Эрдаган заклікаў лідараў краін G20 выканаць умовы Расіі, каб аднавіць збожжавую ўгоду
Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заклікаў лідараў некаторых краін «Вялікай дваццаткі» (G20) выканаць некаторыя патрабаванні Расіі, каб аднавіць пагадненне аб вывазе ўкраінскага збожжа з чарнаморскіх партоў. Пра гэта Эрдаган казаў падчас закрытых перамоў, якія прайшлі падчас саміту G20 у Нью-Дэлі, піша «Медуза».
Тры турэцкія чыноўнікі сцвярджаюць, што Эрдаган на гэтых сустрэчах заклікаў садзейнічаць таму, каб расійскі экспарт харчавання страхавала лонданская кампанія Lloyd's, а расійскія банкі зноў падключылі да сістэмы SWIFT, ад якой іх адключылі пасля поўнамаштабнага ўварвання войскаў РФ ва Украіну.
Лідары G20 у выніковай дэкларацыі саміту ў Нью-Дэлі заклікалі да поўнага ажыццяўлення збожжавай угоды для забеспячэння паставак прадуктаў харчавання і ўгнаенняў з РФ і Украіны.
Як адзначае Bloomberg, намаганні Турцыі наўрад ці змогуць пахіснуць саюзнікаў Украіны ў ЗША і Еўропе, пры гэтым Эрдаган, мяркуючы з усяго, прыняў патрабаванні Расіі. Эрдаган не змог пераканаць Уладзіміра Пуціна вярнуцца да збожжавай угоды на перамовах, якія прайшлі ў Сочы ў пачатку верасня.
Некалькі еўрапейскіх дыпламатаў заявілі агенцтву, што ўлады Расіі раней адкінулі прапанаваны ААН кампрамісны варыянт, які прадугледжваў, што Расія адновіць збожжавую ўгоду, а наўзамен даччыную структуру дзяржаўнага Рассельгасбанка падключаць да SWIFT.
Каментары