Усяго патроху2323

Чаму ў Мінску ў спякотныя дні моцна смярдзіць?

Калі лета і спякота, у паўднёвай частцы Мінска пачынае непрыемна пахнуць. Гараджане адчуваюць дзіўны пах ці то тухлага мяса, ці то сухога гною. Выданне Blizko.by паспрабавала разабрацца, у чым прычына, і разгледзела ажно 5 розных версій.

Дзе канкрэтна і калі менавіта смярдзіць?

Кепскі пах з'яўляецца ў паўднёвай частцы горада: Чыжоўка, Лошыца, Брылевічы і Пятроўшчына. Напрыклад, сёння раніцай непрыемны водар разносіўся нават у пераходзе станцыі метро «Пятроўшчына».

Гэты характэрны смурод адчуваецца толькі ў некаторыя дні гарачай пары года: з канца мая да верасня. У іншыя месяцы можа смярдзець па-іншаму, але ў паўднёвай частцы гэты смурод адчуваецца толькі ў спякоту як днём, так і ноччу. Сядзець дома з зачыненымі вокнамі душна, а адчыніць ды выветрыць таксама немагчыма: у пакоі адразу пранікае агідны пах.

Смурод неяк фіксуецца афіцыйна? Хто адсочвае чысціню паветра?

У Мінску кантроль за паветрам вядуць некалькі арганізацый. Адна з іх — «Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя» пры Міністэрстве прыроды Рэспублікі Беларусь. Служба радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу штодня выдае справаздачы пра стан паветра.

На сайце ёсць карты і справаздачы. Вось прагноз на сёння: абяцаюць, што ўсё ў норме.

Калі паглядзець на карты, то якраз у паўднёвай частцы Мінска, на вуліцы Каржанеўскага ў Курасоўшчыне, знаходзіцца аўтаматычная станцыя бесперапыннага вымярэння ўтрымання прыярытэтных забруджвальных рэчываў у атмасферным паветры — ПНЗ №11. Яна ў аўтаматычным рэжыме выдае звесткі, якія рэгулярна абнаўляюцца і адлюстроўваюцца на карце.

Бачна, што па стане на 08:40-09:00 усе паказчыкі ацэньваюцца як «добрыя» і «вельмі добрыя». А вось у лічбавых значэннях заўважаецца, што ўзровень дыяксіду азоту на фоне астатніх лічбаў нейкі вельмі высокі: 0,34 ад узроўню гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі. Гэта значыць, што да мяжы яшчэ далёка, але паказчык усё адно высокі.

Праходзіць некалькі гадзін, смурод паволі сціхае — і разам з тым паказчык дыяксіду азоту на карце таксама памяншаецца, прычым падае аж у чатыры разы: з 0,34 да 0,08 ГДК. Што ж, разгадка блізкая?

Але ў аддзеле маніторынгу навакольнага паветра падазрэнні развейваюць: дыяксід азоту ў першую чаргу бярэцца ад аўтамабіляў і ЦЭЦ і наўпрост са смуродам, які ўзнікае толькі ў спякоту, не звязаны. А чаму значэнне так рэзка ўпала за некалькі гадзін, можа быць нямала тлумачэнняў. Напрыклад, падзьмулі свежыя вятры і разагналі ўсе гэтыя выхлапныя газы. І ўвогуле, кажуць, пахамі (і ў цэлым арганалептычнымі ўласцівасцямі) займаюцца ў санстанцыі.

Пытанні пра смярдзючае паветра задаюцца пасля Мінскаму гарадскому цэнтру гігіены і эпідэміялогіі. У лабараторыі даследавання атмасфернага паветра тлумачаць, што праводзяць уласныя даследаванні паветра, а прычынамі праявы яго непрыемных уласцівасцяў займаюцца ў іншым аддзеле.

У журналістаў пыталіся, ці ёсць у іх саміх якое-небудзь тлумачэнне таму, чаму паветра такое смярдзючае. Пасля выказвання сваіх ідэй іх адпраўлялі да патрэбных спецыялістаў для кансультацыі.

Якія могуць быць прычыны смуроду?

Калі Лошыца была яшчэ не вельмі шчыльна забудаваная, у ёй некалькі спякотных гадоў адчуваўся гэты самы непрыемны пах. У сувязі з гэтым нарадзіліся такія дзве версіі, адкуль ён паходзіць.

1. Смурод ад смеццевай звалкі-палігона «Прудзішча», які знаходзіцца за кіламетр на поўдзень ад МКАД пасярэдзіне паміж Лошыцай і Чыжоўкай

Версія добрая, але не. Па-першае, «Прудзішча» (дарэчы, гэта самы стары мінскі сметнік) закансервавалі са жніўня 2019 года. Новых адкідаў туды больш не возяць, а вось смурод праяўляецца па сёння. Па-другое, гэта быў палігон прамысловых адходаў: будаўнічае смецце, бетонныя блокі, пясок, арматура. Бульбяныя ачысткі і адпрацаваныя падгузнікі туды ўжо шмат-шмат гадоў не вазілі.

Аўтар артыкула пабываў на вяршыні і на схілах палігона вясной 2020-га, калі сметнік ужо кансервавалі: засыпалі пяском і жвірам. І хоць сярод паліц можна было папросту ўбачыць пустыя створкі ракавін-бяззубак (відавочна, зачэрпнутых разам з глеем), хай непрыемны пах усё яшчэ прысутнічаў, але адчуваўся ён толькі на вяршыні. На схілах і на любой адлегласці ад гэтага вялізнага кургана ніякага смуроду не было.

Від на Чыжоўку з палігона

2. Смурод ад гарбарнага завода ў Гатаве

Любы, хто хоць раз выходзіў з электрычкі на станцыі Асееўка (Асіповіцкі кірунак) або проста высоўваўся ў фортку, мог пачуць характэрны непрыемны пах. У паўднёвай частцы Гатава знаходзіцца Мінскае вытворчае гарбарнае аб'яднанне, на якое звычайна і звальваюць віну за смурод.

Можа, гарбарны завод і ні пры чым, але пасажыры электрычак стэрэатыпна валяць на яго. Аднак у аддзяленні ацэнкі рызык санстанцыі адпрэчваюць і гэтую версію: занадта ўжо далёка ад Мінска. А канкрэтна — 6,5 км да найбліжэйшага ўчастка МКАД, а да Пятроўшчыны — і зусім 15 кіламетраў.

3. Смурод ад угнаенняў з палёў

Увосень 2017-га і вясной 2018-га мінчукі скардзіліся на пах гною ў горадзе. Спецыялісты тлумачылі, што гноем можа смярдзець, калі ў паветры ёсць метылмеркаптан — бескаляровы газ, што можа паходзіць ад гною, якім угнойваюць палі, напрыклад, на птушкафабрыках.

Яшчэ адна добрая версія, але зноў малаверагодная. Увесну ўгнойваюць палі пад летнія культуры, а ўвосень — пад азімыя. Але цяпер-та спякотнае лета, усё ўжо даўно засеялі, узышлі расткі, да ўраджаю недалёка. Гною ў палях быць не павінна.

4. Сажалкі-адстойнікі на рацэ Лошыца

Блогер і краязнаўца Дзяніс Блішч адшукаў максімальна смярдзючае месца ў Мінску — вусце ракі Мышка пры яе ўпадзенні ў раку Лошыца. Тут стварылі некалькі сажалак-адстойнікаў. Дзяніс піша: «Водары адзін-у-адзін паўтараюць тыя, што можна ўчуць у галоўных гарадскіх адстойніках непадалёк ад вёскі Сіняло. Гэта такі асаблівы пах з «га**янага спектру», але настолькі спецыфічны, што нічога падобнага ў нашым побытавым жыцці не сустракаецца. Цяжкі». Можа, гэта і ёсць прычына?

Аддзел кантролю за аховай атмасфернага паветра, водных рэсурсаў і нетраў Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, куды журналісты таксама датэлефанаваліся, сумняваецца: «Рака Мышка — гэта наўрад ці, там ужо той Мышкі засталося…»

5. Мінская ачышчальная станцыя і палі фільтрацыі

У пачатку лета 2020 года мінчукі скардзіліся журналістам на жудасны пах, прычым фігуравалі тыя ж раёны поўдня сталіцы: Лошыца і Чыжоўка. Тады ў Камітэце прыродных рэсурсаў удакладнілі, што непрыемны пах з'яўляецца штогод у спякотнае надвор'е. Інспектары выказалі здагадку, што яе крыніцай служыць Мінская ачышчальная станцыя. Аднак пацвярджэнняў сваёй версіі яны знайсці не змаглі.

Цяпер у Камітэце сказалі, што смурод можа ісці ад палёў фільтрацыі. Умовам могуць адпавядаць дзве групы такіх палёў-адстойнікаў: у Гатаве і каля вёскі Сіняло паміж Міханавічамі і Прывольным.

Адстойнікі ў Гатаве

Ад апошніх сажалак да Мінска яшчэ далей: да Пятроўшчыны — 20 кіламетраў. Але тут залітыя 18 сажалак, і смярдзяць яны вельмі моцна. Дарэчы, апошнюю па часе з'яўлення 18-ю сажалку выкапалі на месцы спецыяльна высечанага гаю на 10 тысяч дрэў, які высадзілі ў 2009-м, каб знізіць уздзеянне ад іншых сажалак.

Экаактывісты, якія даўно спрабуюць вырашыць праблему гэтых глеістых сажалак пад Міханавічамі, пішуць на сваім сайце: «Глеістая пляцоўка «Волма» Мінскводаканала. Гэта 18 фекальных адстойнікаў з адкідамі каналізацыі ўсяго горада Мінска. Іх там як 155 футбольных палёў. Ад фекаліяў да найбліжэйшага жылля — 500 м. У залежнасці ад ветру, там побач можна здохнуць. А за 5-10 кіламетраў проста моўчкі пакутаваць (прывітанне Лошыцы, Чыжоўцы ад Мінскводаканала!)».

Дзяніс Блішч, які пабываў і там, пацвярджае:

«Ад старых сажалак пах сапраўды ідзе страшэнны, часам яго магчыма трываць, толькі калі прыкрываць нос курткай. Калі б адстойнік першапачаткова эксплуатаваўся па тэхналогіі, то ўсё было б окей, але праз парушэнні цэласнасці старых сажалак, кажуць, летам невыносна».

У Камітэце прыродных рэсурсаў здзівіліся таму, што сёння ў Мінску, як і некалькі тыдняў таму, зноў добра адчуваўся непрыемны пах, і абяцалі падняць статыстыку, каб даведацца, што паказала расследаванне мінулых гадоў. 

Каментары23

  • Кум
    08.06.2023
    Пятроўшчына - гэта не Ўсход, як тут выдалі, а Паўднёвы-Захад, зусім. А чаму сьмярдзіць у сьпякотнае надвор'е? Бог ты мой, амаль чвэрць насельніцтва сканцэнтравалі ў Менску ды яго ваколіцах, раней столькі не было, усе скварацца ў сьпёку, ды патнеюць. А ў метро дык і ўвогуле канцэнтрацыя шчыльная. Дык што ж вы хочаце, мыцца трэба часьцей,..усё ў вашых руках...
  • ром
    08.06.2023
    Не смярдить!! А пахне радзимай
  • умка
    08.06.2023
    ля Драздоў (на ўваходзе ў горад) чыстая вада ў Свіслачы, а на выхадзе з гораду - самая брудная вада ў краіне
    і вятры ў нас пераважаюць паўночна-заходнія, і лясы ў той частцы, а на поўдні лыса і нясуць вятры смурод гораду на поўдень

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным15

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным

Усе навіны →
Усе навіны

Бельгія стала першай краінай у свеце, якая прыраўняла работніц сэкс-індустрыі да звычайных працоўных

Джо Байдэн памілаваў свайго сына25

На тэрыторыі Польшчы пашкоджаны нафтаправод «Дружба»2

Прэм'ер Галоўчанка расказаў пра сваю любімую страву з бульбы5

У Грузіі пратэсты ідуць чацвёрты дзень. Апазіцыя патрабуе эфіру на ТБ2

Спявак Герман Цітоў на Алексіевіч: Ты павінна быць з Лукашэнкам на «вы» і шэптам36

Украінцы з «Хаймарса» накрылі ганаровае пастраенне расійскіх вайскоўцаў у Курскай вобласці. 12 загінулых9

Падрабязнасці здарэння ў Хойніках, дзе воўк напаў на вартаўніка і міліцыянтаў1

Зяленскі: Украіна можа ўступіць у НАТА без дзеяння артыкула 5 на ўсёй тэрыторыі8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным15

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным

Галоўнае
Усе навіны →