У Мінску на тэрыторыі жылога комплексу «Мінск-Свет» праектуюцца дзве новыя вуліцы і ўжо нават вызначана, у гонар каго іх назавуць, піша агенцтва «Мінск-Навіны».
Адна з гэтых вуліц будзе насіць імя народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва. Яго працы экспанаваліся ў многіх краінах свету і захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Шчамялёў памёр 14 студзеня 2021 года, пражыўшы амаль 98 гадоў.
Яшчэ адной праектаванай вуліцы «Мінск-Свету» прысвоенае імя беларускага пісьменніка Максіма Лужаніна (1909—2001). Ён быў сябрам літаратурных аб'яднанняў «Маладняк» і «Узвышша», а з 1944 года працаваў намеснікам кіраўніка аддзела культуры ў рэдакцыі газеты «Звязда» і адказным сакратаром часопіса «Вожык».
Акрамя таго, падкарэктавалі назву плошчы Стары аэрапорт. Цяпер абодва словы ў ёй у адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі мусяць пісацца з вялікай літары: «плошча Стары Аэрапорт».
Каментары