Грамадства55

«Ці не краў я?» Як айцішнікі праходзяць паліграф дзеля працы

Выданне Dev.by пагутарыла са сваімі чытачамі, якім давялося праходзіць паліграф.

Гісторыя 1. Сумоўе ў ІТ

«Гэта ж фінтэх! Няможна дапусціць да працы чалавека з «брудным» мінулым!»

technical support і dealer ў фінтэх-кампаніі, Харватыя (з рэлакейтам)

— Каб атрымаць офер, трэба было паспяхова прайсці 5 этапаў сумоўяў, самы апошні — паліграф, пра што папярэдзілі загадзя. 

Тэсціраванне я праходзіў у Мінску на Талбухіна, 2. Кампанія разглядала кандыдатаў з усяго СНД і, як я зразумеў, паўсюль мела кантакты з паліграфолагамі. 

Мне трэба было ў канкрэтны дзень падысці да гадзіннікавага завода «Луч» — і патэлефанаваць чалавеку, які забраў бы мяне і правёў у офіс. Памяшканне, у якім праводзілася выпрабаванне, складалася з двух невялікіх пакояў. У першым — стол, два крэслы і камп’ютар з датчыкамі, у другі ніхто не заходзіў і не выходзіў, мне здалося, там мае захоўвацца абсталяванне.

У мяне не было досведу праходжання паліграфа, на жаль. Каб ведаў загадзя, якія пытанні мне зададуць, я б падрыхтаваўся, пракруціў у галаве адказы — і вынік быў бы іншым. 

Растлумачу, чаму так думаю: перад тэсціраваннем паліграфолаг сказаў, што на першым этапе ён некалькі разоў назаве 5 выпадковых мужчынскіх імёнаў — у рознай паслядоўнасці і ў розных пытаннях. Ніводнае з іх не выклікала ў мяне асацыяцый. Але я вырашыў паставіць свой эксперымент, абраў імя Сямён — і стаў уяўляць, што добра ведаю гэтага хлопца, нафантазіраваў нейкія сітуацыі з ім з мінулага.

У выніку па завяршэнні гэтага этапу спецыяліст спытаў, ці дакладна я не ведаю ніякага Сямёна: «Я бачу, што гэтае імя вылучаецца сярод астатніх». Так я зразумеў, што паліграф не правярае цябе на хлусню, ён фіксуе усплёскі тваіх эмоцый — і ўсё.

У ходзе наступнага этапу тэсціравання ў мяне пыталіся:

  • ці краў я на працы — адказ: «Не», паліграф не зафіксаваў эмоцый;

  • ці не было ў мяне праблем з алкаголем — тут быў усплёск. Я не п’ю наогул, але ў мяне выпіваў бацька і, адказваючы на пытанне, я міжволі згадаў пра яго; 

  • было ў спісе таксама пытанне пра наркотыкі. Я адказаў, што ніколі такім не балаваўся — і гэта праўда, — але, калі працаваў у ЗША, меў прыяцеляў, якія палілі траўку. Я ведаю яе пах — ён тут жа паўстаў у маёй галаве.

Гэтыя пытанні задаваліся зноў і зноў, у рознай паслядоўнасці і варыяцыях. Наконт рэзюмэ пытанняў не было.

Праз 40-50 хвілін тэсціраванне завяршылася. Пры канцы, калі я літаральна стаяў у дзвярах, спецыяліст раптам спытаў, чаму я так, а не інакш адрэагаваў на пытанні пра наркотыкі і алкаголь. Вельмі хутка — пэўна, каб я разгубіўся і не паспеў абдумаць адказы і сказаў праўду.

Наогул мне падалося, што мой паліграфолаг працаваў ці неяк інакш быў звязаны з сілавымі структурамі. Падключаючы датчыкі, ён сказаў, што такі ж апарат выкарыстоўваецца ў КДБ. А яшчэ, калі гаворка зайшла аб пратэстах (не ў часе тэсціравання, а да яго), ён сказаў, што «ўсё гэта падстроіў Захад».

Праз дзень эйчарка паведаміла мне, што паліграф я не прайшоў. Паводле яе слоў, я не адзін такі — яшчэ адзін кандыдат зрэзаўся ў той жа дзень. Калі шчыра, было вельмі крыўдна, што я не падышоў: выходзіла так, быццам бы я чалавек з благімі схільнасцямі, хаця гэта няпраўда.

Навошта наогул трэба было праходзіць паліграф — як патлумачылі мне ў кампаніі, калі б я супрацоўнікам, атрымаў бы доступ да кліенцкай базы і ўсёй унутранай інфармацыі. Няможна было дапусціць да яе чалавека з «брудным» мінулым. Гэта ж фінтэх! 

Калі ў будучыні мне прапануюць яшчэ раз прайсці паліграф, каб атрымаць офер, я пайду: мне здаецца, я цяпер ведаю, як паводзіцца на тэсціраванні, каб дабіцца поспеху.

Гісторыя 2. Сумоўе не ў ІТ

«Але што можа скрасці, напрыклад, тэсціроўшчык або офіс-менеджар?»

кіраўнік групы распрацоўкі ў вытворчай кампаніі (не ІТ), Беларусь

— На першым жа сумоўі папярэдзілі, што давядзецца прайсці паліграф.

У кампаніі ёсць штатны спецыяліст-паліграфолаг, і паліграф праходзяць усе супрацоўнікі, нават тыя, што не нясуць матэрыяльнай адказнасці.

У мяне гэта быў першы досвед, падчас выпрабавання я не хваляваўся, але было вельмі цікава. 

Усё праходзіла прыкладна як у фільмах: пасадзілі ў фатэль, падключылі кучу правадоў і датчыкаў, якія рэгіструюць дыханне, пульс, электраправоднасць скуры. Да фатэля таксама падвялі датчыкі, якія рэгіструюць зрушэнне. 

Спачатку задавалі стандартныя пытанні, каб вызначыць узровень рэакцыі: «Вас завуць Алена?», «У вас 5 пальцаў?» Потым ужо пыталіся:

  • ці не краў я на папярэдніх месцах працы;

  • ці не падаслалі мяне канкурэнты;

  • ці не схлусіў я ў сваім рэзюмэ;

  • ці пазначыў усю праўду пра сваю адукацыю;

  • ці не прымаю я наркотыкі;

  • ці не злоўжываю алкаголем. 

Спецыяліст адразу папярэдзіў, што методыка недакладная — розныя ўспаміны і асацыяцыі могуць уплываць на рэакцыю. Напрыклад, пытанне аб наяўнасці судзімасці часта выклікае нядобрыя асацыяцыі, нават калі цябе не судзілі, — датчыкі гэта фіксуюць.

Пасля некаторых адказаў паліграфолаг пытаўся, якія думкі прыйшлі мне да галавы, калі ён агучыў пытанне. 

Тэсціраванне доўжылася прыкладна гадзіну. З іх паўгадзіны, пэўна, сышло на падрыхтоўку і размовы, яшчэ паўгадзіны — уласна на сам паліграф. Падчас выпрабавання я часам не мог утрымацца ад смеху: аж вельмі пацешныя пытанні.

Пра тое, што я ў выніку прайшоў гэты этап і магу пераходзіць на наступны, мне паведамілі праз 2-3 дні (без аніякіх дэталяў). На ўсе сумоўі спатрэбіўся месяц. А далей я атрымаў офер, і цяпер працую ў гэтай самай кампаніі.

На пытанне, навошта наогул патрэбная такая праверка на ўсю кампанію і яе падраздзяленні, я не магу адказаць. Магчыма, таму, што на вытворчасці шмат дарагой сыравіны і прадукцыі, якую можна скрасці.

Але што можа скрасці, напрыклад, тэсціроўшчык або офіс-менеджар? Сашчэпкі?

Дарэчы, падчас тэсціравання я размаўляў з паліграфолагам на тэму, як падманваюць паліграф. І ён расказаў, што, бывае, людзі прыходзяць з канцылярскай кнопкай у абутку і ціснуць на яе, каб зрабіць сабе балюча і заблытаць датчыкі на пытаннях, дзе можа ўсплыць нязручная праўда. Але паліграфолаг дасведчаны — і такія сігналы адрознівае.

Каментары5

  • Вероятный
    06.10.2023
    Ні дай, Божа, гэтак згаладацца. 
  • mikola
    06.10.2023
    Dobra Prydumali ! Ja prahodziu *Paligraf* na Zahadze...Ih zdivila sto ja pra *geta* vedaiu. Ja supakoiu ih- usio praczytau u knizkah...
  • Беларус
    06.10.2023
    Бежать от таких компаний

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?2

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?

Усе навіны →
Усе навіны

Адкуль узяўся «кулямёт з феерверкаў» на пратэстах у Грузіі?8

Прызначылі кіраўнікоў трох буйных кампаній1

Былы сакратар патрыярха Маскоўскага: Кірыл лічыць сябе важнейшым за Пуціна13

Міністра па падатках адправілі ў Магілёў на новую пасаду

Міністрам культуры прызначаны артыст Руслан Чарнецкі15

Чыноўнікі ў Гомельскай вобласці запатрабавалі адключыць тэлевізары ў арганізацыях і прадпрыемствах ад інтэрнэту1

У Беларусі пачалося абмеркаванне праекта Кодэкса аб ахове здароўя2

Сёння даляр патаннеў амаль на чатыры капейкі2

Беларуса, якога затрымалі на пратэстах у Грузіі, вызвалілі з СІЗА2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?2

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?

Галоўнае
Усе навіны →