Эканоміка

Таксістаў чакаюць змены. Ці вырастуць цэны?

Рынак таксі Беларусі чакаюць значныя змены. У пачатку чэрвеня можна было ўбачыць праект указа аб аўтамабільных перавозках пасажыраў, які адразу ж выклікаў нямала пытанняў і спрэчак сярод перавозчыкаў і вадзіцеляў, піша Myfin.by.

Пра якія новаўвядзенні ідзе гаворка?

Дакументам прадугледжваецца шэраг новаўвядзенняў. Больш падрабязна з імі можна азнаёміцца тут.

Калі коратка, указ прадугледжвае стварэнне рэестра аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах. У яго будзе ўключана інфармацыя аб перавозчыках, транспартных сродках, кіроўцах, дыспетчарах перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах, дыспетчарах таксі. Дзейнасць без уключэння ў рэестр будзе забароненая. Для нядобрасумленных перавозчыкаў і дыспетчараў прадугледжваюцца механізмы прыпынення іх дзейнасці і выключэння з рэестра.

Унясенне ў рэестр будзе платным: дзве базавыя велічыні за адзін транспартны сродак, адна базавая велічыня за кіроўцу, за дыспетчара таксі неабходна будзе заплаціць 100 базавых велічынь.

Акрамя таго, замежныя кампаніі маюць права аказваць паслугі дыспетчара перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах, дыспетчара таксі толькі ў выпадку стварэння імі на тэрыторыі Беларусі юрыдычнай асобы.

Перавозчыкі павінны будуць усталяваць сістэмы відэафіксацыі працэсу перавозак пасажыраў.

На прававым форуме з 8 па 18 чэрвеня было праведзена грамадскае абмеркаванне ўказа. Паступіла 61 прапанова ад 50-ці карыстальнікаў. Днямі на прававым партале была апублікаваная інфармацыя аб выніках грамадскага абмеркавання. Мінтранс па выніках абмеркавання ўлічыў дзве заўвагі.

Першая — у праекце ўказа адзначалася, што тэрмін захоўвання інфармацыі аб замовах, у тым ліку атрыманых з выкарыстаннем сродкаў электрасувязі і інтэрнэту (выкананых і нявыкананых), складзе пяць гадоў. Пасля таго, як карыстальнікі звярнулі ўвагу, што гэта супярэчыць нормам дзейнага заканадаўства, у міністэрстве пагадзіліся і скарацілі перыяд да года.

Другая заўвага тычылася відэафіксацыі ў салонах таксі. Першапачаткова прапісвалася, што тэрмін захоўвання даных, атрыманых такім шляхам, складае месяц. Цяпер яго паменшылі да дзесяці дзён.

Новыя выдаткі лягуць на плечы спажыўца

Журналісты вырашылі спытаць меркаванне кіроўцаў таксі, што яны думаюць пра змены.

Часцей за ўсё апытаныя таксісты распавядалі, што гэта не зменіць рынку ў лепшы бок, а, наадварот, адбудзецца рост цэн на паслугі таксі, вяртанне да шэрага рынку, людзі будуць браць машыны «ад борта», як было калісьці.

«Усё гэта балюча ўдарыць у першую чаргу па вадзіцелях і кліентах. Усе пачнуць шукаць нейкія шчыліны, узнікнуць праблемы ва ўсіх удзельнікаў галіны. Усе новыя выдаткі лягуць на плечы спажыўца», — падзяліўся сваім меркаваннем таксіст Аляксандр.

«Хацелі як лепш, а атрымалася як заўсёды. Вось што магу сказаць пра ўсё гэта», — дадаў мужчына. Ён упэўнены, што ўсе гэтыя змены былі ініцыяваныя з адной прычыны: некаторыя аўтапаркі не плацяць падаткаў дзяржаве.

«Сёння адкрываюцца фірмы-аднадзёнкі на падстаўных асоб, а потым знікаюць. Атрымліваецца, дзяржава губляе грошы, вось яна і рашыла ўмяшацца», — сказаў таксіст.

Таксіст Андрэй лічыць, што адназначна варта чакаць росту тарыфаў. Ён, у сваю чаргу, растлумачыў, чым гэта пагражае рынку.

«Дапусцім, плаціў за паездку 5—6 руб., а прыйдзецца 10—15 руб. Колькі застанецца пасажыраў, гатовых плаціць за таксі зусім іншыя грошы? А кіроўцаў, між іншым, у краіне вельмі шмат», — дадаў Андрэй.

На думку яшчэ аднаго таксіста Уладзіміра (імя зменена на просьбу кіроўцы), усё вернецца да таго, што зноў усе пачнуць працаваць ад бардзюра і яшчэ больш стане чорнага налу.

«Магчыма, усё ідзе да таго, каб пакінуць на рынку толькі некалькі буйных аўтапаркаў», — выказаў яшчэ адзін пункт гледжання таксіст Леанід.

Відэафіксацыя: меркаванні падзяліліся

Што тычыцца новаўвядзенняў аб відэафіксацыі, меркаванні сярод апытаных таксістаў у гэтым пытанні падзяліліся.

«Я ўжо замовіў дзве камеры, адна будзе ўнутры салона, другая — звонку. Шчыра прызнаюся, я толькі «за», гэта будзе дысцыплінаваць пасажыраў. Трапляюцца вельмі розныя людзі: і выпіўшыя, і тыя, што матам лаецца», — распавёў Аляксандр.

Двое іншых таксістаў, з якімі ўдалося пагутарыць, таксама выказаліся на карысць відэаназірання. Па іх словах, часам узнікаюць спрэчныя сітуацыі паміж кіроўцам і кліентам, а наяўнасць камеры ў салоне дапаможа іх вырашыць.

Процілеглага пункту гледжання прытрымліваюцца таксісты Андрэй, Уладзімір і Леанід.

«Гэта ўсё робіцца, каб нас кантраляваць, — мяркуе Леанід. — Каму гэта спадабаецца?»

Уладзімір у цэлым, па яго словах, не ўяўляе, як выбудаваць сістэму захоўвання такой колькасці інфармацыі.

«Памер відэафайлаў вялікі, неабходна шмат месца. Як гэта наогул можна рэалізаваць? І гэта ж зноў выдаткі», — задаецца пытаннем таксіст.

Акрамя таго, таксісты акцэнтавалі ўвагу на такіх важных нюансах, як канфідэнцыяльнасць і абарона даных, і праблеме іх забеспячэння.

Каментары

Чаму так рэзка даражэе даляр і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? Спыталі ў эксперта2

Чаму так рэзка даражэе даляр і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? Спыталі ў эксперта

Усе навіны →
Усе навіны

Тры новыя станцыі метро адкрыюць у Мінску да канца года

Аўстрыя лёгка замяніла расійскі газ энергіяй ветру

Прэмію Гедройця сёлета атрымаў Валянцін Акудовіч2

Канадскі прафесар заклікаў беларусаў да выключнай стрыманасці ў пытанні дыстанцыявання ад Расіі25

У Ізраілі ўхвалілі пагадненне аб спыненні вайны з «Хезбалой»3

Рэжысёр Сяргей Лазніца расказаў, як ствараўся фільм «У тумане» і чаму яго цэнзураваў Мінкульт1

Новы кампактны апрасняльнік не дасць загінуць ад смагі ў моры2

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў10

Краязнаўцы Жодзіна паказалі, як разбураецца Багуслаў Поле — месца, дзе пачалася гісторыя горада

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чаму так рэзка даражэе даляр і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? Спыталі ў эксперта2

Чаму так рэзка даражэе даляр і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? Спыталі ў эксперта

Галоўнае
Усе навіны →