«Ён шукае развязкі, ён хоча прызнання», — кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.
Учора прапагандысты ўпершыню за доўгі час паказалі Віктара Бабарыку. Пра былога банкіра не было нічога вядома амаль два гады.
У выпуску сваёй перадачы палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман выказаў меркаванне, што гэтым крокам улады імкнуліся абвергнуць розныя чуткі аб тым, што Віктар Бабарыка знаходзіцца ў цяжкім стане ці ўвогуле памёр.
Аднак, асноўная мэта, як лічыць Фрыдман, — даць сігнал Захаду: «Вось паглядзіце, Бабарыка па-ранейшаму ёсць, мы гатовы яго паказаць, а гэта значыць, калі мы атрымаем ад вас нейкую цікавую прапанову, мы можам яе разгледзець».
Па словах аналітыка, Лукашэнка разумее, што на Захадзе асабліва пільна сочаць за лёсам вядомых палітвязняў, таму напярэдадні выбараў, ён шукае прызнання і гатовы дзеля гэтага разгледзець пытанне аб памілаванні:
«Ён шукае развязкі, ён хоча прызнання і кажа: «Так, у нас, можа быць, засталіся нейкія праблемы з 2020 года. Калі вы мне зараз нешта прапануеце, вось ён, Бабарыка, вось ён жывы, я да яго нават пусціў Пратасевіча, будзе ад вас цікавая вартая прапанова, чаму не, магу разгледзець і пытанні па памілаванні».
На погляд аналітыка, вызваленне Віктара Бабарыкі можа стаць часткай палітычнага гандлю паміж беларускім рэжымам і Захадам. Галоўнай мэтай такога кроку можа стаць змякчэнне або зняцце санкцый, уведзеных супраць Беларусі.
Акрамя таго, гаворка можа ісці пра накіраванне заходніх паслоў у Беларусь і ўручэнне імі даверчых грамат, што стане афіцыйным прызнаннем Лукашэнкі. Таксама прадметам гандлю можа быць «нейкае хаця б нефармальнае прызнанне выбараў».
На погляд аналітыка, Лукашэнка мог бы вызваліць палітвязняў, напрыклад, Марыю Калеснікаву ці Віктара Бабарыку, каб прадэманстраваць Захаду гатоўнасць да кампрамісаў. Аднак дыктатар баіцца, што гэты жэст не прынясе жаданых вынікаў. Вызвалены палітык можа з'ехаць на Захад ці застацца ў краіне, а рэакцыя Захаду будзе абмежаваная толькі словамі падтрымкі, напрыклад, «мы вітаем вызваленне палітвязняў».
«Такія словы, гэта не тое, што хоча атрымаць Лукашэнка, яму патрэбная нейкая канкрэтыка, яму трэба нешта матэрыяльнае», — падсумоўвае Фрыдман.
Каментары
Мабыць, у Пратасевіча ёсць дазвол рабіць нейкія ініцыятывы ў нешырокіх межах: сустрэцца, сфоткаць, перадаць пісьмо
(дарэчы, тое, што павінна быць для ўсіх вязняў і рэгулярна, без просьбаў і пасрэднікаў).
Зробіць - так зробіць. Не - так не. У сістэме больш нікому гэта не цікава - яшчэ браць на сябе адказнасць і рызыкі.
Калі нешта не атрымаецца, спішуць на ініцыятыву Рамана. Калі атрымаецца (для сістэмы), мабыць, і выкарыстаюць.
На большае дазволу зверху няма.