З 11 ліпеня на тэрыторыю Беларусі прыбыло як мінімум 10 арганізаваных калон ПВК «Вагнер», а апошняя была ўчора, 23 ліпеня, піша маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».
10 прыбылых калон налічвалі 670-700 адзінак аўтамабільнай тэхнікі, сярод якой абсалютная большасць складалі пікапы УАЗ Патрыёт. Былі і пікапы іншых марак, напрыклад, Mitsubishi L200, а таксама «буханкі», КамАЗы і Уралы, уключаючы тэнтаваныя, у якіх часам перавозіўся асабовы склад, аўтобусы, фуры і будаўнічая/інжынерная тэхніка.
Паводле ацэнак БГ, колькасць наймітаў у Беларусі ўжо складае 3450-3650 чалавек. Усе калоны накіроўваліся і прыбылі ў намётавы лагер у в.Цэль пад Асіповічамі.
Ацэнка заснаваная на колькасці тэхнікі, якая прыбыла ў Беларусь і прыбыццё якой было пацверджанае, падкрэслівае Беларускі Гаюн.
Раней кіраўніцтва ПВК «Вагнер» заяўляла, што ў Беларусь перабазуецца да 10 тысяч байцоў гэтай кампаніі.
ПВК «Вагнер» фармальна лічыцца прыватнай вайсковай кампаніяй, але фактычна была створаная Генштабам Расіі для выканання спецыяльных задач і пад выглядам, што за гэтым не стаіць афіцыйная Масква. ПВК «Вагнер» панесла цяжкія страты падчас нападу на Украіну. Паводле інфармацыі кіраўніцтва структуры, станам на 20 мая з 79 тысяч наймітаў былі забітыя 22 тысячы, параненыя 40 тысяч.
Каментары