Расійскія СМІ: У нас беларускую каўбасу прадаюць, а дзе ў Мінску крамы з сібірскімі прадуктамі?
У Новасібірску днямі запрацаваў кірмаш беларускіх прадуктаў. Каля ўваходу — мабільны пункт для прыёму добраахвотнікаў на вайну.
На кірмашы беларускіх тавараў выстаўлена прадукцыя больш чым 30 айчынных вытворцаў рознай накіраванасці. Сібірскае выданне Ngs.ru распавяло, што з сябе ўяўляе новы беларускі кірмаш і якія там цэны.
Аповед пачынаецца з таго, што адразу на ўваходзе (які з'яўляецца адзіным) кірмаш сустракае гасцей сцэнай, на якой выступаюць творчыя калектывы, а таксама вялікім банерам з рэкламай службы ў расійскай арміі і мабільным вайсковым пунктам для прыёму добраахвотнікаў.
Тыя ж, каго ўсё гэта не цікавіць, могуць адразу прайсці ў саму гандлёвую зону і панакупляць беларускага тэкстылю, адзення, касметыкі, шакаладу, каўбас і сыроў (аднак зусім нядаўна Расія вырашыла ўвесці забарону на ўвоз беларускіх сыроў, як яны аказаліся на кірмашы, невядома).
Пры гэтым выданне Ngs.ru адзначае, што ў Новасібірску і без таго працуюць больш за 60 спецыялізаваных беларускіх магазінаў, не кажучы ўжо пра тое, што прадукцыя з Беларусі там рэгулярна сустракаецца і ў звычайных супермаркетах.
Ажыятаж на кірмашы сярод мясцовых пакупнікоў — на кандытарскія, сырныя і каўбасныя вырабы. Там можна сустрэць прадукцыю такіх вытворцаў, як «Cпартак», «Бабулін гарлачык», Гродзенскі мясакамбінат і інш.
Цэны наступныя. Добры беларускі шакалад будзе каштаваць не танней за 3 беларускія рублі за плітку. Цэны на сыры пачынаюцца з 22 рублёў за кілаграм, а большая частка з іх каштуе даражэй за 30. Звычайная вараная каўбаса каштуе нядорага, аднак уся далікатэсная сыравяленая будзе каштаваць больш за 50 рублёў за кілаграм.
Аднак Ngs.ru таксама звяртае ўвагу на той факт, што большая частка прадукцыі, якая прывозіцца з Беларусі, у той жа меры вырабляецца і ў Сібіры. Расійскае выданне задаецца пытаннем, чаму мясцовы пакупнік пры падабенстве тавараў павінен купляць «не сваё» і чаму, напрыклад, у Мінску няма ніводнага гандлёвага пункта з Сібіры.
«Цалкам відавочна, што, купіўшы на кірмашы ці ў краме беларускі алей, каўбасу ці сыр, новасібірскі пакупнік прапусціць пакупку (і не адну) тавараў мясцовых вытворцаў. Пры гэтым у Мінску ніводнай крамы «Сібірскія прадукты» чамусьці няма. Ды і нашы ўласныя кірмашы ў адказ у Мінску, дзе беларусы маглі б купіць каўбасу «Гандлёвай плошчы», алтайскія сыры і дзікаросы з Томскай вобласці, арганізаваць пакуль неяк не ўдаецца», — падкрэслівае Ngs.ru.
Беларускі кірмаш будзе доўжыцца тыдзень.
Каментары
гэта як працаўнікі мясакамбінату не ядуць каўбасу свайго камбінату... а іншага мо й ядуць...
Але і без іхняй травы тут не сумна.
Усё астатняе лайно, чым яны кормяць сваіх "братьев православных", тут ніколі не было патрэбна, таму ніколі ніхто яго і не завозіў сюды. Прапагандысты могуць скавытаць без меры, але бізнес ёсць бізнес, і набор мутных хімікатаў з надпісам "сметанный продукт" тут не прадасі як смятану.