Тыкток у захапленні ад працавітасці гэтага беларуса: два гады ён біўся над тым, каб вывесці ідэальную «салодкую бульбу»
Зміцер яшчэ ў 2021 годзе задумаўся пра тое, каб самому пачаць вырошчваць батат, бо быў незадаволены цэнамі і маленькім выбарам у крамах.
Цягам двух гадоў ён разбіраўся ў методыцы і нюансах вырошчвання гэтай гародніны ў Беларусі, і толькі цяпер дасягнуў жаданых вынікаў — мужчына вырасціў такую колькасць батату, што яго можа пакаштаваць кожны ахвотны. На выбар прапануецца ажно 10 сартоў!
У каментарах пад яго гісторыяй у тыктоку, якую паглядзела амаль 700 тысяч чалавек, людзі захапляюцца працавітасцю беларуса.
«Паважаю мэтанакіраванасць такіх людзей — лайк», «Якія вы малайцы, беларусы!», «Вы заслугоўваеце павагі, гэта цяжкая праца!», «Такія людзі — гонар нашай краіны!».
Выйсці на стабільны ўраджай Змітру сапраўды далося няпроста. Батат вельмі любіць цяпло, зямля для яго павінна быць прагрэтая мінімум да 15-20 градусаў. І зусім не кожны сорт увогуле прыжыўся б у Беларусі. Усяго іх, па словах мужчыны, у свеце існуе каля 700 відаў, і тыя, што прараслі ў бацькоўскай вёсцы ў Столінскім раёне, Зміцер вынайшаў шляхам эксперыментаў.
Па сваіх якасцях батат больш карысны за звычайную бульбу: у ім менш калорый і больш вітамінаў і клятчаткі. Некаторыя беларусы ў каментарах адзначылі, што толькі дзякуючы фермеру даведаліся пра такі клубняплод і цяпер з задавальненнем пакаштуюць.
Адно з актуальных пытанняў, якое задалі Змітру, тычылася таго, ці магчыма з батату прыгатаваць дранікі. На што ён адказаў сцвярджальна: «Яшчэ і якія смачныя!» Фермер паабяцаў дзяліцца карыснымі рэцэптамі ў сябе ў тыктоку. Пры гэтым батат спакойна можна есці сырым.
Каментары
У нармальнай эканоміцы стане багатым фэрмэрам, а ў лукашэнкавай...