пасяджэнні працягвае разгляд «справы аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Судовы працэс у адкрытым рэжыме вядзе суддзя Уладзімір Арэшка. Сёння па справе адбываліся спрэчкі бакоў, падчас якіх дзяржаўны абвінаваўца Міхаіл Кавалёў запрасіў фігурантам тэрміны, піша «Вясна».
На лаве падсудных знаходзяцца палітзняволеныя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, супрацоўніца мінскага офіса Зянковіча Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, а таксама юрыст Юрый Зянковіч, якія ўтрымліваюцца за кратамі больш за 16 месяцаў. Усе, акрамя Кастусёва, прызналі віну, а Зянковіч заключыў дасудовае пагадненне.
На пачатку спрэчак дзяржаўны абвінаваўца заявіў, што ключавы фігурант справы Юры Зянковіч выканаў ўмовы здзелкі са следствам. Пракурор, выступаючы ў спрэчках, заявіў, што Зянковіч, знаходзячыся на тэрыторыі ЗША і РФ, арганізаваў змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады ў Беларусі, фізічнай ліквідацыі кіраўніка дзяржавы і разам з Дзмітрыем Шчыгельскім кіраваў злачыннымі дзеяннямі змоўшчыкаў.
«Асноўным доказам вінаватасці Зянковіча, Фядуты і Кастусёва ў змове з мэтай звяржэння ўлады неканстытуцыйным шляхам лічу даныя аператыўнага эксперыменту», — сказаў дзяржаўны абвінаваўца.
Выступаючы ў спрэчках, пракурор заявіў, што Зянковіч прыбыў у Беларусь 5 жніўня 2020 года і па ўзгадненні з Дзмітрыем Шчыгельскім пачаў шукаць удзельнікаў змовы, у тым ліку сярод вайскоўцаў і радыкальна настроеных грамадзян. Праз месяц ён сустракаўся з Мікалаем Аўтуховічам, з якім абмяркоўваў змову.
Дзейнасць Зянковіча не засталася па-за ўвагай беларускіх спецслужбаў. Афіцэр Генеральнага штаба УС Іван Жураўскі быў прыцягнуты да аператыўнага эксперыменту і правёў сустрэчу з Зянковічам. Дзяржаўны абвінаваўца пры гэтым асабліва падкрэсліў, што правакацый з боку спецслужбаў падчас следчага эксперыменту нібыта не было, ініцыятыва здзяйснення змовы з мэтай звяржэння ўлады ў Беларусі зыходзіла ад Зянковіча.
«Аператыўны эксперымент дазволіў не дапусціць ваеннага перавароту і кровапраліцця», — падкрэсліў дзяржаўны абвінаваўца, выступаючы ў спрэчках.
На думку пракурора, два фігуранты справы — Дзяніс Краўчук і Вольга Галубовіч — не бралі ўдзел у змове, накіраванай на захоп улады неканстытуцыйным шляхам.
У выніку, пракурор Міхаіл Кавалёў запрасіў наступныя тэрміны па «справе змоўшчыкаў»:
- палітолагу і літаратуразнаўцу Аляксандру Фядуту па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам) — 12 гадоў калоніі;
- кіраўніку партыі БНФ Рыгору Кастусёву па ч. 1 арт. 357 КК — 12 гадоў калоніі;
- юрысту Юрыю Зянковічу па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці) — 12 гадоў калоніі;
- актывісту і дальнабойшчыку Дзянісу Краўчуку па ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) — тры гады калоніі;
- супрацоўніцы мінскага офіса Зянковіча Вользе Галубовіч па ч. 1 арт. 342 КК — тры гады калоніі.
Каментары