Брыгада Чарнігаўскай тэрабароны апазнала ў рэзанансным відэа свайго байца — яго расстралялі пасля слоў «Слава Украіне!»
У 119-й брыгадзе тэраабароны Чарнігаўскай вобласці лічаць, што палонным украінскім байцом, якога расстралялі расіяне пасля слоў «Слава Украіне», быў салдат гэтай брыгады Аляксандр Маціеўскі. Раней паведамлялася, што на кадрах іншы чалавек.
Вайскоўцы паведамляюць, што 30 снежня ў наваколлях Салядара Маціеўскі і яшчэ чацвёра вайскоўцаў прынялі сустрэчны бой. У той жа дзень сувязь з імі знікла. Падмацаванне не змагло прарвацца да месца іх пазіцыі з-за бесперапыннага мінамётнага абстрэлу і шчыльнага агню.
На распаўсюджаным відэа Маціеўскага пазнала маці, яго сын Міхаіл і вайскоўцы яго падраздзялення.
29 снежня Маціеўскі апошні раз патэлефанаваў маці. У той размове ён сказаў ёй, што «ніколі не здасца ў палон».
Целы абаронцаў, якія загінулі ў тым баі, былі перададзеныя ўкраінскаму боку і 14 лютага 2023 года вайскоўца пахавалі ў Нежыне Чарнігаўскай вобласці.
Яму было 42 гады.
Раней ва УСУ паведамлялі, што на відэа вайсковец 30-й механізаванай брыгады Цімафей Шадура.
Каментары