Чаму невялікі рэгіён на Паўднёвым Каўказе на працягу дзесяцігоддзяў з'яўляецца гарачым пунктам.
Каму належаў Нагорны Карабах у старажытнасці
Тэрыторыя сучаснага Нагорнага Карабаха прыкладна адпавядае адной з 15 гістарычных правінцый Вялікай Арменіі (IV стагоддзе да нашай эры — 428 год нашай эры), якая насіла назву Арцах, што ў перакладзе з армянскай мовы азначае «лясістая краіна».
У 387 годзе Арцах перайшоў у склад Каўказскай Албаніі, якая была васалам Персіі. У Х—ХІV стагоддзях на частцы тэрыторыі Арцаха існавала армянскае княства Хачэн. У пазнейшы перыяд правінцыя была пад уладаю розных дзяржаў і народаў, але захоўвала сваю армянскую ідэнтычнасць і культуру. Пра даўніну армянскай прысутнасці на гэтых землях сведчаць сярод іншага размешчаныя на тэрыторыі Нагорнага Карабаха старажытныя хрысціянскія святыні накшталт вядомага з X стагоддзя Гандзасарскага манастыра. Праўда, азербайджанскія гісторыкі спрабуюць аспрэчыць тое, што старажытнае насельніцтва на гэтых землях было армянскім.
Назва Карабах замацавалася за тэрыторыяй ад Малога Каўказскага хрыбта да раўнін, дзе зліваюцца рэкі Кура і Аракс, у XIV стагоддзі, калі ўсход Паўднёвага Каўказа засялілі цюркскія качэўнікі.
Назва «Карабах» этымалагічна паходзіць ад цюркскага «кара» — чорны і персідскага «бах» — сад. Карабах здаўна падзяляўся на Раўнінны і Нагорны.
У XVIII—XIX стагоддзя гэты рэгіён быў арэнай барацьбы паміж Расіяй, Турцыяй і Іранам. У 1805 годзе Карабах стаў пратэктаратам Расійскай Імперыі. А пасля руска-персідскай вайны 1804—1813 гадоў ён фармальна адышоў да Расіі. У 1822 годзе расійскі ўрад распусціў Карабахскае Княства. У той час тэрыторыя Нагорнага Карабаха на 90,8% была заселеная армянамі.
Што адбывалася ў Нагорным Карабаху пасля 1917 года
Пасля рэвалюцыйных падзей у Расіі Карабах стаў часткай Закаўказскай Дэмакратычнай Федэратыўнай Рэспублікі, якая вельмі хутка распалася на армянскую, азербайджанскую і грузінскую дзяржавы.
Калі Раўнінны Карабах з 1918 года знаходзіўся ў складзе Азербайджана, то Нагорны Карабах быў спрэчнай тэрыторыяй і арэнай жорсткіх сутыкненняў, якія адбываліся ў 1918—1920 гадах паміж Першай Рэспублікай Арменіяй і Азербайджанскай Дэмакратычнай Рэспублікай.
У 1920 годзе рэгіён разам з Азербайджанам быў заняты Чырвонай арміяй. Была створана Азербайджанская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Тады яшчэ незалежная Арменія падпісала папярэдняе пагадненне з бальшавікамі, у якім пагадзілася на часовую акупацыю Нагорнага Карабаха да дасягнення канчатковага ўрэгулявання. Але на наступны год яна (як і Грузія) таксама апынулася пад уладаю бальшавікоў.
Па рашэнні Каўказскага бюро ЦК РКП(б) Нагорны Карабах застаўся ў складзе Азербайджанскай ССР. У 1923 годзе была створана Аўтаномная вобласць Нагорнага Карабаха (з 1937 года — Нагорна-Карабахская аўтаномная вобласць — НКАВ) з цэнтрам у Ханкендзі (пазней перайменаваным у Сцепанакерт). Паводле перапісу 1926 года, насельніцтва вобласці на 89,2% складалася з армянаў.
З чаго пачаўся сучасны канфлікт?
Гісторыя сучаснага канфлікту пачынаецца ў часы савецкай перабудовы, якая сярод іншага прывяла да ўзмацнення нацыянальнай актыўнасці шматлікіх народаў СССР.
У лютым 1988 года пазачарговая сесія народных дэпутатаў НКАВ звярнулася да Вярхоўных Саветаў Армянскай ССР, Азербайджанскай ССР і СССР з просьбай разгледзець і станоўча вырашыць пытанне аб перадачы НКАВ са складу Азербайджана ў склад Арменіі. Партыйнае і дзяржаўнае кіраўніцтва СССР і Азербайджана гэты зварот не падтрымала. Вярхоўны Савет Армянскай ССР у чэрвені 1988 года даў сваю згоду.
Улетку і ўвосень 1988 года пачасціліся выпадкі гвалту ў НКАВ, расла колькасць бежанцаў. У лістападзе — снежні 1988 года ў Азербайджане і Арменіі адбыліся масавыя пагромы, якія суправаджаліся гвалтам і забойствамі мірнага насельніцтва. Гэта прывяло да ўзнікнення сотняў тысяч бежанцаў з тэрыторыі як Азербайджана, так і Арменіі.
Да пачатку 1989 года Арменію былі вымушаныя пакінуць амаль усе азербайджанцы. У сваю чаргу, амаль усе армяне пакінулі сельскія раёны Азербайджана (акрамя тэрыторыі НКАВ).
Савецкія ўлады спрабавалі спыніць канфлікт. Былі арыштаваныя прадстаўнікі нацыянальных рухаў у Карабаху, Арменіі і Азербайджане. Але гэта прывяло толькі да эскалацыі канфлікту. У студзені 1989 года ў Арменіі і НКАВ было ўведзена надзвычайнае становішча.
У пачатку студзеня 1990 года пачаліся ўзаемныя артылерыйскія абстрэлы на армяна-азербайджанскай мяжы. У тым жа месяцы адбыліся армянскія пагромы ў Баку. У горад увялі войскі.
Першая карабахская вайна
У верасні 1991 года на тэрыторыі НКАВ і Шаўмянскага раёна Азербайджана была абвешчана Нагорна-Карабахская Рэспубліка (Рэспубліка Арцах), якая засталася нікім не прызнанай.
З развалам СССР канфлікт выйшаў у актыўную фазу і ўвайшоў у гісторыю пад назвай першая карабахская вайна. Асабліва лютыя баі ішлі ў 1992—1993 гадах. Некаторыя эпізоды канфліктаў таго часу падпадаюць пад азначэнне ваенных злачынстваў. За час вайны з абодвух бакоў загінула каля 30 тысяч чалавек, больш за мільён сталі бежанцамі.
Для вырашэння канфлікту ў сакавіку 1992 года на канферэнцыі Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе (АБСЕ) у Мінску была створана так званая Мінская група АБСЕ пры сустаршынстве Расіі, ЗША і Францыі.
Вайна скончылася падпісаннем «Бішкекскага пратакола» паміж Арменіяй, Азербайджанам і Нагорна-Карабахскай Рэспублікай. На яго падставе 12 мая 1994 года бакі спынілі агонь.
Дэ-факта была прызнана незалежнасць Нагорна-Карабахскай Рэспублікі ад Азербайджана, а канфлікт перайшоў у стадыю замарожанага. Пасля вайны пад кантролем Народна-Карабахскай Рэспублікі заставалася, акрамя большай часткі ўласна былой НКАВ, яшчэ сем раёнаў Азербайджана, так званы «пояс бяспекі Нагорнага Карабаха».
У 2001 годзе бакі канфлікту былі блізкія да падпісання мірнай дамовы. Для гэтага ў амерыканскім курортным горадзе Кі-Уэст сустрэліся прэзідэнты Азербайджана і Арменіі. Але ў апошні момант падпісанне сарвалася.
На лініі падзелу рэгулярна адбываліся лакальныя баі з удзелам дыверсійных груп, дронаў, вяліся перастрэлкі. Найбольш сурʼёзнае сутыкненне адбылося ў 2016 годзе, калі на працягу чатырох дзён з абодвух бакоў загінулі дзясяткі вайскоўцаў.
Канфлікт 2020 года
У 2020-м годзе канфлікт паміж Азербайджанам і Арменіяй перайшоў у актыўную стадыю. Абодва бакі абвінавацілі адзін аднаго ў парушэнні перамірʼя. Азербайджан пачаў наступ з выкарыстаннем танкаў, артылерыі, беспілотнікаў і ракет. Арменія і Нагорны Карабах аказвалі супраціўленне з дапамогай сваіх сіл абароны.
У ходзе баявых дзеянняў Азербайджан, які да таго часу значна нарасціў сваю вайсковую магутнасць і атрымаў непасрэдную падтрымку Турцыі, здолеў адваяваць большую частку страчаных тэрыторый, уключаючы ўсе тэрыторыі «пояса бяспекі» і стратэгічна важны горад Шуша.
Узброены канфлікт (яго яшчэ называюць другой карабахскай вайной) працягваўся з 27 верасня па 10 лістапада 2020 года і прывёў да вялікай колькасці ахвяр з абодвух бакоў, а таксама да разбурэння інфраструктуры і культурных помнікаў. Па даных Міжнароднага Чырвонага Крыжа, каля 90 тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы.
Лачынскі калідор
Спецыфіку сітуацыі дадавала тое, што межы Нагорна-Карабахскай аўтаномнай вобласці былі праведзеныя так, што яна не мела непасрэднай мяжы з Арменіяй.
Адзіны сухапутны шлях, які злучае Арменію з Нагорным Карабахам, — гэта шасцікіламетровы Лачынскі калідор, які пралягае ў гарах. З мая 1992 па лістапад 2020 года ён знаходзіўся пад кантролем Нагорнага Карабаха. Пасля ваеннага канфлікту 2020 года туды былі перакінуты міратворчыя сілы Расіі.
У снежні 2022 года Лачынскі калідор заблакавалі азербайджанскія актывісты, а 23 красавіка 2023 года на ўездзе ў яго азербайджанскія сілы арганізавалі блокпост.
15 чэрвеня гэтага года ў час перастрэлкі на блокпасту быў паранены азербайджанскі салдат. Пасля гэтага Азербайджан поўнасцю закрыў уезд у Карабах любому транспарту, акрамя машын хуткай дапамогі.
Блакада прывяла да гуманітарнага крызісу для насельніцтва Нагорнага Карабаха.
Што адбываецца цяпер
У маі гэтага года прэмʼер-міністр Арменіі Нікол Пашынян па выніках армяна-азербайджанскіх перамоў, якія прайшлі пры пасярэдніцтве ЗША ў Вашынгтоне, заявіў, што Арменія прызнае Нагорны Карабах часткай Азербайджана пры ўмове гарантый бяспекі для армянскага насельніцтва.
12 верасня Уладзімір Пуцін — кіраўнік краіны, на падтрымку якой заўсёды разлічвала Арменія, — заявіў, што «калі Арменія прызнала Карабах часткай Азербайджана», то Расіі тут «сказаць няма чаго».
15 чэрвеня 2023 года Азербайджан узмацніў блакаду Нагорнага Карабаха, а 19 верасня пачаў ваенную аперацыю. У выніку былі выведзеныя з ладу сродкі супрацьпаветранай абароны, што дало магчымасць Азербайджану атрымаць поўны кантроль над паветранай прасторай. 20 верасня Нагорны Карабах прыняў рашэнне аб капітуляцыі.
Чытайце яшчэ:
Нагорны Карабах прыняў рашэнне аб капітуляцыі
«Гэта вельмі ўразлівая мадэль». Пашынян заявіў, што Арменія больш не можа спадзявацца на Расію
Пуцін: Калі Арменія прызнала, што Карабах — частка Азербайджана, то пра што размова?
Каментары
мае (муж і сын) учора ледзь не падраліся на тэму Нагорнага Карабаха
ну проста... абодва цікавяцца гісторыяй... сын нават на гісторыка пайсці хацеў... удзельнічаў у алімпіадах па гісторыі... і ўсё такое... не суць
"падраліся" - гэта канечне мастацкае перабольшванне) але спрэчка гарачая была) прыйшлося мне іх крыху нават разводзіць)
вот откуда эта информация
про "великую Армению" ? армяне рассказали? еше про то,что все произошли
от армян напишите.