Новыя лекі ад мігрэні могуць дапамагчы нават у самых складаных выпадках
У выпрабаванні прэпарат Atogepant, нядаўна зацверджаны ў ЗША, паспяхова прадухіляў мігрэнь у людзей, якія не рэагавалі на іншыя лекі.
На мігрэнь пакутуе, па розных даных, ад 7 да 10% жыхароў планеты; прычым у жанчын яна сустракаецца ў тры разы часцей, а спадчынны фактар тут грае вялікую ролю. Галаўны боль пры мігрэні можа доўжыцца ад некалькіх гадзін да некалькіх дзён запар, а частымі спадарожнікамі могуць выступаць млоснасць і павышаная адчувальнасць да святла і гукаў.
Atogepant, нядаўна ўхвалены ў ЗША для дарослых пацыентаў з хранічнай мігрэнню, распрацаваны кампаніяй Abbvie і прадаецца пад гандлёвай маркай Qulipta. Гэта частка адносна новага класу лекаў ад мігрэні, якія называюцца інгібітарамі CGRP (calcitonin gene-related peptide ці пептыд, звязаны з генам кальцытаніну).
CGRP — гэта бялок, які грае ключавую ролю ў запуску і падтрыманні мігрэні і іншых хранічных тыпаў галаўнога болю. Таблеткі былі ўпершыню зацверджаныя амерыканскім рэгулятарам у 2021 годзе для прафілактыкі эпізадычных мігрэняў (ад 4 да 14 дзён на месяц).
У буйнамаштабных клінічных выпрабаваннях на пацыентах з эпізадычнымі мігрэнямі Atogepant прыкметна скараціў колькасць дзён з мігрэнню ў параўнанні з плацэба (прыкладна на два дні менш пры самых высокіх дозах). Гэтае новае даследаванне, у якім прынялі ўдзел каля 300 чалавек, разглядала ў прыватнасці выпадкі, калі пацыенты не рэагавалі на іншыя лекі. Прэпарат таксама выявіўся бяспечным і добра пераносіцца, прычым найбольш распаўсюджанымі пабочнымі эфектамі былі запор і млоснасць, якія закраналі да 10% пацыентаў.
Новыя вынікі павінны яшчэ быць апублікаваныя ў адным з рэцэнзаваных навуковых часопісаў, што з'яўляецца важнай часткай навуковага працэсу. Але амерыканскі рэгулятар ужо пагадзіўся пашырыць паказанні для прымянення прэпарату, дазволіўшы яго выкарыстанне для прафілактыкі як эпізадычных, так і хранічных мігрэняў (гэта мігрэні, на якія пацыенты пакутуюць 15 і больш дзён на месяц). Прэпарат будзе зацверджаны ў дозе 60 міліграмаў на суткі (найвышэйшая дазволеная дазіроўка) для тых, хто прымае яго для прафілактыкі хранічнай мігрэні.
Хоць Atogepant і іншыя CGRP-лекі сапраўды зрабілі крок наперад у лячэнні мігрэні, яны маюць высокую цану, адзначае Gizmodo. Без страхоўкі кошт таблетак можа сягаць вышэй за 1000 даляраў на месяц для тых, хто мае ў іх патрэбу, хоць некаторыя іншыя прэпараты CGRP каштуюць танней.
Каментары