Жыхара Брэста асудзілі на год калоніі за сторыс пра Лукашэнку і адно слова
16 і 18 лістапада ў Маскоўскім судзе Брэста разглядалася чарговая справа аб «публічнай абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). Абвінавачваўся берасцеец Антон Якавук, затрыманы па гэтай справе 29 верасня 2022 года. Да суда ён сядзеў у СІЗА, паведамляе «Вясна».
Пра Антона вядома, што яму 29 гадоў, захапляецца футболам і, мяркуючы па яго сацсетках, заўзее за «Ліверпуль». І мужчына не проста футбольны заўзятар — на яго старонцы можна знайсці фота, дзе Антон сам гуляе на полі. А ў архіўных даных аб матчах можна выявіць, што як мінімум з 2015 па 2019 год ён гуляў за брэсцкі аматарскі клуб «Змена».
На судзе ж гаворка ішла пра інтэрнэт-актыўнасць Антона. Паводле абвінавачвання, мужчына выклаў у сторыс відэа з Аляксандрам Лукашэнкам і суправадзіў яго абразлівым надпісам з аднаго слова. За гэта дзяржабвінавачанне прасіла прызначыць палітвязню 1 год пазбаўлення волі. Суддзя Марына Скалковіч абвясціла прысуд: як і прасіла абвінавачванне, 1 год калоніі агульнага рэжыму.
Падтрымаць палітвязня (грашовым пераводам, лістом) можна па адрасе:
СІЗА-7. 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх пагранічнікаў, 37. Антон Вячаслававіч Якавук
Каментары