Варта прыглядацца да птушак на палях. Магчыма, атрымаецца зафіксаваць сенсацыю
Такую рэкамендацыю дае тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач», бо мае ўжо два паведамленні, што ў Беларусі сёлета нібыта ўжо бачылі дропаў (дрофаў), якіх у нас не назіралі ўжо больш за 70 гадоў.
Самыя апошнія дакладныя рэгістрацыі гэтых птушак адносяцца да 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Тады адзінкавых птушак бачылі ў ваколіцах горада Высокае і каля вёскі Мартынюкі (асабістае паведамленне Фёдара Кузько). Абедзве лакацыі, як і папярэднія рэгістрацыі, знаходзяцца ў Камянецкім раёне.
І вось нечакана каналу «Дзікая прырода побач» цікавую інфармацыю паведаміў Вадзім Пракапчук. Ягоны сябра, Іван Каляда, 7 мая ў тым жа Камянецкім раёне каля вёскі Хадасы нібыта бачыў дропаў — самца і дзвюх самак. Мужчына вельмі добра разгледзеў птушак — яны былі на полі недалёка ад дарогі. Іван нават сфатаграфаваў іх з аўто на тэлефон, але, на жаль, якасць фота атрымалася нездавальняючая.
Пра яшчэ адно магчымае назіранне дропаў паведаміў Аляксандр Марзан. 14 мая ён нібыта бачыў дзвюх буйных птушак, вельмі падобных да дропаў, на полі каля гомельскай трасы, паміж Драгічынам і Антопалем.
Дроп — масіўная птушка з шырокімі грудзьмі і тоўстай шыяй, памерам прыкладна з бусла. Ён уключаны ў Чырвоныя кнігі ўсіх краін.
Каментары
Хотелось бы подобную дичь сделать нормой моего бытия 🥸