У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 22 чэрвеня вынесены прысуд па крымінальнай справе 24-гадовага медыка Артура Хлуса, абвінавачанага ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса).
Справу першапачаткова разглядаў суддзя Дзмітрый Кедаль, але пасля працяглага перапынку прызначылі іншага суддзю — Маргарыту Ланцэвіч, як піша «Вясна».
Палітзняволены Артур Хлус да свайго затрымання працаваў фельчарам гродзенскай брыгады хуткай дапамогі і быў студэнтам Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Артур родам з Пінска. Вучыўся ў Слонімскім медыцынскім каледжы, скончыў яго з чырвоным дыпломам і па заканчэнні размеркаваўся ў Гродна.
Яго затрымалі 22 кастрычніка 2022 года за рэгістрацыю ў плане «Перамога» і за ўдзел у пратэстах. Да суда Артура змясцілі ў СІЗА гродзенскай турмы №1.
Разгляд справы палітзняволенага пачаўся 27 лютага 2023 года, але па невядомай пакуль прычыне суд прыпынілі да мая.
19 мая 2023 года КДБ дадаў палітзняволенага ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».
Суд прызнаў Артура Хлуса вінаватым і пакараў пазбаўленнем волі на пяць гадоў у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Каментары