Танныя мікрадроны-забойцы са штучным інтэлектам усё часцей выкарыстоўваюцца ў ваенных канфліктах. У чым іх небяспека?
Чалавецтва ўступае ў эпоху робатаў-забойцаў, якую шмат прарочылі навукова-фантастычныя фільмы. Якія рызыкі гэта нясе?
У жніўні Брытанія абвясціла аб адпраўцы ў Кіеў 850 мікрадронаў Black Hornet. Яны могуць даць украінскім войскам вырашальную перавагу ў жорсткіх гарадскіх баях.
Black Hornets падобныя да дзіцячай цацкі. Памерам крыху большыя за 15 см і вагой крыху меншыя за сліву, яны могуць прабірацца нават у вокны. З-за мінімальнага шуму падчас руху яны могуць падбірацца непасрэдна да праціўніка, залятаць проста ўглыб расійскіх абарончых пазіцый і перадаваць кадры з высокім разрозненнем са спецыяльных камер. Hornet кіруецца праз невялікі планшэт і ручны кантролер.
Вайна ва Украіне прывяла да рэвалюцыі ў распрацоўцы беспілотнікаў: камерцыйныя і бытавыя мадэлі мадыфікуюцца для ваенных цэляў. Небяспека дронаў не толькі прамая, але і ўскосная. Іх выкарыстанне (нават самых простых і прымітыўных мадэляў) падрывае маральны дух праціўнікаў, адзначае The Telegraph.
Якія могуць быць небяспекі ад такіх прылад?
Маральна-этычныя пытанні
Нягледзячы на відавочна пазітыўны прыклад выкарыстання дронаў украінцамі для абароны сваёй краіны, выкарыстанне міні-робатаў-забойцаў выклікае занепакоенасць. Ужо хутка стане магчымым стварэнне невялікага і недарагога беспілотніка, які будзе выкарыстоўваць функцыю распазнавання твараў для забойства канкрэтнага чалавека.
Навукоўцы сцвярджаюць, што тэхналогіі, неабходныя для смяротнага мікрадрона такога тыпу, ужо існуюць. Іх проста трэба ў некаторых сферах палепшыць, скараціць выдаткі і інтэграваць.
Тым больш, што ў будучыні магчымыя прылады, якія працуюць як частка «рою» і палююць адразу на групу людзей.
Меры бяспекі больш не дзейнічаюць
Аўтаномны смяротны беспілотнік турэцкай вытворчасці Kargu-2 выкарыстоўваўся ў 2020 годзе ў баях у Лівіі. Летась паведамлялася, што армія Ізраіля выкарыстала групу беспілотнікаў для вызначэння месцазнаходжання, ідэнтыфікацыі і нападу на баевікоў ХАМАС.
Можа ўзнікнуць лагічнае пытанне: і што нам ад гэтага?
Галоўная небяспека ад мікрадронаў у тым, што іх вельмі проста маштабаваць. Калі выпусціць з самалёта тысячы мікрадронаў над умоўным горадам праціўніка, то фактычна яны стануць зброяй масавага знішчэння.
Ды і самі дроны робяцца ўсё больш даступнымі. Напрыклад, Black Hornet за некалькі гадоў патаннеў ажно ў 8 разоў.
Вельмі складана стварыць уласную ядзерную зброю ці нават купіць яе. А вось танныя дроны могуць стаць прывабнай альтэрнатывай для некаторых аўтарытарных дзяржаў і тэрарыстычных груповак.
Праграмаванне беспілотнікаў для нападу на людзей са зброяй у вайсковай форме — тэхналагічна вельмі простая задача. Але можна яшчэ аўтаматычна адсочваць выкарыстанне мабільных тэлефонаў і забіваць цывільных асоб, якія, напрыклад, размяшчаюць непажаданы кантэнт у Twitter ці Instagram.
Цяпер спецыялісты сцвярджаюць, што на стварэнне сур’ёзнай зброі з выкарыстаннем рою дронаў-забойцаў можа спатрэбіцца ўсяго 18 месяцаў. З’яўляецца вялізная этычная праблема, калі машыны будуць вырашаць, каго забіваць.
Каментары