Здароўе44

У колькі нараджаць першынца і навошта замарожваць пупавінную кроў — раіць гінеколаг

Доктар-гінеколаг Алена Новікава, якая мае стаж працы ў гэтай сферы больш за 20 гадоў, у тым ліку ў ЭКА 9 гадоў, дала парады будучым мамам.

Алена Новікава ў студыі ютуб-канала "Максімальна"
Алена Новікава. Скрыншот відэа ютуб-канала «Максімальна».

Інтэрвʼю з ёй выйшла на ютуб-канале «Максімальна». Прыводзім найбольш цікавыя моманты.

Дзіўныя пытанні ад пацыентаў

Алена лічыць, што будучыя парадзіхі павінны задаваць доктару пытанні. Пры гэтым, абапіраючыся на ўласны досвед, яна заўважае, што здараюцца выпадкі, калі цяжка пераканаць пацыента, які атрымаў інфармацыю з інтэрнэту ці іншых крыніц, адмовіцца ад нетрадыцыйных метадаў і пачаць лячыцца.

«Найбольш частыя пытанні дзяўчат тычацца шкоды ад тых ці іншых метадаў кантрацэпцыі, напрыклад, што аральныя кантрацэптывы прыводзяць да набору вагі.

Ці іншае. Здараецца, што запаленчы працэс ад бактэрыяльнай інфекцыі зацягнуўся. Чалавеку баліць. Тут трэба лячыцца антыбіётыкам, аднак «нумаролаг сказаў, што народжаным у гэтую дату такія вось антыбактэрыяльныя прэпараты нельга. А яшчэ я была ў астэапата, ён мне таксама сказаў, што можна, а што не. А да таго ж я лячуся толькі расліннымі прэпаратамі. І дайце мне прэпарат, каб ганакокі памерлі, а я засталася жывая. Але каб гэта не быў антыбіётык».

Вось такія даверлівыя людзі. І ты думаеш, што рабіць, бо трэба, каб чалавек рэальна лячыўся», — адзначае Алена.

Паталогія плода і цяжкае пытанне выбару

Адносна таго, ці трэба адгаворваць ад родаў, калі доктар заўважае нейкую паталогію ў дзіцяці, Алена Новікава лічыць, што гэта павінна быць рашэннем сямʼі без якога-небудзь знешняга ўздзеяння:

«Гэта вельмі складанае пытанне, бо бывае розная паталогія. На мой погляд, нікога нельга ні ўгаворваць, ні адгаворваць.

Гэта рашэнне сямʼі. Ім далей жыць з гэтым рашэннем, з дзіцем ці без. І тут ужо доктар, які настойваў на перарыванні ці захаванні, сыдзе з іх жыцця. А дзіця ці праблема застануцца.

Фота: Solen Feyissa / Unsplash

Трэба дакладна, канкрэтна інфармаваць, што будзе з дзіцем, як яно будзе развівацца ў пэўным узросце. І, магчыма, не адзін раз, бо ёсць інтэрнэт, у якім шмат розных гісторый. Магчыма, у страху вочы вялікія. І, магчыма, праблема не такая, як яна будзе апісаная ў інтэрнэце. І ў розных захворванняў бываюць розныя ступені цяжкасці. Таму трэба інфармаваць, але ўстрымацца ад удзелу ў прыняцці рашэння».

20 працэнтаў выкідышаў — сведчанне натуральнага адбору

Адносна статыстыкі пра тое, што да 20 працэнтаў цяжарнасцяў заканчваецца выкідышамі, доктар заўважае, што гэта звязана з натуральным адборам. У параўнанні з некаторымі замежнымі краінамі, дзе да 12—13 тыдняў не выкарыстоўваюць прэпаратаў для захоўвання, у Беларусі існуе іншая практыка. 

«Ёсць такое паняцце, як натуральны адбор. Гучыць страшна, але наша прырода можа зрабіць так, што закладка органаў ці сістэм дзіцяці можа быць няправільнай. І на малых тэрмінах цяжарнасці дзейнічае прынцып — усё ці нічога. 

І добра, што ён дзейнічае. Таму што калі паталогія зусім цяжкая, то развіццё цяжарнасці не наступіць, і калі мы на малым тэрміне не будзем нейкім чынам захоўваць, то будзе выкідыш. Таму шмат у якіх краінах на малых тэрмінах цяжарнасць не захоўваюць ніякімі прэпаратамі, а раяць прыйсці ў 12—13 тыдняў. Таму што да гэтага працуе натуральны адбор.

У нас нярэдка мы прызначаем прэпараты для захавання. Калі ёсць крывяністыя выдзяленні падчас цяжарнасці на малых тэрмінах. Гэта такая палка з двума канцамі. З аднаго боку, ты захоўваеш цяжарнасць, але з іншага, ты яе захаваеш з нейкімі анамаліямі, паталогіямі.

І мы пераходзім да нейкіх маральных прынцыпаў. Адна рэч, згубіць адну цяжарнасць, калі спрацаваў натуральны адбор, гэта выпадковасць. Як сказаць пра гэта? Прырода выбрала вас? А чаму не іншага? Да таго ж складана падзяліць, дзе прырода выбрала, а дзе ёсць нейкі момант, які можна паправіць. І гэта зусім не прырода выбрала».

Абязбольванне пры родах

Алена са свайго досведу раіць парадзіхам прасіць абязбольванне як у прыватных, так і ў дзяржаўных установах:

«Неабходна гаварыць пра гэта, калі ты трапляеш у радзільню, калі плануеш свае роды. І пытацца, што трэба для гэтага зрабіць, каму сказаць, якую заяву напісаць. Увогуле, трэба размаўляць з людзьмі, гаварыць, што ты хочаш. Зразумела, што калі ты прыедзеш і будзеш маўчаць, наўрад ці хто-небудзь прапануе.

За ўскладненнямі, якія могуць узнікнуць, сочыць доктар-анестэзіёлаг. Ён можа падказаць, калі гэта трэба рабіць і як рабіць бяспечна. Таму трэба проста дамовіцца, сказаць, што табе гэта неабходна, і доктар таксама павінен зразумець, што табе гэта неабходна».

Раджаць — балюча

Адносна распаўсюджанага меркавання, што раджаць не балюча, калі да гэтага падрыхтавацца, Алена Новікава заўважае, што гэта не так. І пераказвае свой уласны досвед.

«Калі я вучылася ва ўніверсітэце, на чацвёртым курсе мужчына ў нас вёў акушэрства. Ён вельмі добра расказваў пра тое, што раджаць не балюча. Гэта проста пытанне псіхалагічнай падрыхтоўкі. Я рыхтавалася, рыхтавалася, а потым я яго вельмі згадвала. Вось і вер мужчынам пасля гэтага.

Ён зыходзіў з анатоміі, з таго, дзе ёсць болевыя рэцэптары, а дзе іх няма. Што ў шыйцы маткі няма іх. Але потым да мяне дайшло, што там шмат іншых органаў задзейнічана, у якіх ёсць болевыя рэцэптары».

Хатнія роды: меркаванне доктара 

Некаторыя беларускі выбіраюць хатнія роды, бо баяцца бальніц. Доктар адмоўна адносіцца да хатніх родаў. Яна спасылаецца на непрадбачаныя сітуацыі, якія могуць узнікнуць і запатрабуюць неадкладнай дапамогі. А размовы пра тое, што нашы бабулі нараджалі ў полі, яна прапануе супаставіць з лічбай дзіцячай і мацярынскай смяротнасці тых часоў:

«Хатнія роды — нядобра. Таму што ў родах ёсць шмат нечаканых момантаў, калі табе будзе патрэбна дапамога. Напрыклад, крывацёк пасля родаў. Вельмі хутка жанчына губляе кроў. Гэта вельмі страшна. І трэба хутка дзейнічаць, бо лік ідзе на хвіліны. І ад гэтага можна памерці, пакуль прыедзе хуткая.

Ці нараджаецца дзіця, якое аспіраванае (удыхнула каляплодныя воды). Яму таксама патрэбная хуткая дапамога. Неабходна высмактаць, прыбраць тое, што яно ўдыхнула, дапамагчы раздыхацца.

Фота: Stephen Andrews / Unsplash

Такое здараецца рэдка, але калі гэта здарыцца дома, то хуткая проста не паспее. Выбіраючы хатнія роды, ты рызыкуеш жыццём дзіцяці і сваім.

Гэта як з пераходам дарогі ў непрызначаным для гэтага месцы. Ты можаш перабегчы, і ўсё будзе добра. Шмат людзей перабягае, але нехта не перабяжыць. Таму і ёсць правілы, якія патрабуюць пераходзіць дарогу па пешаходным пераходзе», — адзначае Новікава.

«Нараджаць першынца пажадана да 35, а калі не — то можна замарозіць яйцаклеткі»

Алена Новікава выступае за папулярызацыю праграмы адкладзенага мацярынства, якая дапамагае захаваць фертыльнасць, і за тое, каб першая цяжарнасць наступіла да 35 гадоў:

«Кожны гінеколаг разумее, што жаночы арганізм уладкаваны так, што колькасць яйцаклетак — канечная. І з узростам колькасць памяншаецца. І шанц зацяжарыць і нарадзіць другое дзіця таксама змяншаецца. І ты хочаш накіраваць жанчыну, хочаш ёй падказаць, што карʼера — гэта класна, але жыццё ёсць жыццё.

Калі ты хочаш у будучыні мець дзяцей, то задумайся. Можна сказаць: «Табе 27 гадоў, што ты сабе думаеш». А можна расказаць пра праграмы адкладзенага мацярынства, якімі можна скарыстацца, калі нараджэнне дзіцяці адкладзена. Можна замарозіць яйцаклеткі.

Пажадана да 35 гадоў зацяжарыць першым дзіцем. Таму што ў гэтым узросце змяншаецца рэзерв нашага яечніка, становіцца меней яйцаклетак, зʼяўляюцца першыя цяжкасці. З узростам назапашваюцца мутацыі. Менавіта ўзрост 35—37 гадоў зʼяўляецца крытычным. Пасля яго значна ўзрастае рызыка нараджэння дзіцяці з анамаліямі. Да таго ж з узростам змяншаецца шанец зацяжарыць».

Пупавінная кроў можа ў будучым выратаваць жыццё дзіцяці

Доктар лічыць, што традыцыя захавання пасля родаў плацэнты не мае ніякіх медыцынскіх падстаў і раіць захоўваць пупавінную кроў як крыніцу ствалавых клетак.

«Толькі фармкампаніі могуць з плацэнты здабываць нейкія экстракты. Але сам чалавек з ёй нічога не зробіць. Гэта глупства.

Трэба захоўваць пупавінную кроў. Яна крыніца ствалавых клетак. Яе трэба замарожваць. Яна спецыяльным чынам апрацоўваецца і застаюцца клеткі, якія зʼяўляюцца ўнікальнымі: яны могуць пераўтварацца ў іншыя клеткі і могуць у будучым служыць для лячэння лейкозаў канкрэтна гэтага дзіцяці.

Пупавінную кроў у Беларусі ўжо шмат гадоў замарожваюць. Гэта робіцца ў НІІ анкагематалогіі (Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. — НН). Можна напісаць заяву, аплаціць паслугу. Прыедзе брыгада і забярэ пупавінную кроў», — раіць гінеколаг.

Чытайце яшчэ:

Цяжарнасць і роды: што трэба ведаць пра іх

Якія абследаванні трэба праходзіць жанчыне пасля 40 гадоў

Беларускія дактары і актывісткі запусцілі праект аб жаночым здароўі

«Не разумею, чаму нашы жанчыны ездзяць нараджаць у Літву». Вядучая акушэр-гінеколаг Мінздароўя — пра платныя палаты і візіты святароў

Каментары4

  • гине кола гине
    15.04.2023
    "Алена са свайго досведу раіць парадзіхам прасіць абязбольванне"
    а як гэта адбіваецца на дзіцяці?

    і гэта спецыяліст?
  • мардин
    15.04.2023
    "мае стаж працы ў гэтай сферы больш за 20 гадоў, у тым ліку ў ЭКА 9 гадоў"
    у якой клініцы?
    чяму не пазначяна, што на правах раклямы?
  • Vik
    17.04.2023
    Хадзячая катастрофа, а не дохтарка.

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна7

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Усе навіны →
Усе навіны

Экс-прэзідэнт Польшчы: Замарожаны канфлікт будзе трагічнай весткай для Украіны3

Упершыню за палову месяца даляр патаннеў

«Калі набыў $20 па курсе 3,3 — і цяпер ты паспяховы інвестар»: як беларусы рэагуюць на скачкі валют7

У 53 гады загінуў былы турэмны начальнік з Оршы5

У Брэсце мужчына падумаў, што яму атруцілі каву, і ўдарыў афіцыянтку лыжкай. Завялі крымінальную справу3

Паліцыя разагнала пратэст у цэнтры Тбілісі3

Улады Малдовы вырашылі не плаціць «Газпраму» доўг памерам 709 млн даляраў

«Цяпер хоць стала можна нармальна зарабляць». Што думаюць таксісты пра працу ў новых умовах9

Аўстралія забароніць падлеткам да 16 гадоў карыстацца сацыяльнымі сеткамі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна7

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Галоўнае
Усе навіны →