Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч заявіў, што прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіца можа ў найбліжэйшыя дні адправіцца ў Маскву для перамоў з Уладзімірам Пуціным адносна паставак газу пасля 2024 года.
Пра тое, што ён «неафіцыйна даведаўся» пра візіт прэм'ера Славакіі да Пуціна на наступным тыдні, Аляксандр Вучыч паведаміў у інтэрв'ю сербскаму тэлебачанню, піша «Еўрапейская праўда».
«У панядзелак Роберт Фіца паедзе да Пуціна, як лідар краіны Еўрапейскага Саюза, і не мне вам гаварыць, якую гэта выкліча рэакцыю сярод іншых еўрапейскіх лідараў з ЕС», — сказаў прэзідэнт Сербіі.
Славацкі бок на момант публікацыі навіны ніяк не каментаваў заявы Вучыча.
Калі Фіца сапраўды паедзе ў Расію, гэта стане яго першай паездкай туды пасля вяртання да ўлады ў 2023 годзе. Славацкі прэм'ер можа стаць трэцім еўрапейскім лідарам пасля канцлера Аўстрыі Карла Нехамера і прэзідэнта Венгрыі Віктара Орбана, які наведае Маскву з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.
Як вядома, Славакія перад тым неаднаразова спрабавала дасягнуць падаўжэння пагаднення паміж Украінай і Расіяй аб транзіце расійскага газу, тэрмін дзеяння якога завяршаецца ў 2024 годзе.
Прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль у размове з прэм'ерам Славакіі на гэтым тыдні пацвердзіў, што Кіеў выключае падаўжэнне транзітнага пагаднення з «Газпрамам», але адзначыў, што Украіна не супраць транспартаваць праз сваю газатранспартную сістэму газ у тым выпадку, калі ён будзе не з Расіі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі напярэдадні таксама пацвердзіў, што Украіна не разглядае аднаўленне пагаднення з «Газпрамам» аб транзіце расійскага газу ў Еўропу, таксама даўшы зразумець, што Кіеў не пагодзіцца прапампоўваць расійскі газ і пад выглядам азербайджанскага.
Каментары