Эканоміка22

«Грэць насенне сталі яшчэ ў лютым». Як на Століншчыне вырошчваюць раннюю бульбу

Літаральна праз тыдзень на прылаўках беларускіх магазінаў можа з'явіцца наша ранняя капуста, а ў першай палове чэрвеня — маладая бульба. Столінскія фермеры ў гэтым сезоне плануюць замясціць айчыннай гароднінай імпарт і гатовыя прадаць каля 20 тыс. тон. Ці можна тут Беларусі зусім абысціся без імпарту, выданне Office Life разбіралася на прыкладзе адной з фермерскіх гаспадарак.

«Грэць насенне пачалі ў лютым»

Шлях ранняй бульбы: ад насення да поля

За рулём белага Wrangler Sahara, на якім журналістаў вязуць па полі, — кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Люберт» Васіль Грыб. Ён родам з Альшан Столінскага раёна, але на працу кожны дзень ездзіць прыкладна за 70 кіламетраў — у вёску Плотніца.

У яго сям'і каля 1200 гектараў угоддзяў, дзе яны вырошчваюць бульбу, капусту, моркву і яблыкі. Раннюю гародніну прадаюць на ўнутраным рынку, 80% позніх гатункаў гародніны і яблыкаў закупляюць прадпрымальнікі і гандлёвыя сеткі Расіі. Прадукты столінскіх фермераў у тым ліку можна сустрэць у расійскіх крамах «Дыксі», «Магніт» і «Пяцёрачка».

Сям'я Грыб вядомая на Палессі, усе спакон вякоў займаліся фермерствам і вырошчвалі гародніну. Цяпер у гэтай сферы сам Васіль і яго чатыры браты.

Вялікія сем'і для гэтага рэгіёна — абсалютна звычайная сітуацыя. У іх з дзяцінства прывыклі працаваць на сваёй зямлі і зарабляць менавіта сельскай гаспадаркай.

Васіль спыняе машыну на краі бульбянога поля, наракае, што з-за замаразкаў зялёнае бацвінне з краю памерзла і пачарнела:

«Маразы былі, доўга халадзіла. Але ў Беларусі бацвінне пачынае ў таго-сяго з фермераў толькі выходзіць з зямлі, а ў нас — хутка цвісці будзе! Усяго пару дзён таму з гэтага, здаецца, бязмежнага поля знялі спанбонд, бульба ўжо цвіце, а прыкладна 15 чэрвеня тут будуць збіраць ураджай.

Гэта ранняя бульба, якую жыхары сталіцы і ўбачаць у крамах. Але да прылаўка яна праходзіць звілісты шлях. Яшчэ мінулай зімой 30—40 тон насення ультраранняга сорту «Каломба» закупілі ў Нідэрландах. Прыкладны кошт адной тоны такога насення — 1500 еўра. Менавіта гэты сорт ранняй бульбы падыходзіць для нашага клімату.

Насенне закупляюць кожны год, але яго кругазварот у прыродзе такі:

напрыклад, у студзені 2022 года насенне з Нідэрландаў прывезлі ў Столінскі раён, у красавіку высадзілі, а восенню сабралі ўраджай. І вось з гэтага ўраджаю выбралі насенне, зімой ужо 2023 года перасыпалі ў пластмасавыя скрыні па 15 кілаграмаў, у пачатку лютага аднеслі ў цяпліцу.

Цяпліцы ацяпляюцца, гэта трэба для таго, каб бульба прагрэлася і пусціла расткі. Бульба ляжыць там амаль два месяцы, і ўвесь гэты час мінімум раз на тыдзень яе трэба пераварочваць.

І вось у канцы сакавіка бульбу ўручную высадзілі на гэтае поле, накрылі спанбондам і знялі яго толькі цяпер.

Механізаваная праца чужая гэтаму ультраранняму сорту. Каб атрымаць выдатны прадукт, кожную бульбіну тут садзяць у зямлю рукамі, а потым таксама ўручную і збіраюць. Для гэтага фермер дадаткова запрашае на некалькі дзён сезонных рабочых — іх прыкладна 30 чалавек.

З гэтага поля 100 гектараў Васіль плануе сабраць каля 2—3 тыс. тон ранняй бульбы. Магло быць і больш, калі б не замаразкі. Нават спанбонд не дапамог паўнавартасна ад іх засцерагчыся. Каб адбіць выдаткі, трэба прадаць бульбу коштам не меншым за адзін рубель за адзін кілаграм.

«Але летась мы прадавалі па 45—60 капеек за кілаграм і мелі страты».

Усю раннюю бульбу забіраюць гандлёвыя сеткі

Васіль Грыб часта наведвае сустрэчы фермераў з уладамі. Напрыклад, у красавіку гэтага года была такая сустрэча з намеснікам прэм'ер-міністра Леанідам Зайцам і старшынёй Брэсцкага аблвыканкама Юрыем Шулейкам. Фермер гаворыць, што дзякуючы гэтым мерапрыемствам яшчэ з мінулага сезона мясцовыя вытворцы сталі шчыльна працаваць з крамамі.

«У Беларусі вялікая патрэба ў ранняй бульбе, усё прадаём унутры краіны. Каля 50% нашай ранняй прадукцыі забірае «Еўраопт», астатнюю — «Санта Рытэйл», «Алмі» і іншыя. Дамаўляцца непасрэдна з гандлёвымі сеткамі лепш, чым праз пасярэднікаў. Пасярэднік сабе забірае яшчэ 15—20 капеек з кілаграма.

На пастаўкі ў крамы дамаўляемся прыкладна за тыдзень да збору ўраджаю, а калі ўраджай сабралі, самі развозім бульбу па гандлёвых сетках у Беларусі».

На думку Васіля Грыба, вырасціць маладую бульбу раней, чым да сярэдзіны чэрвеня, у Беларусі праблематычна. Таму ўсё адно ў красавіку-маі даводзіцца закупляць яе ў краінах з больш цёплым кліматам.

«Бульба вельмі баіцца марозу. Бачыце, як мы яе выграваем у цяпліцах, накрываем спанбондам, а ўсё адно шмат памерзла. Са 100 гектараў, якія засадзілі, добры ўраджай атрымаем толькі з 50 гектараў. Астатняя бульба будзе мучыцца ў зямлі, пакуль не пусціць новыя карані, а гэта значыць, што капаць яе мы будзем толькі ў ліпені».

Цану на раннюю бульбу фармуе рынак. Фермер кажа, што беларускую ў чэрвені прадаюць танней за імпартную, каб рэалізаваць тавар у сезон.

А што з ранняй капустай?

Падчас паездкі на яшчэ адно поле — яно засаджана ранняй капустай — Васіль Грыб расказвае пра бацькоўскую сям'ю.

«Усе мы са Столінскага раёна, нікога з іншых месцаў у нашай сям'і няма. Бацька быў фермерам, сям'я вялікая — дзевяць дзяцей. У нас, як і ў многіх у Альшанах, былі цяпліцы, усё школьнае дзяцінства вырошчвалі агуркі, памідоры, капусту… Калі выраслі, ажаніліся, купілі з братам закінуты ліцейны завод, да яго выдзелілі зямлю. Так усё і пачалося…»

Раннюю капусту фермер плануе зрэзаць прыкладна праз тыдзень. Пад яе адвялі 160 гектараў зямлі. Васіль беражліва паказвае нам маленькія галоўкі, якія ўсяго праз дзён з 10 стануць большымі разы ў два.

Сетка паставак у крамы для капусты — тая ж, што і для маладой бульбы. Насенне таксама везлі з Нідэрландаў, высаджвалі ў цяпліцах, затым падрослую расаду — на поле пад спанбонд. Усё зноў уручную, нават праполка, бо калі труціць пустазелле адмысловымі растворамі, то ў капусту патрапяць нітраты.

Каб выйсці ў нуль, яе таксама трэба прадаць не танней, чым адзін рубель за кілаграм. Мінулы год быў стратны: цэны ў канцы сезона моцна ўпалі. Але адразу трэба агаварыць, што ў фермера розныя сарты капусты — вырошчвае ён не толькі раннюю, але і познюю, таму прадае яе і зімой.

Фермерам патрэбныя не крэдыты, а добрая зямля

«Фермеры адмаўляюцца вырошчваць гародніну, таму што вялікая рызыка. Летась на капусце я панёс страты. Даводзіцца браць крэдыты ў банках пад 15—18%. А як без іх?

Капусту ўсю зіму прадавалі па 19—20 капеек за кілаграм, а яе сабекошт — 45. Як я без крэдыту магу ў гэтым годзе запусціцца? Цяпер чакаю крэдыт, каб узяць угнаенне і пасадзіць позні тавар».

Але, як ні дзіўна, сёння для развіцця бізнэсу Васіля Грыба самая вялікая праблема — нават не грошы і не пераменлівы беларускі клімат. Для шчасця яму і братам-фермерам трэба яшчэ 1000 гектараў добрай зямлі.

«Сёлета далі зямлю — зверху пясок, знізу балота, дзесьці выкарчоўвалі… Калі б у мяне была добрая зямля, мы б вырасцілі яшчэ больш бульбы. А калі б зноў прагарэлі на капусце, то запусцілі б клубніцы, маліны, ажыны і зеляніну. Клопату багата, укласціся трэба больш, але больш выгадна. Мы такія — заўсёды глядзім наперад», — вобразна кажа Васіль.

І яму верыш.

Каментары2

  • Піна
    22.05.2023
    От то працавітыя беларусы, малайцы!
  • Брацику
    23.05.2023
    Мало вы знаете про Столинских фермеров, как некоторые из них землю получают а некоторым шиш, в Ольшанах проблема, шо многие под ЛПХ земли получить не могут. Сколько сизонных рабочих на них ботрачат за мизерную дневку, работы в районе нет, приэтом взносы в фсзн фермеры за рабочих не платят, многие годами на них работают и не пенсий не стажа, а местные власти ничего не решают с этим. Сделали бы репортаж как этих рабочих в переполненых бусах на работу Грибы возят и в каких условиях они работают!!

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў5

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

Усе навіны →
Усе навіны

Украінцы выбілі расіян ад Купянска5

ГУБАЗіК паправіў пракуратуру16

«Відаць, я добра шыфравалася, што за мной прыйшлі толькі ў 2023 годзе». Мінчанка расказала пра арышт і ўцёкі2

Кур'ер пераканаў 87-гадовую мінчанку не перадаваць грошы на «лячэнне сваячкі»1

У Маскве нацыяналізавалі нерухомасць алігарха з беларускімі каранямі Аляксея Хоціна

Прапагандысты выпадкова паведамілі, колькі плацяць за стварэнне крынджовых стыкераў да Дня народнага адзінства4

Апублікавала рылз пра Караткевіча і выйшла замуж праз восем месяцаў. Гісторыя кахання двух беларусаў3

У ЗША спынілі крымінальны пераслед Трампа па справе штурму Капітолія2

Беларускую спявачку Руслану Панчышыну прызналі ў Іспаніі адкрыццём года2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў5

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

Галоўнае
Усе навіны →