Эканоміка11

Хто лабіруе зняцце санкцый з беларускага калію

Еўрасаюз і ЗША ў 2021 годзе ўвялі забарону на экспарт беларускіх калійных угнаенняў, а Літва скасавала кантракт на іх перавозку па сваёй тэрыторыі з 1 лютага 2022 года, што стала сур'ёзным ударам для афіцыйнага Мінска. Каб дамагчыся зняцця санкцый, Аляксандр Лукашэнка прадказаў свету голад праз магчымы дэфіцыт мінеральных угнаенняў, бо Беларусь на гэтым рынку была адным з асноўных гульцоў. Падобныя аргументы гучалі і на адным з пасяджэнняў профільнага камітэта ААН. Хто дапамагае беларускаму калію, разбіраўся БРЦ.

У пачатку сакавіка 2023 года Камітэт ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах (КЭСКП) парэкамендаваў Літве перагледзець санкцыйную палітыку ў дачыненні да беларускіх калійных угнаенняў. Камітэт палічыў забарону на экспарт калію з Беларусі пагрозай харчовай бяспецы для краін Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.

Літва катэгарычна адмовілася змякчаць санкцыі. Але затым з падобнай заявай выступіў кіраўнік ААН Антонью Гутэрыш, і некаторыя дыпламаты ЕС сталі лабіраваць зняцце санкцый супраць «Беларуськалія». Давайце разбяромся, хто праціскае рашэнні ў структурах ААН у інтарэсах Аляксандра Лукашэнкі і ці сапраўды санкцыі супраць беларускага калію паўплывалі на харчовую бяспеку найбяднейшых краін свету.

«Літоўскі след» у беларускай справе

Першым аб прыняцці Камітэтам ААН рэзалюцыі, якая рэкамендуе Літве перагледзець санкцыі супраць Беларусі, паведаміў літовец Станісловас Томас. Больш чым праз суткі, калі навіна пра гэта з'явілася на БТ, ён напісаў у фэйсбуку, што гэта «яго праца», а таксама што «важна не спыняцца і цяпер Беларусі трэба падаць пазоў на Літву аб пакрыцці шкоды».

З допісаў Томаса ў сацыяльных сетках можна зрабіць выснову, што пункт па паслабленні санкцый КЭСКП прыняў якраз па яго ініцыятыве. Акрамя таго, у дзень прыняцця рэзалюцыі ён знаходзіўся ў будынку, дзе засядаў Камітэт. Акурат адтуль Томас даваў інтэрв'ю каналу «Салаўёў Live». У кадры на заднім фоне мы бачым характэрныя круглявыя вокны Палаца Вільсана, што пацвярджае яго месцазнаходжанне.

Станісловас Томас на фоне вокнаў Дварца Вільсана дае інтэрв'ю каналу «Салаўёў Live», дзе заяўляе пра свой удзел у пасяджэнні КЭСКП; Палац Вільсана ў Жэневе, дзе знаходзіцца штаб-кватэра Кіравання Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і праходзіць большасць пасяджэнняў камітэтаў ААН. Графіка БРЦ

Хто такі Станісловас Томас? Сам сябе ён называе літоўскім адвакатам і праваабаронцам, а таксама прафесарам Сарбоны. Аднак, як высветліла «Еўрарадыё», літовец не прафесар Сарбоны, хоць і пісаў там доктарскую дысертацыю.

Не лічыцца Станісловас Томас і літоўскім адвакатам. Ён працаваў памочнікам адваката, але пазбавіўся гэтага статусу за «грубыя этычныя парушэнні». Больш за тое, у 2016 годзе Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) пастанавіў, што Томас не адвакат, і назаўжды забараніў яму прадстаўляць ці іншым чынам дапамагаць заяўнікам у справах, якія знаходзяцца на разглядзе ў ЕСПЧ.

У 2019 годзе Станісловас Томас аказаўся ў полі зроку праваахоўных органаў па падазрэнні ў махлярстве. Ён прапанаваў літоўскім пенсіянерам скінуцца па €50 на яго паслугі, каб падаць калектыўны пазоў у ЕСПЧ праз маленькі памер пенсіі. Не маючы статусу адваката, прадстаўляць іх інтарэсы ў гэтым судзе ён заведама не мог.

«Адвакат» Беларусі

Падчас крызісу на беларуска-літоўскай мяжы ў 2021 годзе Станісловас Томас прапанаваў мігрантам свае паслугі па легалізацыі ў Літве і стаў частым госцем на беларускім тэлебачанні. У снежні таго ж года стала вядома, што ён папрасіў палітычны прытулак у Беларусі праз крымінальны пераслед у Літве. А ў сакавіку 2023-га на сваім сайце напісаў, што Беларусь — ягоны кліент.

На сакавіцкае пасяджэнне КЭСКП Томас мог патрапіць у якасці «прадстаўніка грамадзянскай супольнасці». Бо ў абмеркаваннях Камітэта могуць удзельнічаць грамадскія арганізацыі, якія падалі альтэрнатыўныя даклады пра сітуацыю ў краіне, якую рэпрэзентуюць. Як мінімум дзве арганізацыі, якія склалі альтэрнатыўныя даклады для Камітэта, звязаныя з Томасам. Гэта EgLex з Манака і Holocaust Victims Foundation, зарэгістраваная на Нармандскіх выспах. Ад імя першай Томас раней пісаў звароты ў ААН. З дакументаў другой вынікае, што яна звязаная з EgLex. Сама ж справаздача Holocaust Victims Foundation сярод іншага датычыць Станісловаса Томаса і яго дзейнасці ў Літве. 

У дакладах абедзвюх арганізацый тэма санкцыяў супраць беларускага калію не закранаецца. Аднак у тэлеграме Томаса 23 лютага з'явіўся допіс, што Камітэт па эканамічных правах ААН прыняў да разгляду ягоную скаргу на тое, што абмежаванні Літвы на экспарт беларускіх угнаенняў могуць парушаць правы афрыканцаў не галадаць.

БРЦ адправіў у КЭСКП запыт, ці сапраўды Томас скіроўваў ім такую ​​скаргу. На момант публікацыі журналістам не адказалі.

У Камітэт ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах уваходзяць 18 незалежных экспертаў з розных краін. На сайце арганізацыі гаворыцца, што яны «валодаюць высокімі маральнымі якасцямі і прызнанай кампетэнтнасцю ў галіне правоў чалавека». Прынятая імі рэзалюцыя — гэта доўгі спіс рэкамендацый па барацьбе з беднасцю, дыскрымінацыяй, зменай клімату і г. д. Ёсць сярод іх і пункт з прапановай перагледзець абмежаванні на пастаўкі калійных угнаенняў з Беларусі ў краіны Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, якія, як сцвярджаецца, прывялі да «недахопу ўгнаенняў і адмоўна адбіліся на харчовай бяспецы ў гэтых краінах».

Цалкам расследаванне глядзіце тут

Каментары1

  • Ноўнэйм
    16.06.2023
    Міжнародная "імпатэнтныя" арганізацыі. Усё верна сказала Ціханоўская пра ААн і яе структуры

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа6

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома пра смерць дзеда Колі Лукашэнкі — былога вязня ГУЛАГа, асуджанага за дапамогу «бандэраўцам»15

У Беларусі з'явіўся новы вытворца аўтобусаў2

Блогер Шэры Кот, арыштаваны яшчэ да выбараў-2020, не выйдзе пасля сканчэння тэрміну2

СДПГ зноў вылучыць Олафа Шольца на пасаду канцлера Германіі4

Беларус стаў пераможцам конкурсу піяністаў у Іспаніі

Саджалі на кол, білі жалезным ключом па галаве. Жыццё, каханне і турэмныя здзекі з класіка белліта Кузьмы Чорнага8

У мінскай краме прадаюць пасылкі, якія згубіліся ў працэсе дастаўкі. Блогерцы папаўся вібратар20

Кошт біткойна пераадолеў мяжу 99 тысяч даляраў

У ЗША мужчына выклікаў паліцыю на дапамогу ад нападнікаў, а тая прыехала і застрэліла яго5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа6

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа

Галоўнае
Усе навіны →