Франтмен «Доктара Хауса»: Мужчына лепш піша жарты, бо ён больш прадукцыйны
Ураджэнец горада Магілёва, франтмен каманды КВК «Доктар Хаус», чэмпіён Вышэйшай лігі Клуба вясёлых і кемлівых 2022 года Павел Малахаў выступіў у адным з выпускаў шоу «Предельник». У размове Павел, акрамя пытанняў пра свой шлях у КВК, адказаў на некаторыя «прэтэнзіі» з боку гледачоў, распавёў пра службу ў беларускім войску і раскрыў падрабязнасці асабістага жыцця.
Адкуль жарты пра Савецкі Саюз у людзей, якія ў ім не жылі. Гэта кан'юнктура?
Малахаў падкрэсліў, што не правільна «тапіць» за Савецкі Саюз. На яго погляд, у Беларусі з Расіяй не шмат гісторыі [хіба маецца на ўвазе гісторыя перыяду незалежнасці]. У Савецкім Саюзе ёсць нешта супольнае, на што можна абаперціся, каб гаварыць пра сённяшні час. Ён нібы клей, «адбойнік», як тое, з чым можна параўнаць. Спасылацца на Савецкі Саюз, на думку Паўла Малахава, «правільна па гумары».
«Нельга ісці ў КВК са сцягам»
Людзі, якія займаюцца гумарам, павінны спакойна жартаваць і пра апазіцыю, і пра дзейную ўладу.
Павел заўважае: «Ты павінен націснуць на ўсё тое, што баліць, што адбываецца. Калі ты будзеш за адно «тапіць», а другое выгароджваць, то атрымліваецца прапаганда. Мы паказвалі на праблемы, на тыя, якія мы бачылі. Наша задача як гумарыстаў — адлюстраваць рэчаіснасць, «даць думку», зрабіць нейкі вывад».
Але нельга ісці ў КВК са сцягам. Мы павінны адлюстроўваць тое, што адбываецца. Асабістыя пазіцыі няхай застаюцца за кулісамі.
У кожнага ёсць сваё меркаванне. Калі нехта хоча «тапіць» за нейкага, калі гэта сэнс яго жыцця, то яму трэба самому прайсці ўсе этапы і дайсці да Вышэйшай лігі. І гэта будзе яго шлях.
У нас, як у людзей, ёсць свае пытанні, свае прэтэнзіі, свае сімпатыі і несімпатыі. Гэта ўсё з намі. Гэта ўсё асабістае. Але ў камандным парыве мы такіх рэчаў не робім. Наша задача адлюстраваць жыццё. Гэтая фраза хіба найлепшым чынам апісвае КВК.
[У каманды былі жарты пра Лукашэнку, і яе здымалі з эфіру ў Беларусі.]
Вялікі дзякуй генеральнаму дырэктару «Беларуськалія»
Генеральны дырэктар «Беларуськалія» з цяжкасцю пагадзіўся на падтрымку каманды ў Вышэйшай лізе КВК, але ў далейшым стрымаў усе свае словы, што «вялікая рэдкасць для такіх людзей». Ён заўсёды падтрымліваў каманду, быў на дзвюх фінальных гульнях.
Што такое беларускае войска?
Беларускае войска — Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь. Гэта першае, што Павел пачуў, патрапіўшы на службу. Другое, што ён пачуў, — «Чэсць у войску не аддаюць. Аддаюць воінскае вітанне».
Павел не хавае, што таксама сутыкнуўся з дзедаўшчынай, «калі больш старэйшыя выхоўваюць малодшых». Гэта праяўлялася ў тым, што калі, умоўна, трэба месці вуліцу, пойдзеш ты, а не старэйшы па службе. У гэтым праяўляецца «легальная» дзедаўшчына. А «нелегальная» — гэта фізічнае пакаранне. Напрыклад, калі не набраў у біклажку вады, ты можаш гэтай біклажкай атрымаць. У войску наўрад ці паб'ешся з кім-небудзь, бо за ўсім сочаць. Адак ёсць спосабы пакарання без яўных наступстваў. Напрыклад, можна стукнуць па такім месцы, дзе не будзе бачна. Напрыклад, «па фанеры».
Вайсковая спецыяльнасць у Паўла — «ракетчык тактычнага комплексу «Точка-У». Воінскае званне — радавы. «Я не хацеў на сябе браць ніякай адказнасці ў войску за людзей. Войска — гэта таксама свой калектыў», — заўважыў мужчына.
Як адбываў гаўптвахту
За мабільны тэлефон, якія ў час службы Паўла былі забаронены ў войску, яму давялося адседзець сем дзён на гаўптвахце. Быў фінал Беларускай лігі КВК, і ён актыўна камунікаваў з гульцамі. Афіцэр яго за гэтым заўважыў. На гаўптвахце Павел, па яго словах, больш адпачыў, бо быў накіраваны на працу ў вайсковы шпіталь. Там салдаты «займаліся ўсякім глупствам. Спалі. Елі ўволю».
Хаця на гаўптвахце «ствараюць такую ілюзію, што ты быццам зняволены». Пакаранне праяўляецца ў тым, што дзённая норма харчавання зменшана напалову. Таксама сон зменшаны на дзве гадзіны. Лёгкасць адбывання пакарання ў выпадку Паўла была абумоўлена нязначнай цяжкасцю парушэння вайсковага статута.
Пасля службы Павел Малахаў год адпрацаваў на будоўлі стропальшчыкам за зарплату тысячу даляраў.
Не абышлося і без сэксізму
Па меркаванні Малахава, мужчына лепш можа пісаць жарты, бо ён больш прадукцыйны, фізічна больш моцны, больш псіхічна ўстойлівы як аўтар. У жанчын-аўтараў, з якімі сутыкаўся Павел, жарты смешныя, цікавыя, «напісаныя па-жаночаму».
Павел распавёў пра сваё асабістае жыццё
На працягу адзінаццаці гадоў у яго адна дзяўчына, з якой хлопец пазнаёміўся ў КВК. Разам яны сталі жыць толькі ў 2019 годзе. Да гэтага Павел жыў разам з бацькамі. Праўда, ён пакуль не знаёміў сваіх бацькоў з бацькамі дзяўчыны.
Шчасце, у разуменні Паўла, рабіць тое, што табе падабаецца. Быць з людзьмі, якія табе падабаюцца, якіх ты любіш. Займацца справай, якая прыносіць табе задавальненне. А таксама, калі ты пазнаеш нешта новае і такім чынам развіваешся, не стаіш на месцы. Калі, напрыклад, прачытаеш кнігу. Па словах Паўла, ён рэгулярна чытае (адну кнігу ў месяц). Пры гэтым чаргуе мастацкую, навуковую і літаратуру, якая дае магчымасць развівацца.
Каментары