Свет2020

За прэтэнзіямі Трампа на Панаму, Канаду і Грэнландыю можа хавацца тонкі перамоўны разлік

Падчас аўторкавай прэс-канферэнцыі абраны прэзідэнт ЗША прадставіў бачанне свайго другога тэрміну, якое многіх шакавала. За экстравагантнай рыторыкай, аднак, могуць хавацца цалкам рацыянальныя пастулаты, дапускаюць некаторыя эксперты.

Дональд Трамп падчас прэс-канферэнцыі ў клубе Mar-a-Lago, 7 студзеня 2025 года, Палм-Біч, Фларыда. Фота: Scott Olson / Getty Images

Трамп, у прыватнасці, агучыў жаданне распасцерці амерыканскую сферу ўплыву ад Панамы да Канады і нават да Грэнландыі. На пытанне журналіста, ці ў сваім імкненні атрымаць гэтыя тэрыторыі ён гатовы «адмовіцца ад выкарыстання ваеннай сілы або эканамічнага ціску» Трамп адказаў: «Не, я не магу вас запэўніць ні ў адным з гэтых двух. Але магу сказаць адно: нам яны патрэбныя для эканамічнай бяспекі».

Журналісты The Wall Street Journal Вівіян Салама і Аляксандр Уорд, абазнаныя з гісторыяй і актуаліямі нацыянальнай бяспекі ЗША, паспрабавалі разабрацца, што стаіць за такога тыпу заявамі. 

Грэнландыя: задача не ў тым, каб анексаваць, а каб не даць туды пранікнуць Расіі і Кітаю

Грэнландыя стала аб’ектам цікавасці Дональда Трампа яшчэ падчас яго першага тэрміну на пасадзе прэзідэнта ЗША. У 2019 годзе ён публічна прапанаваў набыць гэты дацкі паўаўтаномны рэгіён.

Асноўных прычын такога кроку было дзве. Першая — багатыя запасы рэдказямельных металаў, жыццёва неабходных для сучасных тэхналогій і абаронных сістэм. Другая — геаграфічнае становішча Грэнландыі, якая з’яўляецца часткай Паўночнай Амерыкі і мае выхад да Арктыкі, дзе раставанне лёду адкрывае новыя транспартныя шляхі і рэсурсныя магчымасці.

Акрамя таго, увага Трампа да Грэнландыі была абумоўлена жаданнем не дапусціць доступу да стратэгічных рэсурсаў і Арктыкі для аўтарытарных гегемонаў з Усходу, якія становяцца ўсё больш агрэсіўнымі.

Як пісала «Наша Ніва», Кітай успрымае Грэнландыю як частку свайго Палярнага шоўкавага шляху. Ёсць рызыка, што Пекін можа стварыць у Арктыцы ваенныя базы, выкарыстоўваючы шматгадовае эканамічнае супрацоўніцтва з Грэнландыяй. Расія, у сваю чаргу, ужо доўгія дзесяцігоддзі ўтрымлівае моцную ваенную прысутнасць у гэтым рэгіёне.

Некаторыя з дарадцаў Трампа сцвярджаюць, што яго публічныя заявы — гэта «тэставыя кулі» (trial balloons), скіраваныя на тое, каб распачаць перамовы аб пашырэнні амерыканскай прысутнасці на востраве.

Вынікам такіх перамоў, мяркуюць журналісты WSJ, мог бы стаць перагляд дамоваў паміж Даніяй і ЗША ў сферы абароны. Іншым варыянтам можа стаць заключэнне «пагаднення аб асацыяцыі», падобнага да дамоў ЗША з Мікранезіяй ці Палау, пры якім ЗША атрымліваюць правы на базіраванне і ўзмацненне ўплыву без анексіі тэрыторыі.

 «Мы аддавалі канал Панаме, а не Кітаю»

Панамскі канал, завершаны ў 1914 годзе, доўгі час знаходзіўся пад кіраваннем ЗША.

Ён меў ключавое значэнне як у ваенным, так і ў камерцыйным плане. Канал дазваляў хутка перамяшчаць караблі паміж Атлантыкай і Ціхім акіянам, умацоўваючы эканамічны і ваенны патэнцыял ЗША. Аднак у 1977 годзе, пад ціскам унутраных і міжнародных фактараў, прэзідэнт Джымі Картэр падпісаў Тарыхас-Картэраўскія пагадненні, паводле якіх Панама атрымала поўны кантроль над каналам у 1999 годзе.

Вонкава ўсё гэта выглядае лагічна і справядліва, калі б не адзін нюанс: два асноўныя марскія парты Панамы ўжо шмат гадоў кіруюцца кампаніяй з Ганконга — тэрыторыі, якая пакуль што яшчэ захоўвае палітычную аўтаномію, але яна ўсё больш занепадае на карысць камуністычнага Кітая. У 2047 годзе Ганконг павінен цалкам перайсці пад кантроль Кітая.

У гэтым кантэксце можна зразумець Трампа, калі ён кажа: «Мы аддалі канал Панаме, а не Кітаю».

У сувязі з гэтым ён абяцае размяшчэнне амерыканскіх ваенных караблёў вакол панамскіх вод ці ўвядзенне тарыфаў, якія могуць зруйнаваць эканоміку Панамы, калі не будуць зроблены саступкі.

Абодва падыходы сталі б сур’ёзным адхіленнем ад сучасных нормаў знешняй палітыкі ЗША. Аднак Трамп разглядае гэта як ураўнаважванне сітуацыі ў глабальнай эканамічнай барацьбе з Кітаем і аднаўленне, на яго думку, «законнага» становішча Амерыкі ў заходнім паўшар’і.

 Канада: пытанне ў эканоміцы

Адной з самых, бадай, шакавальных заяў Трампа стала заява пра магчымую анексію Канады. Маўляў, «штучная мяжа» паміж дзвюма краінамі перашкаджае стварэнню адзінай палітычнай і эканамічнай прасторы. Гэтая заява здаецца асабліва дзёрзкай, бо Канада — краіна «Вялікай сямёркі», саюзнік па НАТА і другі па значнасці гандлёвы партнёр ЗША.

Асноўныя прэтэнзіі Трампа да Канады тычацца гандлёвых адносін і абаронных выдаткаў. Ён даўно ўжо скардзіцца на канадскія субсідыі ў малочнай прамысловасці, аўтамабільныя пагадненні і «несправядлівыя» ўмовы двухбаковых здзелак.

Трамп таксама крытыкаваў Канаду за невыкананне рэкамендацыі НАТА адносна абароннага бюджэту ў памеры 2% ад ВУП, называючы краіну «дармаедам» у саюзе.

Пагроза анексіі або ўвядзення жорсткіх тарыфаў выглядае хутчэй як перамоўны манеўр, мяркуюць Салама і Уорд, спасылаючыся на апытаных экспертаў. Каб пазбавіць Канаду суверэнітэту, спатрэбілася б аднагалоснае галасаванне канадскага парламента, дэпутатаў правінцыйных радаў і рашэнне Кангрэса ЗША — рэч практычна немагчымая.

Гэтыя і іншыя заявы Трампа адпавядаюць яго тактыцы — пачынаць з правакацыйных прапаноў, каб падняць стаўкі ў перамовах. У рэальнасці абраны прэзідэнт хоча дамагчыся ад Канады павелічэння абаронных выдаткаў, справядлівага падзелу выдаткаў на арктычныя праекты і адмовы ад гандлёвых здзелак, якія, на яго думку, шкодзяць ЗША.

Каментары20

  • Барыс Н.
    09.01.2025
    Трамп? Ён ляснуты, Дональд Трамп.
  • .
    09.01.2025
    Ізноў, ніхто не спрачаецца, што за заявамі - інтарэсы ЗША (або ЗША у разуменні Трампа).
    Пытанне ў тым, такі "перамоўны манеўр" павышае ўзровень міжнароднай палітыкі або паніжае?

    Ужо як з Лукашэнкай або Пазняком. Адзін плявузгае, пасля дарадцы і аналітыкі пачынаюць тлумачыць, а што наш лідар жадаў сказаць "насамрэч", якія "сігналы" ён дае.
    Выбіраюць неразумных мутных недалікатных, пасля расшыфроўваюць тыя сігналы.
  • апошні інспэктар
    09.01.2025
    Так, ну вядома, чытачы Нашай Нівы такія прамытыя, што ўся надзея на рэспубліканскае WSJ і такіх асьветнікаў як пан Так. бяз вас нам ніколі не разабрацца, што добра для Эўропы і Беларусі а што добра для Пуціна.

Акаўнт Кабанчука ўзламалі — але ці беларускія спецслужбы?8

Акаўнт Кабанчука ўзламалі — але ці беларускія спецслужбы?

Усе навіны →
Усе навіны

У Гродзенскай вобласці заўважылі пералётных птушак

Сайт і сацсеткі праекту Petitions.by прызнаныя «экстрэмісцкімі»2

Піянера беларускага інтэрнэту Уладзіміра «Elefant» Неўмяржыцкага судзяць за згвалтаванне дзіцяці9

Закрыццё рэстарана Falcone у Мінску можа быць звязана з расследаваннем польскіх журналістаў7

Беларуска знайшла танную ікру і краба — закупілася на 200 рублёў, але гэта была памылка1

«Не зразумеў, за што Мірны выбачаўся». Інтэрв'ю з легендарным беларускім тэнісістам Уладзімірам Валчковым9

Лясныя пажары ў Лос-Анджэлесе: пяць чалавек загінулі, у Малібу гараць дамы знакамітасцяў1

Пры ўдары па Запарожжы загінулі 13 чалавек, 63 параненыя2

«Думала, будзе каля 250 еўра». Тыкток у захапленні ад таго, як мінчанка прыгатавала на замову святочны стол9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Акаўнт Кабанчука ўзламалі — але ці беларускія спецслужбы?8

Акаўнт Кабанчука ўзламалі — але ці беларускія спецслужбы?

Галоўнае
Усе навіны →