Жонка і дачка арыштаванага журналіста Ігара Карнея з'ехалі ў Партугалію
«Я не маю ілюзій ці спадзяванняў на вяртанне, але я ведаю, што ў мяне хопіць сіл, каб зрабіць гэта месца пунктам зборкі нашай сям'і», — напісала Інна Карней.
Ігара Карнея затрымалі 17 ліпеня. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА.
У чым канкрэтна абвінавачваюць журналіста — афіцыйна не паведамлялася. Паводле неафіцыйнай версіі — у супрацоўніцтве з інтэрнэт-рэсурсамі, прызнанымі ў Беларусі экстрэмісцкімі, піша «Народная Воля».
«Кацярына Шульман у адным са сваіх інтэрв'ю казала пра прывілей застацца. Не ўсе могуць з'ехаць, застацца — гэта таксама прывілей. Да 17 ліпеня, да затрымання Ігара, у нас быў такі прывілей.
Наш новы этап жыцця пачаўся 10 жніўня, наш дом цяпер за чатыры з паловай тысячы кіламетраў ад Мінска, пасярод Атлантыкі, на Азорах. Я не маю ілюзій ці спадзяванняў на вяртанне, але я ведаю, што ў мяне хопіць сіл, каб зрабіць гэта месца пунктам зборкі нашай сям'і. Сюды будуць прылятаць нашы дзеці, калі-небудзь сюды прыедзе Ігар, я ў гэта веру.
Не так я хацела пачаць новы этап у жыцці, але ўжо як ёсць. Хай вышэйшыя сілы захоўваюць усіх, хто застаецца ў Беларусі», — напісала жонка Ігара Карнея Інна ў сацыяльных сетках.
Каментары