У Кітаі з 10 жніўня адмененыя абмежаванні на групавыя паездкі ў 70 краін, у тым ліку і ў Беларусь. Пра гэта рашэнне аб'явіла Міністэрства культуры і турызму КНР, а звязана яно з паляпшэннем эпідэмічнай сітуацыі ў большасці рэгіёнаў свету, паведамляе Office Life.
Сярод краін, куды цяпер можна адпраўляць групы турыстаў з Кітая — ЗША, Японія, Індыя, Германія, Вялікабрытанія, Паўднёвая Карэя, Турцыя і іншыя дзяржавы.
Кітай здымае абмежаванні паэтапна. Першы спіс з 20 краін, куды былі дазволеныя групавыя туры, быў прыняты ў студзені і ўключаў Расію, Тайланд, Кубу і іншыя напрамкі. У сакавіку ўлады КНР адкрылі для сваіх турыстаў яшчэ 40 краін.
Паводле звестак беларускай статыстыкі, у 2018 годзе нашу краіну наведала 3277 кітайскіх турыстаў, а ў 2019-м — 5621.
Грамадзяне Кітая — спецыфічная катэгорыя падарожнікаў. Яны любяць групавыя туры, якія складаюць 60% усяго выязнога кітайскага турызму. Падчас такіх паездак яны трацяць вельмі шмат грошай.
Летась беларускія ўлады нават абмяркоўвалі праект будаўніцтва спецыяльных санаторыяў, арыентаваных менавіта на кітайскіх турыстаў.
Каментары