Фінская прэм'ерка, якая нядаўна прайграла выбары, разводзіцца з мужам
Прэм'ер-міністарка Фінляндыі Сана Марын паведаміла ў інстаграме, што яны з мужам Маркусам Райканенам падалі на развод.
Марын і Райканен пажаніліся крыху менш за тры гады таму, у пачатку жніўня 2020 года. Вяселле адсвяткавалі ў рэзідэнцыі Кесяранта.
Увогуле ж пара пазнаёмілася, калі ім было па 18 гадоў. Усяго ж Сана і Маркус былі разам каля 19 гадоў.
Былому футбалісту, а цяпер бізнэсоўцу Маркусу Райканену 37 гадоў. Ён аднагодак Марын.
Сана Марын адзначыла, што яны з хутка ўжо былым мужам па-ранейшаму застаюцца добрымі сябрамі і любячымі бацькамі.
37-гадовая Сана Марын пакуль яшчэ выконвае абавязкі прэм'еркі Фінляндыі, але неўзабаве мусіць гэтую пасаду пакінуць, бо яе Сацыял-дэмакратычная партыя на парламенцкіх выбарах 2 красавіка заняла толькі трэцяе месца. Прашэнне аб адстаўцы яна падала адразу пасля падвядзення вынікаў выбараў.
Увогуле ж Сана Марын узначаліла ўрад у канцы 2019 года ва ўзросце ўсяго 34 гады, стаўшы тады наймаладзейшай з кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў ва ўсім свеце. Ды нават і цяпер, праз тры гады, яна ўваходзіць у пяцёрку самых «юных».
За час прэм'ерства Сана Марын стала вядомай не толькі на радзіме, але і ва ўсім свеце, бо часта праз свае свабодныя норавы і паводзіны рабілася гераіняй свецкай хронікі.
Каментары