Ужыванне салатаў падчас прыёму антыбіётыкаў можа прывесці да ўзнікнення небяспечных супербактэрый — навукоўцы
Па меркаванні навукоўцаў, дактары павінны раіць пацыентам пазбягаць салатаў і сырой гародніны пры прыёме антыбіётыкаў, таму што гэта павялічвае рызыку стварэння ўстойлівых да лекаў супербактэрый.
Як піша The Times, паводле вынікаў даследавання навукоўцаў з Нотынгемскага ўніверсітэта, апублікаваных у часопісе Plos One,
бактэрыі з генамі ўстойлівасці да антыбіётыкаў могуць хавацца ў сырой садавіне і гародніне, асабліва ў такіх караняплодах, як радыска і морква, а таксама ў «гатовых да ўжывання» салатах з супермаркетаў.
Навукоўцы сцвярджаюць, што пры спажыванні такіх прадуктаў падчас курса антыбіётыкаў існуе вялікая імавернасць таго, што бактэрыі паселяцца ў кішэчніку чалавека. Калі гэта адбудзецца, то ўзрастае рызыка таго, што ў будучыні лекі не змогуць працаваць гэтак жа эфектыўна для прадухілення інфекцый.
«Калі вы прымаеце антыбіётыкі, то гэта менавіта той час, калі вы найбольш уразлівыя да ўзнікнення доўгатэрміновых праблем праз бактэрыі з ежы, якія ўстойлівыя да лекаў. Калі вы ясце нешта, на чым ёсць бактэрыі, якія змяшчаюць некаторыя гены ўстойлівасці да лекаў, і прымаеце антыбіётыкі, то гэтая ўстойлівасць можа замацавацца ў экасістэме вашага кішэчніка.
Таму наступны раз, калі вам спатрэбяцца антыбіётыкі, яны могуць аказацца неэфектыўнымі», — цытуе выданне словы аднаго з аўтараў даследавання прафесара біялогіі Нотынгемскага ўніверсітэта Дова Стэкеля.
Папярэдняе даследаванне паказала, што колькасць генаў устойлівасці да антыбіётыкаў у мікрабіёме кішэчніка — супольнасці бактэрый, якія выяўляюцца ў стрававальнай сістэме, — павялічваецца пасля дзяцінства.
У сваім даследаванні Стэкель з калегамі вывучалі прычыны гэтага павелічэння. Было выяўлена, што доўгатэрміновы рост рэзістэнтнасці мікрабіёму кішэчніка чалавека можна істотна знізіць, паменшыўшы ўздзеянне ўстойлівых бактэрый, якія знаходзяцца ў ежы і вадзе, і прымаючы менш антыбіётыкаў.
Стэкель адзначае, што бактэрыі з рэзістэнтнымі генамі ў кішэчніку ўяўляюць сабой праблему. Ён тлумачыць гэта тым, што некаторыя віды інфекцый узнікаюць, калі бактэрыі, якія былі бясшкодныя ў кішэчніку, перамяшчаюцца ў іншыя часткі цела. Паводле яго слоў, яны часцей за ўсё прыводзяць да інфекцый мочавыдзяляльных шляхоў (ІМШ).
Любы чалавек можа захварэць на ІМШ у любым веку, але часцей за ўсё яны сустракаюцца ў жанчын і пажылых людзей і могуць вар'іравацца па ступені цяжкасці ад лёгкай (цыстыт) да небяспечнай для жыцця інфекцыі нырак і сепсісу. Таму асабліва важна, каб гэтыя антыбіётыкі працавалі ў пажылых людзей.
Іншы прыклад — гэта інфекцыі крыві, што зноў жа асабліва важна для пажылых людзей ці людзей з аслабленым імунітэтам. Пры гэтых інфекцыях важна, каб антыбіётыкі дзейнічалі хутка.
Таму навукоўцы рэкамендуюць дактарам даваць дыетычныя рэкамендацыі тым, хто праходзіць курс лячэння антыбіётыкамі, каб пазбягаць прадуктаў з павышанай рызыкай пераносу гена ўстойлівасці да супрацьмікробных прэпаратаў (нават непатагенных), а таксама прытрымлівацца таго, каб уся ежа, спажываная падчас лячэння, была цалкам гатаваная.
Чытайце яшчэ:
Як мільярды мікраарганізмаў у кішэчніку могуць умацаваць ваша псіхічнае здароўе
Навукоўцы выявілі парадаксальны ўплыў працэсаў у кішачніку на старэнне
Каментары